Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > 5-ыя ўгодкі біскупскай хіратоніі Апостальскага Нунцыя ў Беларусі
5-ыя ўгодкі біскупскай хіратоніі Апостальскага Нунцыя ў Беларусі22.11.2009. |
|
Высокадастойны Архібіскуп Марцін нарадзіўся 15 ліпеня 1953 г. ў м. Відонье ў Харватыі. Рукапакладзены на сьвятара дыяцэзіі Спліт-Макарска Яго Сьвятасьцю Папам Янам Паўлам ІІ 28 траўня 1989 г. 15 верасьня 2004 г. быў прызначаны Апостальскім Нунцыем ў Беларусі ды ўзьведзены ў сан архібіскупа. 21 лістапада 2004 г. атрымаў біскупскую хіратонію з рук Кардынала Анджэла Садана, Дзяржсакратара Яго Сьвятасьці. Душпастыры менскіх парафіяў служылі 21 лістапада Боскую Літургію за Архібіскупа Марціна ў капліцы Душпастырскага цэнтра сьв. Язэпа, які быў арганізаваны пры вялікай падтрымцы Апостальскага Нунцыя. У нядзелю, 22 лістапада 2009 г., у грэка-каталіцкай парафіі сьвятых Кірылы і Мятода ў Баранавічах Архімандрыт Сяргей (Гаек) узначаліў Боскую Літургію падзякі Богу за служэньне Архібіскупа Марціна Відавіча Апостальскім Нунцыем у Беларусі. Яму саслужыў душпастыр баранавіцкай парафіі а. Яўген Маліноўскі. “Нястомнае служэньне Высокадастойнага Ўладыкі Архібіскупа Марціна для дабра вернікаў двух абрадаў Каталіцкай Царквы (Касьцёла) у Беларусі, нагадвае нам складаны подзьвіг сьвятых Братоў Кірылы і Мятода – рупліва несьці Евангельле людзям розных традыцыяў. Няхай сьвятыя Салунскія Браты заўжды суправаджаюць Уладыку Марціна сваімі малітвамі,” – сказаў у казаньні Архімандрыт Сяргей. Добра вядома, што Апостальскі Нунцый у Беларусі Высокадастойны Архібіскуп Марцін Відавіч з асаблівай архіпастырскай любоўю клапоціцца пра духоўнае дабро ўсіх вернікаў Каталіцкай Царквы ў Беларусі ды ўсіх жыхароў Беларусі. Цытуем некалькі Ягоных словаў на Ўрачыстасьці Каранацыі «ад імя і аўтарытэтам Найвышэйшага Пантыфіка» Абраза Найсьвяцейшай Дзевы Марыі Браслаўскай, Каралевы Азёраў: “Беларусь! – Няхай Бог благаславіць цябе! Няхай Найсьвяцейшая Дзева Марыя, Маці збаўленага чалавецтва і Каралева супакою, будзе Тваёй апякункай і заўсёды заступаецца за кожнага твайго сына і за кожнаю тваю дачку; - за кожнага твайго жыхара!” Вярнуцца назад |