Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Іерархі і святары з Беларусі ў Юбілейнай пілігрымцы ў Рыме
Іерархі і святары з Беларусі ў Юбілейнай пілігрымцы ў Рыме1.10.2025. |
![]()
У атмасферы Юбілейнага 2025 года Рым прымае шматлікіх пілігрымаў з усяго свету. Сярод іх – дзве групы з Беларусі, якія прыбылі ў духоўнае падарожжа да Апостальскай Сталіцы.
Дэлегацыі з Віцебскай і Пінскай дыяцэзій, узначаленыя біскупамі, здзейснілі адзін з галоўных абрадаў Юбілею – прайшлі праз Святую Браму ў ватыканскай базіліцы, сімвалічна ўваходзячы ў час асаблівай Божай ласкі. Пілігрымка з Віцебшчыны на чале з біскупам Алегам Буткевічам мае насычаную праграму. Разам з іерархам у Рым прыбылі святары Юрый Бараўнёў, Павел Самсонаў, Юрый Жаўняровіч, Аляксандр Грыцкевіч, Алег Півавар, Лешэк Вітвіцкі, Іван Кароткін і Юзаф Мацёнг, а таксама сястра-францішканка Ганна Блышко.
Беларускія госці наведалі Дыкастэрыю па камунікацыі, дзе змаглі пазнаёміцца з працай ватыканскіх медыя. Асаблівым духоўным момантам стала святая Імша, якую пілігрымы цэлебравалі ў легендарнай капліцы Ватыканскага радыё. “Гэта пілігрымка – асаблівы час ласкі, калі мы чэрпаем сілы з крыніц веры, каб несці святло Хрыста ў нашы супольнасці”, - падзяліўся біскуп Буткевіч.
Адначасова свой шлях пілігрымаў у Рыме праходзіць група з Пінскай дыяцэзіі на чале з біскупам Андрэем Зноскам. Іх візіт мае падвойнае значэнне: ён прымеркаваны не толькі да Святога Года, але і да важнай гістарычнай даты – 100-годдзя заснавання дыяцэзіі. Гэта нагода для падзякі Богу за пройдзены шлях і для малітвы аб будучыні Касцёла на Палессі. Кульмінацыяй візіту для абедзвюх груп стала агульная аўдыенцыя са Святым Айцом Львом XIV, якая адбылася 1 кастрычніка 2025 года. Прысутнасць біскупаў, святароў і вернікаў з розных куткоў Беларусі на плошчы святога Пятра стала яскравым сведчаннем жывой веры і еднасці мясцовага Касцёла з Касцёлам паўсюдным.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News Вярнуцца назад |