Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі Другая Нядзеля Вялікага Посту  


“Сёньня час дзеяньняў настаў, бо суд ужо пры дзьвярох...
Грахі нашыя больш шматлікія за пясок марскі,
але Ты, Творча ўсіх, адпусьці нам...”
(З кандаку Другой нядзелі Посту)


1.Пра што яшчэ можна разважаць у часе посту, калі не пра ўласную грахоўнасьць і пра тое, што мы яшчэ нічога не зрабілі для свайго духовага аздараўленьня і прымірэньня з Богам? Што яшчэ павінна стацца напамінам неабходнасьці пачаць жыць пабожна, як не ўспамін пра непазьбежнасьць Боскага суду і справядлівай адплаты? Так, здаецца, гэта адзінае, што паўстае перад духоўнымі вачамі ў гэты сьвяты час. “Сёньня настаў час дзеяньняў, бо суд ужо пры дзьвярох” – усклікае Сьвятая Царква ў гэты нядзельны дзень. Здавалася б гэты кліч для веруючага сэрца актуальны заўсёды, але сёньня, ці не гучыць ён неяк па-іншаму? Што зьмянілася з таго часу, як мы, згодна з царкоўнымі запаветамі, пагадзіліся далучыцца да старажытнага звычаю пасьціць перад урачыстасьцю Сьветлага Хрыстовага Ўваскрасеньня? Ужо два тыдні мы ўстрымоўваемся ад забароненай ежы, стараемся больш рупліва выконваць малітоўныя правілы, і нават у думках сваіх часам схільныя параўнаць сябе са старажытнымі аскетамі... А тут Царква ізноў раптам кажа, што гэта “сёньня час дзеяньняў настаў”, і што “грахі нашыя больш шматлікія за пясок марскі”. Маці-Царква вяртае нас, летуценьнікаў, што ў марных мроях сваіх ужо сталі на прыступкі Неба, назад, да зямное рэальнае юдолі, дзе застаецца месца толькі стогнам ды сьлязам пакаяньня. Як гэта не горка ўсьведамляць, але мы яшчэ не паклалі нават і пачатку пакаяньня, якое належыць нам перажыць, каб стацца дастойнымі ўваходу ў Валадарства Хрыстовае.

2.Сьвяты Найпачэсны Герасім Ярданскі, памяць якога мы сёньня ўшаноўваем ёсьць яскравым прыкладам праўдзівае аскезы, што зрабіла з гэтага чалавека не проста прыкладную постаць, але надзяліла яго атрыбутамі праўдзівае сьвятасьці: бязьмежнай любоўю да ўсяго стварэньня, бясстрашнасьцю і, адначасова, надзвычайным, цудоўным паразуменьнем з небясьпечным для чалавека жывельным сьветам. Жывучы ў манастыры ў нізінах Ярдану, у часе Вялікага Посту ён пакідаў манастыр і жыў у пустэльні, кормячыся адно хлебым ды вадой... Пэўнага разу там, у пустэльні, ён сутыкнуўся з ільвом, параненым у лапу. Сьвяты бясстрашна падыйшоў да драпежніка, выняў зь ягонай лапы стромку, і перавязаў рану. З таго часу леў неадступна крочыў за сьвятым і ахоўваў яго да ягонай сьмерці.

3.“Чаго посьцілі мы, а Ты ня бачыў? Упакорвалі душу нашу, а ты ня ведаеш?” – пыталіся старажытныя юдэі ў Госпада Бога, і атрымалі адказ: “У дзень посту вашага вы робіце свае справы, і прыціскаеце ўсіх працаўнікоў вашых. Вось, вы посьціце для звадак і спрэчак ды чыніце бязбожную бойку...Ці ж гэта назавеш ты постам і днём мілым Богу? Ці ж не гэта сапраўдны пост, што Я выбраў, каб зьняць путы правіннасьці, разьвязаць вяроўкі ярма, адпусьціць на свабоду тых, якія прыгнечаны, і зламаць усякае ярмо? Ці ж не тое, каб падзяліцца хлебам тваім з галодным ды ўбогіх і бяздомных прыняць у дом свой? Калі пабачыш голага – адзень яго, а родным сваім не пагарджай” (Іс.58, 3-7). Некаторым можа падацца архаічным сацыяльны фон гэтых словаў прарока Ісаі, а таму і не надта актуальным: быццам бы ў нашым грамадстве няма ані “вяровак ярма”, ані прыгнечаных, ані голых, ані галодных, ані пагарджаных родных... Калі так падаецца, значыць наш пост яшчэ не той, які Сьвятое Пісаньне называе постам заўгодным Богу. Бо і тады, тысячы гадоў таму назад, людзі не схільныя былі заўважаць гаротнасьць іншых, не схільныя былі да таго, каб посьцячы цялесна, посьціць яшчэ і духоўна...

4.Вялікі пост распачынаецца заўсёды з Нядзелі Прабачэньня, у якую вернікі пакліканы прымірыцца з бліжнімі, дараваць ад цэлага сэрца ворагам і ўсталяваць мірныя зносіны з усімі, з кім толькі магчыма. Многія, асабліва апошнім часам, актыўна прымаюць удзел у прыгожым царкоўным Чыне Прабачэньня, якое, сапраўды, выклікае сэнтымэнты і пабуджае чалавека загарэцца бязьмежнай любоўю да ўсіх, хто прысутны на гэты момант у храме. Нават інтэрнэце, на форумах і ў сацыяльных сетках, невядомыя адзін адному людзі выгалошваюць словы: “Прабачце, мяне калі ласка!”. Але, нажаль, Нядзеля Прабачэньня сама сабой і сканчаецца... У сколькіх спрэчках, сварках, канфліктах, абгаворах і іншых непрывабных рэчах мы сталіся ўдзельнікамі за гэтыя два тыдні Вялікага Посту? Так, правільна, усіх ужо і не падлічыш...

5.Ужо другая нядзеля Вялікага Посту... Як нястрымна, хутка бяжыць час. А мы яшчэ не паклалі пачатку пакаяньня, і пра гэта ведаем толькі мы самыя і Збавіцель, Які кліча да нашага сумленьня: “Прыйдзіце, душы, што адышлі далёка ад Бога і былі пазбаўленыя Боскай ласкі, і ад усяго сэрца, беручы прыклад з блуднага сына, усклікніце: “Ойча добры на небе! Усе мы зграшылі перад Табою, але Ты збаў нас, бо мы прыбягаем да Тваёй міласэрнасьці” (З канону на Ютрані ІІ Нядз. Вял. Посту). Мілыя Богу браты і сёстры, разважма над сваёй кволасьцю і скарыстайма шанец, які дае нам Госпад Бог, Які цярплівы ў адносінах да нас “і не хоча нічыёй загубы, але хоча ўсіх давесьці да навяртаньня” (2Пят.3,9).

Аўтар - сьвятар Ян Майсейчык

3.03.2012

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier