Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Беларусь сустракае Бэтлеемскі агонь

Беларусь сустракае Бэтлеемскі агонь


17.12.2010.
Беларусь сустракае Бэтлеемскі агонь 17 снежня 2010 г. ужо ў адзінаццаты раз Бэтлеемскі агонь будзе прывезены ў Беларусь. У гэты дзень беларускім скаўтам яго перададуць польскія скаўты на польска-беларускай мяжы каля Гродна. Сімвал нараджэння Божага Сына трапіць у гродзенскую катэдру, мінскі архікатэдральны касцёл, некаторыя парафіі краіны і накіруецца ў Расію.
У гродзенскую катэдру Бэтлеемскі агонь трапіць у 15.00, пасля ўрачыстага ўнясення якога адбудзецца святая Імша. У суботу, 18 снежня агонь будзе дастаўлены ў беларускую сталіцу. На пачатку св. Імшы ў 12.00 скаўткі і скаўты ( у суправаджэнні протапрэсьбітэра БГКЦ а. Яўгена Усошына) урачыста ўнясуць Бэтлеемскі агонь у архікатэдру. Адтуль ён будзе перададзены ў касцёл святых Сымона і Алены (12.30) і касцёл Узвышэнне Святога Крыжа (Кальварыя) — 14.00.

Асаблівасцю сёлетняй акцыі стане тое, што 19 снежня Бэтлеемскі агонь будзе перададзены і ў іншыя парафіі Мінска:
09.00 — парафія Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы;
10.00 — грэка-каталіцкая парафія Святога і праведнага Язэпа;
12.00 — парафія Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ (Кунцаўшчына/Масюкоўшчына);
12.00 — парафія Маці Божай Ружанцовай (Лошыца).

Завязуюць ў свае парафіі агонь з Бэтлеема скаўты Гомеля, Барысава, Івянца, Пастаў, Глыбокага, Лынтупаў.

Бэтлеемскі агонь аб’ядноўвае не толькі жыхароў розных краін, але і прадстаўнікоў розных веравызнанняў: святло Бэтлеема трапіць як у каталіцкія, так і праваслаўныя святыні Беларусі.

Гэтую цудоўную перадкалядную традыцыю — распасюджванне Бэтлеемскага агню — распачалі ў 1986 г. у аўстрыйскім горадзе Лінц. Першапачаткова яна планавалася, як акцыя ў перыяд калядных святаў з мэтай падтрымкі дзяцей-інвалідаў і ўсіх, хто патрабуе дапамогі і ўвагі. Гэтую высакародную справу адразу ўзялі ў свае рукі еўрапейскія скаўты.

Кожны год аўстрыйскія скаўты бяруць агонь ў месцы нараджэння Езуса Хрыста ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме і дастаўляюць яго самалётам у Аўстрыю. Пасля ўрачыстасцяў у катэдральным касцёле ў Вене агонь перадаецца ў іншыя краіны.


Паводле Catholic.by

Вярнуцца назад