Звесткі аб Нараджэнні Найсвяцейшай Багародзіцы Царква чэрпае з апакрыфічнага Евангелля ад Якуба, напісанага ў 2 ст. З гэтага апокрыфа мы даведваемся, што бацькі Божай Маці Якім і Ганна доўгі час былі бяздзетнымі, што ў народзе лічылася ганьбай. Бо, паводле традыцыі, кожны праведнік павінен даць нашчадкаў Ізраілю. З-за гэтага Якім, нягледзячы на ўсё сваё багацце, быў пагарджаны перад людзьмі і не мог першым прынесці дары Богу.
У пошуках адказу ад Бога Якім адпраўляецца пасціцца сорак дзён і начэй у пустыню, у той жа час Ганна моліцца дома аб дараванні дзіцяці, якое яна прысвяціць Госпаду. Бог адказвае на малітву Ганны і Якіма і абвяшчае праз анёла, што яны зачнуць дзіця, якое будзе праслаўлена ва ўсіх народах. Якім з вялікай радасцю вяртаецца дадому, раздаючы народу і святарам мноства падарункаў, а праз дзевяць месяцаў Ганна нараджае дзяўчынку, якую называе Марыяй.