Пошук

Каляндар

 

ПАЧАТАК ПАРАФІІ СЬВЯТОГА ЯЗЭПА  


Парафія сьв. Язэпа была заснавана ў 1990 годзе як Менская грэка-каталіцкая абшчына і сталася пераемніцай грэка-каталіцкіх парафіяў Менска, зьнішчаных у ХІХ ст. На пачатку хацелася б сказаць пра першага душпастыра парафіі а. Яна Матусевіча.

Айцец Ян Матусевіч быў вельмі жвавым, дабрадушным і вясёлым чалавекам. Ён нарадзіўся ў 1948 годзе ў в. Коменка Менскай вобласьці, быў ахрышчаны ў дзяцінстве ва ўсходнім абрадзе. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце на рэжысерскім аддзяленьні, пасьля працаваў у Палацах культуры Менска. Марыў пра сьвятарства, што ў тыя часы было не так лёгка ажыцьцявіць. На параду свайго духоўніка ксяндза Яна Такарскага вырашае паступіць у Праваслаўную духоўную сэмінарыю ў Смаленску. Пасьля заканчэньня сэмінарыі на працягу пяці гадоў служыў на прыходах Смаленска і Менска. Прага еднасьці, жаданьне служыць у Адзінай Паўсюднай Царкве прыводзіць айца Яна ў Польшчу, дзе ён вызнае Каталіцкую веру і экстэрнам залічае курс каталіцкай сэмінарыі. З канца 1979 г. ён пробашч рыма-каталіцкай парафіі ў вёсцы Баруны, Ашмянскага р-на. Гэта значная падзея ў жыцьці айца Яна, бо ж Баруны – гэта адзін з гістарычных грэка-каталіцкіх цэнтраў на Беларусі. Вялікі будынак былога кляштару айцоў-базыльянаў, сам касьцёл – гэта былая грэка-каталіцкая царква, а ў храме – уніяцкі цудатворны абраз Маці Божай Барунскай. Штодзённая малітва перад гэтым абразом, таксама пастаянная сувязь з айцамі-базыльянамі з Украіны, якія тады былі ў падпольлі і тайна адведвалі айца Яна, паездка 1988 годзе ў Лондан у Беларускую місію разам з айцом Уладыславам Чарняўскім, дзе адпраўлялі Службу Божую ў Мар’янхауз ва ўсходняй царкве Пятра і Паўла, – усё гэта дало свае вынікі. З 1988 года айцец пачынае адпраўляць па-беларуску, Баруны становяцца месцам паломніцтваў інтэлігенцыі з усёй Беларусі. Маладыя людзі, якія не былі ахрышчаны ў дзяцінстве, жадаюць прыняць Хрост менавіта ў айца Яна Матусевіча, і менавіта тады, з 1988 па 1990 год, у Барунах адбываюцца хросты ва ўсходнім абрадзе. 12 лістапада 1989 году ўніяцкая моладзь і інтэлігенцыя прысутнічаюць на сьвяце Сьвятога Язафата ў Барунах. Хоць службу айцец Ян адпраўляў у лацінскім абрадзе, можна лічыць гэту падзею першай акцыяй уніятаў Менску. Натхняльнікам моладзі зьяўляўся адзін з нямногіх аўтарытэтаў для маладога адраджэнскага пакаленьня Міхал Тодаравіч Дубянецкі.

Напрыканцы 1989 – на пачатку 1990 году група моладзі пачала працу над першым паваенным грэка-каталіцкім часопісам “Унія”. Асноўны касьцяк групы складалі Сяржук Абламейка, Ірына Дубянецкая, Караліна Мацкевіч і інш. Таксама закладаецца суполка “Унія”, пазьней, у ліпені яна будзе зарэгістравана як калектыўная суполка Таварыства Беларускай Мовы. Старшынёй суполкі (якая ставіць на мэце між іншым папулярызацыю Унійнай ідэі сярод беларусаў) абрана Ірына Дубянецкая. 10 – 16 сакавіка у Беларусь прыязджае айцец Аляксандр Надсан з дабрачынным грузам для дзетак з Гомельшчыны. Ён сустракаецца з групай моладзі, якая называе сябе суполкай “Унія”. Гэта сустрэча, якая адбывалася на кватэры Сяржука Абламейкі была вызначнай, маладыя людзі зразумелі – яны не адны, у асобе айца Аляксандра яны маюць пераемнасьць ад нашых вялікіх айцоў: біскупа Чэслава Сіповіча, архімандрыта Льва Гарошкі, айца Язэпа Германовіча і іншых, іншых…

У нядзелю 11 сакавіка айцец Аляксандр адслужыў у касьцёле Падвышэньня Крыжа на Кальварыі Сьвятую Літургію Яна Златавуснага, якая сталася першай непадпольнай грэка-каталіцкай літургіяй у паваеннай Беларусі. У жніўні ў Доме літаратара адбываецца прэзентацыя першага нумару часопіса “Унія”, заснавальнікам якога выступае Сяржук Абламейка, а галоўным рэдактарам Ірына Дубянецкая. Яны ж разам з Каралінай Мацкевіч пішуць асноўныя артыкулы нумара. На прэзентацыі сярод пачэсных гасьцей Апостальскі Візітатар для беларусаў замежжа Мітрафорны протаярэй айцец Аляксандр Надсан і айцец Ян Матусевіч, сваё Блаславеньне і прывітаньне тэлеграмай даслаў Мітрапаліт Львоўскі і Галіцкі Ўладзімір Стэрнюк. Моладзь паказвае тэатралізаванае дзейства, свае творы сьпявае бард Алесь Камоцкі.

Трэба сказаць пра яшчэ адну вызначную сустрэчу менскай моладзі, якая адбылася на кватэры Сяржука Абламейкі – спатканьне з айцом Сяргеем Гаекам. Айцец Сяргей – марыянін, таксама як уладыка Чэслаў, айцец Тамаш Падзява і інш., таксама як яны, служыць ва ўсходнім абрадзе, выкладчык Люблінскага Каталіцкага Універсітэту. На сустрэчы айцец распавядае пра сучасны стан Каталіцкай Царквы ў сьвеце і адказвае на шматлікія пытаньні прысутных. На пачатку верасьня ў Львове адбываецца зьезд “Украінська молодь – Хрыстові”, моладзь нашай абшчыны бярэ непасрэдны і актыўны ўдзел у зьездзе. 21 верасьня 1990 году ў памяшканьні ТБМ адбыўся сход “дваццаткі”, у якую акрамя моладзі ўваходзілі такія вядомыя дзеячы, як прафесар Юры Хадыка і публіцыст Анатоль Сідарэвіч і інш, старшынём Царкоўнай рады абшчыны быў абраны навуковы супрацоўнік Скарынінскага цэнтру Сяржук Абламейка. Пастаянна ідзе праца па рэгістрацыі “рэлігійнай абшчыны”. Менскі гарвыканкам для рэгістрацыі згодна з законам патрабаваў пацьверджаньне ад “рэлігійнага цэнтру”. Найбліжэйшым цэнтрам быў Львоў, як сталіца Галіцкай Мітраполіі. 19 кастрычніка Мітрапаліт Уладзімір выдаў грамату аб тым, што менская грэка-каталіцкая абшчына зьяўляецца часткай Галіцкай Мітраполіі. Гэта можна лічыць днём кананічнага адраджэньня нашай парафіі.

а.Андрэй Абламейка (30.ІХ.2005)

23.05.2008

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier