Пошук
Нядзельнае казаньне
СВЯТА ЎЗВЫШЭННЯ ЖЫВАТВОРЧАГА КРЫЖА |
субота
КАСТРЫЧНІКА |
Сацыяльная служба "AGAPE" парафіі Сьв. Язэпа
"Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцай тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і блізкага твайго, як самога сябе" (Лк.10.27)
Сацыяльная служба парафіі "AGAPE" была створана для аказаньня сацыяльнай дапамогі сіламі і магчымасьцямі парафіянаў сем’ям, хворым, бедным, сіротам, самотным і ўсім патрабуючым дапамогі, незалежна ад іх рэлігійнага ці этнічнага паходжання.
Грэцкае Agape можна перакласьці, як Боская Любоў. Папа Бэнедыкт XVI у І-м раздзеле сваёй энцыклікі "Deus Charitas Est", разважаючы над перакладам Agape на сучасныя мовы кажа, што гэта любоў, заснаваная на веры і сфармаваная ёю. Менавіта Agape ужыта ў эвангельлі ад Лукі, калі гаворыцца пра Любоў да Бога і бліжняга. Менавіта Любоў-Agape добрага Самарытаніна з прытчы дазволіла, каб ён дапамог параненаму, дапамог безкарысна і незважаючы на асобу. У прытчы добра бачна, што хрысціянская любоў зьяўляецца адказам на непасрэдную патрэбу ў канкрэтнай сітуацыі: галодныя павінны быць накормленыя, голыя – апранутыя, хворыя – лекаваныя з надзеяй на аздараўленьне, вязьняў трэба адведаць і г.д. (пар. "Deus Charitas Est",2.31)
Дапамагаць патрабуючым азначае для нас, з аднога боку, рэалізацыю сваёй веры (Як. 2.14-17), а з другога – сьведчаньне Божай любові да людзей (Ян 3.16). Яшчэ вельмі важная заўвага: аказваючы сацыяльную дапамогу патрабуючым, мы таксама аказваем дапамогу і сабе. Па-першае, як асоба навучаем сябе ахвярнасьці (Лк.17.33), па-другое, як парафія, усьвядамляем сябе супольнасьцю – Царквой Хрыстовай (Дз.2.44-45).
У розныя гады мы як парафія ўдзельнічалі ў розных сацыяльных праектах, але ў 2004-2005 літургічным годзе была створаная сацыяльная служба "AGAPE". Службу ўзначаліла матушка Сьвятлана Абламейка, якая мае адукацыю сацыяльнага педагога з дыплёмам Універсітэта культуры. Першым больш-менш значным парафіяльным праектам было правядзеньне сьвята Раства Хрыстовага 2004-га года ў сацыяльным прытулку сіламі нашых парафіянаў. Дзецям быў паказаны спектакль па матывах Х.Андэрсана "Сьнежная каралева", рэжысэрам-пастаноўшчыкам выступіла Вольга Гарашэвіч, начальніца нашых скаўтак, па адукацыі эканаміст. Асабліва запомніліся Крумкач і Крумкачыха, гэтыя ролі бліскуча выканалі Юлія і Павал Кудрэйкі, сужонкі, якія бяруць самы актыўны ўдзел у арганізацыі ўсіх парафіяльных сьвятаў. Ролю Герды выдатна выканала Дар’я Суша, а Кая – Павал Кудрэйка-юніёр, вельмі характарнай атрымалася Сьнежная каралева ў Марыны Гарашэвіч, "аж мароз па скуры". Усе акторы былі на высаце. Айцец Андрэй разам з матушкай Сьвятланай правялі гульні з дзецьмі. Яўгенія Грынь даволі прафэсійна паказала Батлейку, дзеці ледзьве не залезьлі ў скрыню да лялек. Дарэчы Батлейка самаробная, яе для Яўгеніі зрабіў муж Васіль. Дзецям раздалі падарункі, якія некалькі тыдняў зьбіралі парафіяне.
У пачатку 2005 года, яшчэ ў калядны час, служба наладзіла сьвята для дзяцей з сацыяльнага прытулка Чэрвенскага р-на. Дзяцей на машынах нашых парафіянаў правезьлі па сталіцы і паказалі цікавыя месцы Менску. Экскурсія ім вельмі спадабалася. Пасьля ў памяшканьні араторыюма Дона Боско, айцоў салезіянаў у Серабранцы, дзецям была паказана казка "Сьнежная каралева". Матушка Сьвятлана і скаўткі разам з дзецьмі нашай парафіі і дзецьмі з прытулка правялі гульні. Пасьля добрай гульні заўсёды хочацца падсілкавацца, таму таксама важным пунктам праграмы быў салодкі стол, які падрыхтавалі самі парафіяне.
На Пасху 2005 года матушка Сьвятлана разам з парафіянкамі нашай прафіі Сьвятланай Бельскай, кандыдатам біялагічных навук, і Аленай Маркоўкай, прафісійнай акторкай і выпускніцай Баранавіцкага катэхетычнага каледжа, ў адным з сацыяльных прытулкаў Мінска сустрэліся з сіротамі. Дзецям распавялі пра традыцыю фарбаваць яйкі на Пасху, легенду пра першае афарбаванае яйка Марыі Магдалены, паказалі розныя спосабы афарбоўкі яек. Самым беларускім і простым спосабам – шалупіньнем цыбулі дзеці самі фарбавалі яйкі, а пасьля рабілі з упрыгожанных яек кампазіцыі. Дзецям раздалі пасхальныя падарункі, цацкі з Польшчы. Сустрэча традыцыйна закончылася салодкім сталом.
Перад пачаткам навучальнага 2005-06 года, дзякуючы сябрам з Італіі, наша служба закупіла і перадала драўляныя ложкі з матрацамі Валожынскай школе-інтэрнат.
Напрацягу каляднага паста 2005 года ў парафіі праводзілася аперацыя "Канапка". Парафіяне кожную сераду і чацьвер рабілі і прыносілі матушцы Сьвятлане канапкі. Кожную пятніцу матушка разам з парафіянкамі раздавала канапкі жабракам, т.зв. "бамжам". Калі ўзнікла ідэя, мы хацелі знайсьці мейсца “начоўкі” жабракоў і туды пастаянна вазіць канапкі, але атрымалася іначай. Ісус у эвангельлі ад Мацьвея (Мц.26.11) сказаў, што жабракоў заўсёды маем побач. У першую пятніцу паста матушка і Алена Грыгарчук на машыне аб’ехалі шмат мейсцаў, дзе звычайна зьбіраюцца жабракі, і нікога ў той вечар не знайшлі, калі ж яны вярнуліся да дому, то каля крамы жабравалі пяць чалавек. Сапраўды жабракоў маем заўсёды побач! За пост мы раздалі сотні і сотні канапак, пры чым парафіяне не здавалі грошы, а менавіта сваімі рукамі рабілі канапкі і пасьля іх раздавалі.
Пад час паста ў парафіі зьбіраліся спецыяльныя Калядныя падарункі (на ўзор "самарытанскага кашаля") для дзяцей з прытулка. Падарункі разам з бацькамі куплялі дзеці парафіі, усё тое, што хацелі б для сябе. У студзені 2006 года нашыя сэмінарысты Яўген Усошын і Андрэй Буйніч, а таксама матушка Сьвятлана, Алена Грыгарчук і Каця Цыбульская перадалі дзецям гэтыя падарункі і кніжкі. Акрамя таго бібліятэцы прытулка быў перададзены камплект выданьняў Біблійнага Таварыства РБ на беларускай мове. Пасьля жывой і вясёлай размовы дзеці сэмінарыстаў называлі Дзедамі Марозамі.
На Вялікі пост 2006 году ў нашай парафіі аб'яўлена чарговая аперацыя “Канапка”…