Пошук

Каляндар

 

Казанне Высокадастойнага Архібіскупа Кірыла падчас Боскай Літургіі ў Івацэвічах  


Казанне Высокадастойнага Архібіскупа Кірыла падчас Боскай Літургіі ў ІвацэвічахХРЫСТОС УВАСКРОС!

Ваша Эксцэленцыя Апостальскі Нунцый, мансеньёр Гуджэроцці, дастойны Апостальскі Візітатар Архімандрыт Сяргей (Гаек), дарагія святары, браты і сёстры, асабліва вернікі парафій Івацэвічы і Баранавічы, паважаныя прадстаўнікі свецкіх уладаў, дарагія вернікі і пілігрымы абодвух абрадаў.

Мы сабраліся тут сёння, каб успомніць падзеі і асобы мінулага, але кожны успамін стаецца таксама магчымасцю лепш зразумець наш цяперашні час і каб планаваць нашую будучыню.

Непасрэдная нагода (гэтай сустрэчы) ёсць успамін сведчання веры Апостальскага Екзарха Беларусі, айца Антона Неманцэвіча (Таварыства Ісусава), які 70 гадоў таму, арыштаваны гестапаўцамі, стаў на шлях мучаніцтва, шлях найвышэйшага сведчання вернасці Госпаду і народу Божаму, на служэнне якому паклаў усё сваё жыццё. Ягоны крыжовы шлях быў з’яднаны з крыжовым шляхам ягонага народу, засуджанаму на пераследаванне, на цярпенне, на знішчэнне. Успамін айца Антона Неманцэвіча нагадвае нам пра шматлікія іншыя ахвяры вайны, блізкага тут Палесся, Слоніма, але таксама іншых рэгіёнаў гэтай любай краіны Беларусі, урэшце ўсіх ахвяр Другой Сусветнай вайны, ўсіх нявінных ахвяр усіх войнаў у гісторыі чалавецтва. Кожная вайна ёсць вайна братабойчая, бо брат забівае брата, таму што мы ўсе маем Адзінага Айца, Бога, у якім мы ўсе браты. Калі войны ад часоў Каіна аж да сёння на жаль яшчэ існуюць, гэта магчыма толькі таму, што мы забываем гэту вялікую праўду, таму што хочам выштурнуць Бога з нашага жыцця, са свету нашых каштоўнасцяў, і нашых рашэнняў. Калі наадварот мы жадаем сапраўды жыць у свеце без войнаў, мусім зрабіць усё, каб паставіць Бога на першае месца ў сэрцы людзей – і такім чынам, гледзячы на Яго, на вобраз Ягонага Адзінароднага Сына, зможам вызнаваць, што ў Хрысце кожны чалавек ёсць маім братам.

У нашай візантыйскай літургіі, успамінаючы памерлых, звычайна спяваем ім “Вечная памяць”. Але ў пасхальным часе, у якім мы знаходзімся, гэты спеў замяняецца іншым: “Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцце дараваў”.

Абодвы гэтыя спевы маюць моцны духоўны і эмацыйны зарад і глыбокае пасланне. Кардынал Тамаш Шпідлік, вялікі знаўца усходняй хрысціянскай духоўнасці, на сваіх лекцыях у Папскім Усходнім Інстытуце (у месцы, дзе вучыўся таксама наш айцец Антон Неманцэвіч) так тлумачыў словы “Вечная памяць”. Ці рэальна для нас, людзей абмежаваных часам, зычыць “вечную” рэч. Ці мы здольныя гарантаваць вечную памяць? Калі будзем шчырымі, мусім вызнаць што чалавечая памяць мала-памалу слабее, памяць нашых блізкіх – наколькі пра нас могуць памятаць дзеці, унукі і іншыя нашчадкі - пачынае марнець. Асобу могуць памятаць праз доўгі час, магчыма нават сто год, магчыма нават тысячу гадоў - але пазней ідзецца збольшага пра успамін сімвалічны, пасланне, успамін духоўнае спадчыны, але часта пазбаўлены ўжо той цеплыні і чалавечага вымярэння, якім ахінаем нашых блізкіх, якіх мы ведалі непасрэдна. І хто можа гарантаваць, што сапраўды чалавека будуць памятаць – хто з нас можа гарантаваць будучыню?

Вось жа, што азначае жадаць некаму “Вечная памяць”? Вечны ёсць толькі Бог. У Ім прысутныя і жывыя ўсе часы, усе падзеі, усе асобы. У Ім, які ёсць найвышэйшым дабром, спаўняецца і ацэньваецца кожнае дабро, зробленае намі ў жыцці - гэтае дабро нашых учынкаў не будзе змарнавана нашай чалавечай немаччу, нашай няўдачай, не будзе змарнавана плынам часу, не будзе змарнавана грахом, не будзе знішчана нават смерцю. Памяць Божая – гэта месца, дзе збярэжаныя і захаваныя ўсе нашыя ўчынкі. Таму жадаць “Вечную памяць”, азначае выражаць веру і жаданне, каб жыццё нашых блізкіх было сапраўды “вечным”, паколькі яно з’яднана з Богам. Толькі Ён можа гарантаваць вечнасць.

Чалавечая гісторыя бачыла, як мінаюць імперыі, сістэмы і рэжымы, якія абвяшчаліся “вечнымі”, і ад якіх сёння засталіся толькі згадкі ў кнігах па гісторыі. Фараоны пабудавалі піраміды, каб іх памяталі, і іхнія імёны ведаюць сёння толькі спецыялісты. Войскі вандалаў, гунаў, авараў перасяклі цэлую Еўропу – але іх імя захавалась толькі як сінонім знішчэння. Нацысцкі “Трэці Рэйх” абвяшчаў сябе “тысячалетнім” і на працягу 12 год свайго існавання прынёс кроў і знішчэнне вялікай частцы свету, але ўрэшце ён упаў, наследуючы лёс усіх рэжымаў, што хацелі паставіць на месца Бога чалавека, расу, або ідэю.

Нашы браты і сёстры, ахвяры вайны, пераследавання, знішчэння – нягледзячы на фізічную смерць спрычыненую ім, часта ў жорсткі і бесчалавечны спосаб, – ёсць жывыя. Ёсць жывыя не толькі таму, што жывыя ў нашай памяці, у памяці іхніх пераемнікаў і нашчадкаў, але таму што жывыя ў памяці Божай, з якой не прападае нічога.

Вось гэты сімвал паразы і знішчэння – смерць – стае сімвалам перамогі. Не дзеля заслуг або дзеля чалавечае сілы, але сілаю гістарычнае падзеі, якая перамяніла гісторыю чалавецтва, дзякуючы Уваскрасенню Хрыстоваму. “Хрістос воскресе із мертвых смертію смерть поправ і сушчім во гробех жівот даровал”. Хрыстос перамог смерць сваёй уласнай смерцю. Крыж, знак паразы, стаў знакам перамогі. Інструмент смерці стаў інструментам жыцця.

Успамінаючы жыццё і дзейнасць айца Антона Неманцэвіча, нехта можа сказаць, што ідэя ягонага пасланніцтва, здаецца, не развіваецца. Здаецца, што ягонае жаданне вярнуць Еднасць Царкве, таксама ў Беларусі, у сэрцы беларускага народу, не дало чаканых пладоў, здаецца, што ідэя, якую ён і шматлікія падобныя да яго “ідэалісты”, як ён, прадстаўлялі і прапагавалі, ёсць сёння адкінутая, забытая, нераспаўсюджаная! Як мы павінны рэагаваць на гэту канстатацыю гэтае відавочнасці, як не загубіць энтузіязму і надзеі?

Каб не загубіць адвагі і энтузіязму мусім павярнуцца зноў да гісторыі. Праз некалькі дзён мы будзем святкаваць памяць святых апосталаў славянскіх Кірылы і Мятода. У парафіі Баранавічаў гэты успамін святкуецца як парафіяльнае свята. Гэтыя святыя браты пакінулі багацце сваёй сям’і, пакінулі жыццё сярод бляску візантыйскага імператарскага двору – усё гэта, каб служыць Богу, каб абвяшчаць славянскім народам Хрыста. Іхняя місія суправаджалася нечаканымі поспехамі і цяжкімі паразамі. У свеце, падзеленым паміж сферамі уплыву дзвюх вялікіх імперый – Франка-Германскай, спадкаемцам старажытнага Рыму, і Візантыйскай, Новага Рыму, Канстантынопалю, - яны былі аднолькава блізкія да абодвух гэтых сталіц, даючы жыццё эксперыменту, які адкрыў кругагляд славянскім народам. Яны далі славянам, нашым продкам, пісьменнасць, культуру, закон. Яны паказалі шлях стаць народамі моцнымі, незалежнымі, якія могуць адчуваць сябе на роўных са сваімі суседзямі – без этнічных або культурных комплексаў. З духоўнага пункту погляду яны жадалі з’яднаць гэтыя народы з Рымскім Пасадам, захоўваючы аднак духоўную і літургічную сувязь з Канстантынопалем. Які вялікі ідэал – якія вялікія перспектывы! Але як шмат ім давялося пацярпець, каб зрушыць яго наперад. Святы Мятод, прызначаны Папам у якасці папскага легата для славянскіх народаў, быў увязнены сваімі са-братамі, франкскімі біскупамі. Вучні Мятода пасля ягонай смерці былі выгнаныя з Вялікай Маравіі – і ў гэтых землях упрадоўж цэлых стагоддзяў імя Кірылы і Мятода было амаль забыта. Ідэал аднолькавай годнасці ўсіх народаў на працягу стагоддзяў быў зняважаны – падпарадкоўваючы адзін народ другому, дазваляючы аднаму народу гаспадарыць над іншым. Ідэал духоўнай еднасці, сапрычасця ўсіх хрысціянаў у Царкве “адзінай, святой, паўсюднай і апостальскай”, пад провадам намесніка Пятра, як вышэйшага гаранта сапрычасця ў веры – таксама гэты ідэал цяжка цярпеў праз падзелы, што ўпрадоўж другога тысячагоддзя ранілі Царкву – па віне людзей з усіх бакоў.

Нехта можа сказаць, што місія святых Кірылы і Мятода перажыла правал, няўдачу – таксама як ідэя еднасці Цэркваў, ідэя, якая знайшла сваю гістарычную форму і выражэнне ўласна на беларускіх землях больш чым чатыры стагоддзі таму. Але Госпад ёсць Госпадам гісторыі. Ён не вымярае час нашымі чалавечымі меркамі. Крытэрыі, якія ён выбірае, каб штурхаць наперад гісторыю, не адпавядаюць чалавечым крытэрыям. Сёння, святыя Кірыл і Мятод вызнаюцца прасветнікамі, носьбітамі культуры і годнасці. Яны, праз доўгія стагоддзі забытыя ў заходнім свеце, сёння ўшаноўваюцца як патроны Эўропы. Іхні ідэал успамінаецца сёння як яскравы прыклад для экуменічнага поступу, які імкнецца загаіць раны раздзялення. Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква з гонарам можа адчуваць сябе моцна звязанай з гэтым іх пасланнніцтвам і гэтым іх ідэалам. І нават калі адчувае сябе невялікай, магчыма як тая, якую мала бяруць да ўвагі, мала каштоўнай, або і наўпрост забытай і недаацэненай – жыве сваёй верай з даверам, уласцівым святым Кірылу і Мятоду, шматлікім мучанікам і вызнаўцам веры мінулых стагоддзяў, -- айцу Антону Неманцэвічу і шматлікім іншым беларусам, што ахвяравалі свае жыцці ў надзеі пабачыць у свеце, пазначаным войнамі, перамогу міра, у раздзеленым хрысціянстве – еднасць паміж хрысціянамі, у чалавецтве, падзеленым праз шматлікія прычыны – мірнае суіснаванне паміж усімі людзьмі.
Беларуская Царква, асабліва Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква ёсць невялікая і пакорная. Але ўласна праз гэта яна можа прысвоіць сабе словы Марыі у ейным спеве Магніфікат: “Госпад паглянуў на пакорнасць служкі сваёй”, і “...скінуў моцных з пасадаў і ўзнёс пакорных”.

У свеце вялікіх і моцных мы пакліканы разам з Марыяй, Маці Божай, абвяшчаць моц маленькіх, прыніжаных, непрызнаных. “Усе пакаленні” называюць блаславёнай гэтую малую служку Госпада. Маці Божая узвялічваецца і называецца блаславёнай таксама на гэтых землях, са шматлікімі тытуламі, пад рознымі імёнамі, што памятаюць і прыклікаюць Яе як Заступніцу. Асабліва ўспамінаем Яе як Маці Божую Жыровіцкую, праз Ейную ікону так глыбока шанаваную ў беларускім народзе.

Маці Божая у сваёй пакорнасці нясе свету Збаўленне, Свайго Сына – Сына Божага.

Беларуская Царква у сваёй нязначнасці і пакорнасці паклікана споўніць тую самую вялікую справу: данесці да гэтага свету, да людзей спрагненых надзей, да людзей прыгнечаных і пакінутых вялікімі сістэмамі і вялікімі ідэалогіямі, голас Сына Божага, голас надзеі.

Адкуль маем такую пэўнасць? Адкуль паходзіць наша надзея перад абліччам знешняй паразы, перад абліччам мучаніцтва, перад абліччам пакінутасці? Яна паходзіць з глыбокай праўды, якую абвяшчаем штораз нашым спевам: “Хрыстос ўваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў і тым што ў магілах жыццё дараваў”.



Фота Паўла Кандрусевіча

8.05.2012

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier