Пошук

Каляндар

 

Айцец Тамаш Падзява: 120 гадоў з дня нараджэння  


Айцец Тамаш Падзява: 120 гадоў з дня нараджэнняДруя — Рым — Харбін — ГУЛАГ — Варшава — Лондан — гэта асноўныя вехі жыццёвага шляху каталіцкага святара ўсходняга абраду, марыяніна, доктара філасофіі, педагога і публіцыста айца Тамаша Падзявы MIC.


Нарадзіўся Тамаш Падзява ў вёсцы Пярхулева Дзісенскага павета Віленскай губерніі (цяпер Мёрскі раён) 6 лютага 1906 года. Пасля заканчэння пачатковай школы Тамаш паступіў у ювенат айцоў марыянаў у Друі, адначасова наведваў заняткі ў мясцовай гімназіі. У 1926 годзе ўступіў у супольнасць айцоў марыянаў, а годам пазней даў свае першыя манаскія абяцанні. Вучыўся ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце, у якім у 1931 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па філасофіі.

 

У 1934 годзе манах Тамаш атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў грэка-каталіцкім абрадзе.

 

Праз год маладога святара накіравалі на край свету — у кітайскі Харбін, дзе працавала Усходняя Каталіцкая Місія. На той час пры Місіі ўжо дзейнічалі ліцэй святога Мікалая для хлопчыкаў і прытулак са школай для дзяўчынак. Айцец Тамаш працаваў выхавацелем у ліцэі, а таксама выкладаў у ім і ў школе розныя прадметы.

 

Калі на тэрыторыі Маньжурыі ўсталявалася камуністычная ўлада, яна ў запале барацьбы з рэлігіяй не абмінула і навучальныя ўстановы Місіі. У ліцэі тады навучаліся і былі на пастаянным утрыманні 202 хлопчыкі, а ў прытулку — 310 дзяўчынак.  

 

22 снежня 1948 года былі арыштаваны кіраўнік Місіі архімандрыт Андрэй Цікота, айцы Язэп Германовіч і Тамаш Падзява. Іх цягніком давезлі да савецкай мяжы і перадалі прадстаўнікам НКУС.

Пасля доўгіх допытаў і катаванняў святарам быў вынесены прысуд: 25 гадоў зняволення ў лагерах.

 

Айцец Тамаш пакутаваў у Сібіры больш як 6 гадоў: пасля 1953 года яго вызвалілі і перадалі Польшчы. Некалькі гадоў Тамаш Падзява быў выкладчыкам у семінарыі айцоў марыянаў. З 1969 года ён жыў у Лондане ў Беларускай Каталіцкай Місіі, выконваў абавязкі душпастыра, супрацоўнічаў з беларускай рэдакцыяй Радыё Ватыкана, у часопісе «Божым шляхам» друкаваў катэхезы, над кожнай з якой рупліва працаваў. У 1975 годзе сардэчны прыступ спыніў яго зямны шлях.

 

Паводле Catholic.by


6.02.2026

Copyright 2008-2026 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.