Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Рым благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ. Вачыма пілігрыма

Рым благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ. Вачыма пілігрыма


2.05.2011.
Рым благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ. Вачыма пілігрымаУ апошнія дні каталіцкі (і не толькі) свет сваю ўвагу сканцэнтраваў на беатыфікацыі папы Яна Паўла ІІ. Ужо ў аэрапорце «Fiumicino» — паветраных варотах Рыма — увага праязджаючых была звернута на асобу Яна Паўла ІІ. У Вечным горадзе вялікая колькасць плакатаў з цытатамі гэтага Вялікага Пантыфіка нагадвала пра незвычайнасць падзеі.

Чалавеку, які быў у Рыме шэсць гадоў таму на пахаванні Папы, адразу кідаецца ў вочы розніца настрою. Калі падчас пахавання Яна Паўла ІІ 8 красавіка 2005 г. панавала атмасфера прыгнечанасці (хоць надзея заўсёды спадарожнічае хрысціяніну), то цяпер атмасфера адзначалася радасцю і надзеяй.

Ян Павел ІІ жыве, і ён з намі, з тымі, хто так моцна яго палюбіў і які стаў часткай гісторыі сучаснага чалавека. Гэта народны Папа, які ўвайшоў у гісторыю і вельмі моцна прычыніўся да яе змены. Ён даў чалавецтву новую надзею. Вялікае мноства людзей з розных краін свету сведчаць пра актуальнасць і папулярнасць выказванняў Яна Паўла ІІ.

У гэтай сусветнай радасці прыняў актыўны ўдзел Каталіцкі Касцёл у Беларусі. Каля 250 пілігрымаў з усіх дыяцэзій краіны разам з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам, біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам, біскупам Віцебскім Уладзіславам Блінам, біскупам Антоніем Дзям’янкам і архімандрытам Сяргеем Гаекам прынялі ўдзел ва ўрачастасцях беатыфікацыі Яна Паўла ІІ.

Іерархі выступалі ў онлайн-трансляцыях і перадачах Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, польскага і расійскага тэлебачання.

За дзень да беатыфікацыі ў Вечным горадзе адбыўся таксама канцэрт, прысвечаны Яну Паўлу ІІ.

Кульмінацыйным пунктам урачыстасцяў стала беатыфікацыйная літургія. Цікава, што гэта першая ў гісторыі беатыфікацыя, калі Папа наступнік беатыфікаваў свайго папярэдніка.

Бурай авацый вернікі сустрэлі словы Бэнэдыкта XVI аб праслаўленні Яна Паўла ІІ і адкрыццё яго выявы. (Выстава здымкаў з Янам Паўлам ІІ аўтарства Галонзкі праходзіла і ў мінскай архікатэдры 3 гады таму).

Моцным рэхам прагучалі словы гаміліі Бэнэдыкта XVI аб тым, што праўда прывядзе да свабоды, а Ян Павел ІІ даў новую надзею народам, якія доўга чакалі свабоды, у тым ліку і свабоды веравызнання.

1 мая а 16-й гадзіне для пілігрымаў з Беларусі ў базыліцы Санта Марыя Маджорэ цэлебравалася святая Імша падзякі за беатыфікацыю Яна Паўла ІІ. Узначаліў яе Мітрапаліт Кандрусевіч, а канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, архімандрыт Сяргей Гаек, 17 святароў з Беларусі, Расіі і Польшчы.

Рым, які шмат бачыў у сваёй гісторыі і які таксама становіцца секулярным, у гэтыя дні відавочна змяніўся. Ён ізноў услухаўся ў навучанне Яна Паўла ІІ, стаў Рымам гэтага Вялікага Пантыфіка.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч

Паводле Catholic.by

Вярнуцца назад