Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Апублікавана пасланне Папы на Сусветны дзень міру

Апублікавана пасланне Папы на Сусветны дзень міру


30.12.2025.

Апублікавана пасланне Папы на Сусветны дзень міру18 снежня было апублікавана пасланне Папы Льва ХІV на 59-ы Сусветны дзень міру. У ім Папа, першымі словамі якога пасля абрання Біскупам Рыма, было прывітанне Уваскрослага «Спакой вам», разважае пра мір як адсутнасць вайны, апелюючы да больш шырокай евангельскай катэгорыі спакою.


Спакой — гэта дар Уваскрослага


 Спакой, які паходзіць ад Езуса, з’яўляецца непрамінальным, ён «здзяйсняе канчатковую перамену ў тых, хто яго прымае, а тым самым ва ўсёй рэчаіснасці». Евангельскі спакой пераўзыходзіць паняцце адсутнасці вайны, бо гэта стан свядомасці.

«Спакой існуе, хоча ў нас прабываць, мае лагодную моц асвячэння і пашырэння кругагляду, супраціўляецца гвалту і перамагае яго. Спакой мае подых вечнасці: у час, калі ў бок зла крычаць «хопіць», спакою шэпчуць «назаўсёды». У гэтую перспектыву ўвёў нас Уваскрослы»,

— заўважыў Святы Айцец.

 

Папа нагадаў, што святы Аўгустын раіў тым, хто дбае пра спакой у свеце, мець яго перадусім у сабе.

 

Сапраўдны спакой — няўзброены

 

 Наступнік святога Пятра прыводзіць словы Хрыста да вучня, які хацеў Яго бараніць: «Схавай меч у ножны» (Ян 18, 11; пар. Мц 26,52). Мірны адказ Езуса бянтэжыў і тады, і зараз.

«Калі мір не з’яўляецца зведанай рэчаіснасцю, якую трэба абараняць і культываваць, то ў сямейным і публічным жыцці распаўсюджваецца агрэсія. У адносінах паміж грамадзянамі і кіраўнікамі здараецца сітуацыя, у якой віной прызнаецца факт, што не ідзе падрыхтоўка да вайны, да рэагавання на атакі, да адказу на гвалт. Істотна парушаючы прынцып правамернай абароны, у палітычнай плоскасці такая логіка з’яўляецца найбольш актуальным фактарам у глабальнай дэстабілізацыі, якая з кожным днём набывае ўсё большы драматызм і непрадказальнасць»,

— адзначыў Папа.

 

Святы Айцец выказвае занепакоенасць, з аднаго боку, тэндэнцыяй росту песімістычных наратываў, пазбаўленых надзеі на трывалы мір, а з другога боку, павелічэннем выдаткаў на ўзбраенні, зменай адукацыйнай палітыкі ў бок трансляцыі выключна ўзброенай канцэпцыі абароны і бяспекі.

 

Што рабіць прыхільніку міру ў такой няпэўнасці? Папа Леў XIV, спасылаючыся на святога Аўгустына, кажа, што «сапраўдны прыхільнік міру любіць ворагаў міру» і раіць, як і айцы Другога Ватыканскага Сабору, дыялог як найбольш эфектыўны сродак вырашэння канфліктаў.

 

Раззбраенне — галоўная мэта

 

  Папа перасцерагае чалавецтва ад узмацнення спакусы пераўтварэння ў зброю нават думак і слоў.

 «На жаль, усё часцей у сучасным свеце словы веры выкарыстоўваюцца для палітычнай барацьбы, благаслаўлення нацыяналізму, апраўдання гвалту і ўзброенай барацьбы»,

— з горыччу канстатуе Святы Айцец.

 

«Веруючыя людзі павінны актыўна, перадусім сваім жыццём, абвяргаць гэтыя формы блюзнерства, якія кідаюць цень на Святое Імя Бога. Таму таксама, акрамя дзеянняў, больш чым калі-небудзь неабходна культываванне малітвы, духоўнасці, экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу як спосабаў дасягнення міру і моў для сустрэч паміж традыцыямі і культурамі», — заклікае Папа.

 

У палітычным і грамадскім плане Наступнік святога Пятра бачыць раззбройваючы патэнцыял у шляху дыпламатыі, медыяцыі, міжнароднага права і ў развіцці свядомых грамадзянскіх  супольнасцяў.

«Няхай гэта будзе плёнам Юбілею Надзеі, які натхніў мільёны людзей нанова адкрыць сябе як пілігрымаў і распачаць у сабе гэтае раззбраенне сэрца, розуму і жыцця»,

— пажадаў у канцы паслання Святы Айцец.

 

ПОЎНЫ ТЭКСТ ПАСЛАННЯ

 

Паводле Catholic.by


Вярнуцца назад