Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі Першая нядзеля Вялікага посту – Нядзеля Праваслаўя  


Толькі свабодны чалавек можа па-сапраўднаму любіць Бога і іншага чалавека.

1.Першая нядзеля Вялікага посту ў царкоўнай традыцыі носіць назву Нядзелі Праваслаўя. Такую назву яна атрымала пасля перамогі Царквы над ерассю іканаборства, якая ўзнікла на хрысціянскім Усходзе ў VIII стагоддзі. Іканаборцы сцвярджалі, што нельга рабіць выявы Госпада Ісуса Хрыста. Малюючы ікону, мастак не можа адлюстраваць усю поўню Уцелаўлення, бо з дапамогай пэнзля і дошкі нельга перадаць Боскую сутнасць Хрыста, і таму рабіць Яго выяву – гэрэзія, адмаўленне Боскасці нашага Госпада.

Святыя Айцы, такія як Тодар Студыт, наадварот, навучалі, што вялікай памылкай будзе сцвярджэнне немагчымасці рабіць выявы Ісуса Хрыста. Бог стаўся Чалавекам і, як кожны чалавек, можа быць выяўлены на абразе. Сцвярджэнне аб тым, што нельга намаляваць Хрыста, прыніжае Ягоную чалавечую сутнасць, робіць Госпада нібы не да канца чалавекам.

Калісці з экскурсіяй я наведаў мячэць, якая знаходзіцца ў горадзе Іўе. Нехта з экскурсантаў спытаў муллу, які праводзіў нас, ці ёсць тут іконы, на што той адказаў: “Не, Бог нябачны, і таму нам забаронена рабіць Яго выявы”. У той момант я зразумеў глыбокую логіку Царкоўнай Традыцыі: нябачны Бог стаўся бачным Чалавекам, і як кожны чалавек можа мець сваю выяву, партрэт. Няхай нават гэты партрэт будзе зусім не падобны на гістарычнага Ісуса з Назарэту, – для хрысціянаў ён важны як напамін пра Уцелаўленне Бога.

2. Асабліва важна ўзгадаць Уцелаўленне напачатку Вялікага Посту, калі мы рыхтуемся перажыць тыя падзеі, дзеля якіх Бог стаўся Чалавекам: Ягоныя Мукі, смерць і Уваскрасенне. Госпад перажыў гэтыя падзеі ў целе: як чалавек ён цярпеў боль падчас катаванняў і смерці. Ягоная смерць была сапраўднай, а не ўяўнай смерцю. Яго Ўваскрасенне сталася сапраўдным вяртаннем да жыцця Ягонага цела.

Уцелаўленне Хрыста паказвае нам, наколькі для Бога каштоўны кожны чалавек, увесь чалавек – душа і цела. У старажытнасці існавалі вучэнні аб тым, што цела чалавека – нявартаснае, што яно створанае з матэрыі, якая з’яўляецца крыніцай зла, і чалавек павінны вызваліцца ад ягонага панавання. Гэта не хрысціянскае вучэнне. Бог, стаўшыся ў поўні Чалавекам, прыняўшы людское цела, акрэсліў ягонае месца ў Гісторыі Збаўлення. Дзякуючы целу мы адчуваем шмат прыемных рэчаў – смак ежы, цяпло сонца, дотык любімага чалавека. Дзякуючы целу мы можам рабіць дабро – дапамагаць бліжняму, як кажуць, працягнуць яму руку, славіць Бога – узносіць да Яго рукі ў малітве.

Так, цела часта з’яўляецца крыніцай спакус, цягне нас да благога. Але так не было ад пачатку. Грэх параніў цела чалавека, сказіў ягоную прыроду, і Госпад уцелавіўся, каб вызваліць цела чалавека ад панавання граху. Для нас важна толькі апанаваць пажаданні цела, карыстацца ім умеркавана і разважліва. Вось чаму нядзеля Праваслаўя святкуецца амаль на самым пачатку Вялікага посту. Пост – гэта спосаб апанавання сапсаванай прыроды цела, гэта магчымасць наблізіцца да Бога праз тое, што мы не будзем злоўжываць тымі добрымі рэчамі, якія Бог даў нам.

3. Перажываючы Нядзелю Праваслаўя, мы павінны не толькі пакланяцца Госпаду ці святым, якія выяўленыя на іконах. Мы самі павінны стацца іконай Бога. Нашыя ўчынкі, думкі, словы павінны стацца падобнымі да ўчынкаў, думак, словаў Ісуса Хрыста. Нашае цела півінна стацца не крыніцай атрымання прыемнасцяў, а інструментам служэння Богу і бліжняму.

Магчыма, варта выбраць некалькі рэчаў, якія нам падабаюцца, якія нам прыемныя, і адмовіцца ад іх на час посту. Гэтае простае практыкаванне дасць нам адказ на пытанне: ці не з’яўляемся мы нявольнікамі нашых звычак, ці мы сапраўдныя гаспадары нашага жыцця? Бо толькі свабодны чалавек можа па-сапраўднаму любіць Бога і іншага чалавека. Амін.

Аўтар - а. Андрэй Крот

18.02.2018

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier