У Беларусь прыбыў новы Апостальскі нунцый
 У панядзелак - 10 кастрычніка 2011 г. у Мінск прыляцеў новы Апостальскі нунцый у Беларусі Архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Адразу пасля прылёту Іерарх выказаў сваю радасць з таго, што будзе працаваць як прадстаўнік Святога Айца Бэнэдыкта XVI у Беларусі. Архібіскуп адзначыў, што з самалёта любаваўся прыгажосцю нашай зямлі, дзе так шмат зелені і лясоў. У аэрапорце «Мінск-2» Іерарха сустракалі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня ККББ Біскуп Аляксандр Кашкевіч, Генеральны сакратар епіскапату Біскуп Антоні Дзям’янка, Апостальскі візітатар БГКЦ Архімадрыт Сяргей Гаек, сакратар Нунцыятуры кс. Прэлат Крыспін Дубель і прадстаўнік службы дзяржаўнага пратакола Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Прадстаўнік Ватыкана перадаў біскупам найлепшыя пажаданні ад Святога Айца Бэнэдыкта XVI і Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Кардынала Тарчызіо Бертонэ. Архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцці быў прызначаны Апостальскім нунцыем у Беларусі 16 ліпеня 2011 г. Да гэтага Іерарх з’яўляўся Апостальскім нунцыем у Грузіі, Арменіі і Азербайджане. Паводле Catholic.by
|