Пошук

Каляндар

 

… Тут ноты жыцьцём напісаны…


Зраблю сабе зычны цымбалы;
Пайду на крыжовы дарогі
І сяду пад крыжам убогім,
Зайграю для Божае хвалы…

Іграю, іграці я мушу.
Тут ноты жыцьцём напісаны,
Дык будуць усе прачытаны:
Як струны жывыя парушу…

(Вінцук Адважны. «Беларускія цымбалы»)


Айцец Язэп Германовіч (літаратурны псеўданім Вінцук Адважны) — беларускі каталіцкі сьвятар візантыйска-славянскага абраду — належаў да катэгорыі тых беларускіх дзеячаў, што былі найбольш небясьпечныя для той сацыякультурнай прасторы, якую фармавалі ў Беларусі прадстаўнікі розных культурна-палітычных арыентацыяў: прапольскай, прарасейскай, прасавецкай. Аднаго толькі слова са згаданых характарыстык яго сьвядомасьці і прафесыйнасьці (беларускі каталіцкі сьвятар, уніят) было дастаткова для таго, каб апынуцца на маргінэзе грамадзкага і культурнага (рэлігійнага і літаратурнага) жыцьця на сваёй Радзіме ў міжваенны час, а ў час савецкі — быць асуджаным на зьняволяньне ў сталінскіх лагерах. Жыцьцёвы шлях а. Язэпа Германовіча, як і дзесяткаў іншых беларускіх каталіцкіх сьвятароў, з’яўляецца яскравым пацьверджаньнем вышэйсказанаму. Гэта яны адным заміналі паланізаваць край, а другім — праводзіць атэістычную прапаганду і русіфікацыю. Увогуле, дзяржаўна-палітычная дамінацыя ў краі вызначала ролю той ці іншай канфесіі. Сярод розных дамінантаў адсутнічала ўласна беларуская, а прарасейская і савецкая выключала з культурнага кантэксту каталіцтва як чужое і не адпаведнае натуральным і гістарычным працэсам беларускага народу. Той факт, што і да сёньня, апрача вузкага кола спецыялістаў, імя а. Язэпа Германовіча застаецца невядомым, а творчасьць Вінцука Адважнага не прачытанай, — наводзіць на сумныя развагі.

Нарадзіўся Язэп Германовіч 4 сакавіка (20 лютага) 1890 г. у старажытным м. Гальшаны, што на Ашмяншчыне (цяпер Ашмянскі р-н Гродзенскай вобласьці). У 1913 г. скончыў Віленскую Рымска-Каталіцкую духоўную сэмінарыю. У Вільні пасябраваў і праз усё жыцьцё захаваў пачуцьцё аднадумства з такімі вядомымі беларускімі каталіцкімі сьвятарамі і дзеячамі, як Кастусь Стаповіч, Адам Станкевіч, Віктар Шутовіч, Андрэй Цікота, Вінцук Гадлеўскі і іншымі. Працаваў пробашчам на Беласточчыне, у Вялікай Лапеніцы (каля Ваўкавыска), у Луконіцы (каля Слоніма), у Лужках (Дзісьненшчына). Ад 1924 г. у Друі: уступае ў Ордэн Айцоў Марыянаў, выкладае ў гімназіі, якой апекаваліся аа. Марыяне, лаціну і тэалогію. У 1932 г. па ўласным жаданьні выехаў у Харбін, каб дапамагчы архімандрыту Фабіяну Абрантовічу ў справе Візантыйска-славянскай місіі сярод рускіх каталікаў. Місію праводзілі аа. Марыяне. Дарэчы, некаторыя аспэкты гэтай паездкі і самой місіі былі адлюстраваныя ў падарожных нататках а. Язэпа «На Далёкі Ўсход» (Вільня, 1937). Вымушанай была чарговая паездка ў Харбін пасля таго, як улады закрылі Друйскі кляштар аа. Марыянаў і яго філію — Дом студыяў аа. Марыянаў у Вільні, дзе ў 1936–1938 гг. а. Язэп працаваў у якасьці кіраўніка Дому студыяў. У 1948 г. Харбінская місія была зьліквідаваная кітайскімі камуністамі, а сонія аа. Марыяне трапілі ў рукі савецкага правасуддзя. Айцец Язэп Германовіч быў беспадстаўна абвінавачаны савецкімі карнымі органамі як японскі шпіён і асуджаны на 25 гадоў прымусовых работ у папраўча-выхаваўчых лагерах. І толькі ў 1955 г. ён быў вызвалены, але права на сталае жыхарства на Радзіме не атрымаў. Выехаў у Польшчу, а пасьля пасяліўся ў беларускім Доме аа. Марыянаў (Marian House) у Лондане, дзе 26 сьнежня 1978 г. адышоў на вечны спачын.

Літаратурны талент Вінцука Адважнага найбольш плённа праявіўся ў міжваенны час. Незайздросна складваўся лёс сьвятара як пісьменьніка. Пасьля II сусьветнай вайны яго імя перакрэсьлілі і перасталі згадваць на Радзіме, а таму нічога пра Вінцука Адважнага не гаварылася ў падручніках і дапаможніках па гісторыі беларускай літаратуры. Не падштурхоўвала да зацікаўленасьці і не заахвочвала да перачытваньня яго твораў беларуская крытыка. Найбольш аўтарытэтны знаўца заходнебеларускай літаратуры Уладзімір Калесьнік пісаў, што «мастацкі ўзровень сьціплы, іх псуе многаслоўнасць, перагружанасць статыстычнымі апісаннямі і маралізатарскімі павучэннямі». Ня менш вядомы літаратар Барыс Сачанка выкарыстаў згаданую цытату У. Калесьніка як контраргумэнт на пытаньне, чаму не перавыдаюцца творы некаторых пісьменьнікаў, у тым ліку і Вінцука Адважнага (Сачанка Барыс. Сняцца сны аб Беларусі: Літ.-крыт. артыкулы і інтэрв’ю. — Мінск: Маст. літ.,1990). Сталася так, што да апошняга часу творчая спадчына Вінцука Адважнага не перачытаная і належным чынам не асэнсаваная. Адсутнічаюць і больш-менш грунтоўныя дасьледаваньні яго творчасьці. А яна, сапраўды, не такая ўжо і гладкая, як камусьці хацелася, асабліва з пазіцыяў ідэалягічных. У чымсьці можна згадзіцца і з крытыкамі: сустракаюцца моўныя і стылёвыя хібы, ёсьць штучныя і непераканальныя вобразы і сітуацыі, але чаго не бракуе Вінцуку Адважнаму, дык гэта духоўнай чысьціні, узьнёсласьці, памкненьня да дасканаласьці і глыбокай рэлігійнай сьвядомасьці. Увогуле, быць пісьменьнікам і сьвятаром, тым больш каталіцкім, вельмі складана, і гэту акалічнасьць трэба мець на ўвазе крытыкам. Ва ўсялякім разе, літаратурная спадчына а. Язэпа Германовіча чакае сваіх дасьледчыкаў. Мы ж прапануем невялічкі агляд-анатацыю некаторых яго твораў.

Першы артыкул Я. Германовіча «Хто мы?» быў надрукаваны ў «Крыніцы» (1919) пад псеўданімам Хлопчык з-пад Горадні. У 1919–1920-х гг. дасылае ў «Крыніцу» вершы, артыкулы, замалёўкі (да такой працы заахвочваў яго рэдактар газеты Адам Станкевіч). Больш сур’ёзна задумаўся Вінцук Адважны над сваімі літаратурнымі заняткамі пасля слоў Максіма Гарэцкага: «Ксёндз, ты мусіш пісаць! Грэх, калі ня будзеш!». І ксёндз пісаў. Напачатку гэта былі апавяданьні і апавяданьні вершам, пасьля вершы, байкі, аповесьці. Друкаваўся ў заходнебеларускім друку: «Крыніца» («Беларуская Крыніца»), «Хрысьціянская Думка», «Да Злучэньня», «Калосьсе», «Шлях моладзі», «Зорка», «Снапок» і інш. Асобнымі выданьнямі ў міжваенны час выйшла 11 невялікіх памерам кніг Вінцука Адважнага. Першае апавяданьне «Як Казюк сабраўся да споведзі» (1928) уяўляе сабой мастацкую апрацоўку хрысьціянскага вучэньня аб сутнасьці і значэньні споведзі і яе неабходнасьці; напісана «ясна, дасьціпна, жывой і чыстай мовай, з яўным літарацкім талентам, з даволі ўдатнымі малюнкамі псыхалягічнымі», — пісаў Адам Станкевіч. У наступным апавяданьні «Казюкова жанімства» (1929) аўтар працягвае тэму папулярызацыі хрысьціянскай маралі, тлумачыць праз сваіх герояў праблему выбару ў шлюбе і сутнасьць шлюбу з гледжаньня каталіцкага вучэньня.
Фабула вершаваных апавяданьняў «Як Гануля зьбіралася ў Аргентыну» і «Гануліны клопаты» заснаваная на камічнай сітуацыі: патрэбай выезду ў Аргентыну і немагчымасьцю гэтага, бо метрыка выпісана не на сына, як павінна быць, а на дачку. Галоўная гераіня абівае парогі па інстанцыях бюракратычнай іерархіі, церпіць здзек і самадурства ў пошуках метрыкі.

У цэнтры апавядання «Адам і Анэлька» (1931) маладыя і закаханыя адно ў аднаго людзі, якія ў сваім жаданьні і памкненьні быць разам вымушаны сутыкнуцца з рознымі праявамі чалавечых характараў і нораваў блізкіх і знаёмых. Адметнасьцю гэтага апавяданьня можа быць тое, што сярод дзейных асобаў ёсьць сьвядомыя беларусы: малады ксёндз, арганісты, Адам і Анэлька, — якія сваю беларускасьць, наколькі гэта ім удаецца, сьцьвярджаюць у жыцьці.

Заслугоўвае ўвагі паэма «Унія на Палесьсі», якую аўтар ахвяруе айцу Вячаславу Аношку з нагоды яго 5-годзьдзя працы ў Альпені. У прадмове В. Адважны гаворыць аб «страшнай рэлігійнай цемнаце» людзей на Палесьсі і абвінавачвае ў гэтым праваслаўнае духавенства, якое апякуецца імі. Паэма напісана ў форме дыскусіі паміж прадстаўнікамі розных канфесіяў: уніятам, праваслаўным манахам і рымска-каталіцкім ксяндзом. Дыскусія выходзіць па-за межы мясцовых праблемаў веравызнаньня, набывае гістарычна-рэлігійную тэматыку і асьветны характар.

У 1933 г. выйшаў зб. вершаў «Беларускія Цымбалы». Эпіграфам да зборніка паслужылі радкі, якія мы часткова згадалі ў якасьці нашага эпіграфа. Верш «Беларускія цымбалы» можна лічыць праграмным творам паэта і сьвятара. Па сутнасьці мяняюцца толькі выканаўцы і інструменты (ад «Дудкі» да «Цымбал»), а песьні застаюцца на адну і тую ж тэму, за выключэньнем хіба што рэлігійна-тэматычнай заглыбленасьці. А. Станкевіч заўважыў, што Вінцук Адважны застаецца верным ідэолягам Хрыстовай рэлігіі і этыкі, у чым бачыць найвышэйшую мэту мастацтва і паэзіі, — гэта і крыніца натхненьня, і гарантыя зьдзяйсьненьня беларускіх ідэяў, «бо справа народная ў Вінцука Адважнага — гэта частка справы Божай».

У 1935 г. выходзіць з друку аповесьць «Хлапец». Калі ўлічыць, што заходнебеларуская літаратура вельмі сьціплая на творы эпічнага жанру, то аповесьць В. Адважнага была значнай падзеяй у літаратурным жыцьці. У аповесьці разгортваецца панарама з жыцьця беларускага мястэчка першых гадоў ХХ стагодзьдзя: расейскія ўстановы і школы з настаўнікамі, касьцёлы з ксяндзамі палякамі і «эндэкамі» і звычайнае беларускае сялянства, у асяродку якога нараджаецца і фармуецца будучая беларуская інтэлігенцыя. Аўтару ўдалося стварыць сапраўдныя вобразы і тыпы (Гануля, Тамаш, Вінцук), якія дакладна перадаюць атмасфэру і сітуацыю часу, настроі, псыхалёгію і мянтальнасьць. У аповесьці, па сутнасьці, нічога няма надуманага і штучнага, народжанага фантазіяй аўтара. Ад сацыяльных праблемаў у пачатку твора аўтар паступова пераходзіць да праблемаў рэлігійных і нацыянальных. Праз лёс галоўнага героя Вінцуся можна прасачыць працэс станаўленьня беларускай самасьвядомасьці, які праходзіць не без моцнага рэлігійнага ўплыву. Шмат гаворыцца ў аповесьці пра унію і пра падзеі, якія зьвязаныя зь ёю. Такім чынам, у аповесьці ці не ўпершыню ў беларускай літаратуры ў такой форме заяўляюць пра сябе каталікі-беларусы. Адам Саладух (рымска-каталіцкі сьвятар Уладзіслаў Талочка) зазначыў, што для аповесьці характэрныя аўтабіяграфічныя ноткі і спатыкаюцца рэальныя асобы — гэта яшчэ раз пацьвярджае тое, што аўтар імкнуўся да гістарычнай праўдзівасьці.

Колькі слоў варта сказаць аб «уплывалогіі» (слова ўпершыню ўжыў ксёндз Уладзіслаў Талочка) — шуканьні чужых уплываў і залежнасьці ад іх. Бачыць Адам Саладух у творчасьці В. Адважнага ўплывы Т. Гушчы ў лірычных адступленьнях, С. Жэромскага — у апісаньнях расейскіх колаў, К. Сваяка — ва ўзнёслым апяванні жанчыны. Найбольш на творчасьць В. Адважнага паўплываў Францішак Багушэвіч. Такой думкі прытрымліваліся А. Станкевіч, У. Калеснік і А. Мальдзіс. Дарэчы, апошнія пісалі, што «… уяўленьні аўтара пра місію мастака слова пераклікаюцца тут з традыцыяй беларускага нацыянальнага адраджэньня, паэзіяй Ф. Багушэвіча, але застаюцца на ўзроўні асьветна-культурнай праграмы». Зразумела, што іншай праграмы ў сьвятара-пісьменьніка і быць не магло, а галоўнымі асьпектамі яго праграмы былі рэлігійны і беларускі.

Найменш вядомай беларускаму чытачу засталася творчасьць а. Язэпа Германовіча перыяду эміграцыі. Шматлікія вершаваныя інтэрпрэтацыі біблейскіх матываў, вершы, байкі, успаміны друкаваліся ў часопісах «Божым шляхам», які сам і рэдагаваў, і «Џniи». Асобнымі выданьнямі ў Лондане былі выдадзены паэма «Князь і Лапаць» (1964), «Байкі і іншыя вершы» (1974), а таксама кніга ўспамінаў «Кітай — Сібір — Масква» (Мюнхэн, 1962).

Трэба сказаць, што ў беларускай літаратуры, у тым ліку і эміграцыйнай, як мастацкай, так і мемуарнай, тэматыка сталінскіх лагераў, альбо ГУЛагаў (Государственное Управление лагерей), пададзена вельмі сьціпла (не параўнаць з тэматыкай ваеннай). І, тым ня менш, адна з першых кніг, у якой раскрывалася сутнасьць сталінскіх рэпрэсій, была кніга Францішка Аляхновіча «У капцюрох ГПУ» (Вільня, 1937). У часы «хрушчоўскай адлігі» з’явіліся першыя аповесьці адпаведнай тэматыкі. Дарэчы, усё, што было напісана А. Салжыніцынам, як у СССР, так і ў эміграцыі, выдаецца і перавыдаецца цяпер ў Расеі, чаго нельга сказаць пра сітуацыю з беларускай літаратурай і адпаведнай тэматыкай у нас. Першыя спробы азнаямленьня беларускіх чытачоў з успамінамі а. Язэпа Германовіча былі зроблены Іванам Ласковым (Шлях пакутніка. Літ. і мастацтва, 1990, № 9), а ў «Спадчыне» (1994, № 1–4) перадрукоўваліся ўрыўкі з кнігі. Перавыданьне кнігі а. Язэпа Германовіча «Кітай — Сібір — Масква» будзем лічыць добрым знакам, знакам вяртаньня яго творчасьці ў кантэкст беларускай літаратуры і культуры ўвогуле.

Янка Трацяк

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier