Пошук

Каляндар

 

Хвалюючыя хвіліны абвяшчэння новага ардынарыя Пінскай дыяцэзіі  


Хвалюючыя хвіліны абвяшчэння новага ардынарыя Пінскай дыяцэзііУ радасны час Велікоднага перыяду ў пінскай катэдры 3 мая 2012 г. Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці абвясціў волю папы Бэнэдыкта XVI аб прызначэнні ардынарыем Пінскай дыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янкі.

А 13 гадзіне касцёл быў перапоўнены шматлікімі святарамі, законнымі сёстрамі і вернікамі.

Абвяшчаючы намінацыю, арцыбіскуп Гуджэроцці адзначыў, што гэта вялікая падзея не толькі для жыхароў Пінска і Пінскай дыяцэзіі, але для паўсюднага Касцёла. Апостальскі нунцый прыгадаў і нялёгкі жыццёвы шлях новапрызначанага ардынарыя: складаныя часы, навучанне ў падпольнай духоўнай семінарыі. Па словах прадстаўніка Папы, прызначэнне біскупам Пінскім Антонія Дзям’янкі, чалавека малітвы і актыўнага душпастыра, які не ведае адпачынку, — гэта «знак вялікага даверу Касцёла».

Напрыканцы прамовы нунцый падзякаваў арцыбіскупу Кандрусевічу за 10 месяцаў яго служэння як Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі, за ахвярную і адданую службу на карысць паўсюднага Касцёла.

Апостальскі нунцый падзякаваў і дапаможнаму біскупу Пінскай дыяцэзіі Казіміру Велікасельцу за яго важную паслугу, якая адзначаецца вялікай тактоўнасцю і спакоем.

Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў усіх быць паслухмянымі Богу і свайму новаму біскупу, заклікаў прыняць яго як «спраўднага айца».

Надышоў час прамовіць і новапрызначанаму ардынарыю. Вельмі ўзрушаны біскуп Антоні падзякаваў Богу і сваім бацькам за дар жыцця, Бэнэдыкту XVI — за давер і даручэнне яму Пінскай дыяцэзіі.

У гэты ж дзень адбылася ўрачыстая Імша, падчас якой супольнасць дзякавала Богу за новага пастыра. Узначаліў літургію арцыбіскуп Гуджэроцці. У гаміліі іерарх звярнуў увагу на тое, што кожны чалавек павінен ісці да праўды і жыцця. «Аднак, калі мы не можам адрозніць, дзе праўда, дзе жыццё, нам застаецца толькі прытуліцца да таго, хто нас прывядзе да праўды і жыцця, — навучаў Апостальскі нунцый, а затым звярнуўся да новага ардынарыя. — Памятай, пойдуць за табой, каб дайсці да праўды — Хрыста».

Кс. Юрый Марціновіч, паводле Catholic.by

4.05.2012

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier