Пошук

Каляндар

 
пятніца
КРАСАВІКА
Сьветлая пятніца

Казаньні і гаміліі Казанне на Хрышчэнне Гасподняе (Богаз’яўленне)  


Пачынаць з простага – рэгулярнай малітвы…

Дарагія браты і сёстры!

1.6-га студзеня Царква адзначае свята Хросту Госпада, якое мы таксама называем Богаз’яўленнем. На свята Богаз’яўлення мы асвячаем ваду. Вада з’яўляецца неад’емнай часткай кожнай жывой істоты. Чалавек на 70-80% складаецца з вады. Раней людзі верылі, што з вады з’явіўся сусвет. Таму асвячэнне вады – гэта не толькі стварэнне лекавага сродка, як думаюць некаторыя. Асвячаючы ваду, мы асвячаем увесь матэрыяльны сусвет. Мы вяртаем яго ў натуральны стан – стан згоды з Богам. У такі ж стан мы павінны вярнуць нашае жыццё – даць у ім належнае месца Богу, каб, як асвячаная вада, якую мы будзем піць і якая будзе такім чынам напаўняць нашае цела, так і памяць пра Бога, малітва напаўнялі нашае жыццё. Не нейкае абстрактнае жыццё, а кожны наш дзень, які мы пачынаем ад званка будзільніка і заканчваем, выключаючы святло ў спальні.

2. Евангелле (Мц 3:13-17) гаворыць нам пра свята Богаз’яўлення як пра першую падзею, што адкрыла Бога як Тройцу: Сын прымае хрост, Дух Святы зыходзіць у выглядзе голуба, Айцец прамаўляе.
Але Богаз’яўленне - гэта не толькі пэўная гістарычная падзея. Бог з’яўляецца не толькі як Тройца, але і як Чалавек, Які прымае хрост ад Яна. Бог падпарадкоўвае сябе абрадам, патрэбным толькі людзям, бо хрост Яна быў звязаны з вызнаваннем грахоў, падобна да сённяшняй споведзі. Бязгрэшны Хрыстос згаджаецца на такі хрост. Чаму? Бо хоча паказаць нам, наколькі важнае знешняе вымярэнне нашай веры.
Сёння многія людзі кажуць, што вераць у Бога, але ў душы. Што гэта значыць? Яны не ходзяць у царкву, не чытаюць Слова Божае. Прызнаюць існаванне нейкай вышэйшай сілы, але сваё жыццё будуюць паводле ўласнага ўпадабання.
Хрыстос, прымаючы хрост у Ярдане, паказвае, наколькі важны знешні бок нашай веры. Менавіта падчас хросту Госпада адкрываецца сапраўднае аблічча Бога-Тройцы! Таксама і для нас аблічча Бога адкрываецца падчас Таінстваў, якія ў бачны спосаб адлюстроўваюць нябачнае Божае дзеянне.

3. Канешне, не Богу патрэбныя знешнія абрады! Але як важна матэрыяльнае вымярэнне веры для нас, людзей! Думаю, у жыцці кожнага былі сябры, з якімі мы добра бавілі час, мелі супольныя захапленні, адчувалі душэўную блізкасць. Але жыццёвыя абставіны складаліся так, што мы пераставалі камунікаваць – раз’язджаліся ў розныя гарады, змянялі месца працы. І, сустрэўшыся праз некаторы час са сваім (ужо былым) лепшым сябрам, адчувалі, што нам нават няма пра што пагаварыць!
Так бывае паміж намі і Богам. Калі мы не молімся, не ўдзельнічаем у літургіі, не чытаем Слова Божае – мы аддаляем сябе ад Бога, і неўзабаве можа настаць час, калі нам не будзе пра што з Ім пагаварыць. Таму важна ахвяраваць час на асабістую малітву – адчыніць малітоўнік, праславіць Бога словамі гімнаў і малітваў, важна разам з братамі і сёстрамі сабрацца на супольную Еўхарыстыю, перажыць пост і царкоўныя святы. Некаторыя людзі клеяць на манітор кампутара ці лядоўню карткі, дзе запісваюць справы, пра якія баяцца забыцца. Нашая штодзённая малітва, рэгулярная споведзь, літургія – карткі, якія мы клеім на нашае жыццё, каб не забыцца пра Уцелаўленне і Ахвяру Хрыста.

4. Не толькі няверуючыя альбо недаверкі павінны ацаніць важнасць матэрыяльнага вымярэння веры. У першую чаргу павінны пра гэта ўзгадаць тыя, хто верыць у Бога, доўгі час ходзіць у храм. Часта хрысціяне кажуць – хачу пазбавіцца ад граху, хачу дасягнуць поспехаў у духоўным жыцці, але гэта не атрымліваецца.
Адзін мой сябра вучыўся ў семінарыі, якая знаходзілася насупраць музычнай вучэльні. Цёплымі веснавымі вечарамі семінарысты слухалі бясконцыя гамы, якія даносіліся з расчыненых вокнаў “музычкі”. Сябра распавядаў, як аднойчы, пад чарговыя “до-сі-ля-соль”, зразумеў, што з такой жа настойлівасцю і стараннасцю мы, хрысціяне, павінны засвойваць навуку малітвы і жыцця з Богам.
Не імкнуцца адразу да вышыняў духоўнага сузірання, а пачынаць з простага – рэгулярнай малітвы, посту, споведзі, святога Прычасця.

Аўтар - а. Андрэй Крот

5.01.2021

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier