Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Ікона Хрыста Чалавекалюбцы вярнулася ў Маладэчна

Ікона Хрыста Чалавекалюбцы вярнулася ў Маладэчна


16.10.2008.
Ікона Хрыста Чалавекалюбцы вярнулася ў Маладэчна
12 кастрычніка ў грэка-каталіцкім Санктуарыі Хрыста Чалавекалюбцы ў Маладэчне адбылося ўрачыстае вяртаньне галоўнай іконы. У мінулым чэрвені яна была часова перададзеная ў Пастаральны цэнтр Сьвятога Язэпа ў Менск, каб перад ёй мог памаліцца Дзяржаўны Сакратар Яго Cьвятасьці Папы Бенядыкта XVI, Яго Эмінэнцыя Кардынал Тарчызіё Бэртонэ. Там ў капліцы яна захоўвалася да апошняга часу і перад ёй часта служыліся службы за ўсіх жыхароў гораду Менска.

У Маладэчна Ікону прывезьлі панамары (міністранты) менскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа, якія перад тым з тойжа Іконай зьдзейснілі пілігрымку ў Забрэзьзе (каля Валожына) - родную парафію Блаславёнага Міхала Сапоцькі.

Ікона Хрыста Чалавекалюбцы вярнулася ў Маладэчна
У Маладэчне службу вяртаньня Іконы Хрыста Чалавекалюбцы ўзначаліў Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, Архімандрыт Сяргей (Гаек). На ўрачыстасьці прысутнічалі грэка-каталіцкія і рыма-каталіцкі сьвятары і вернікі.

“Я вельмі цешуся, што сёньня гэтая Ікона вяртаецца ў санктуарый ў Маладэчне, – сказаў падчас свайго казаньня архімандрыт. – Яна шануецца тут ужо шмат гадоў. Гэты храм, прысьвечаны Хрысту Чалавекалюбцу, зьяўляецца вельмі каштоўным месцам не толькі для вас, парафіянаў, але і для ўсёй нашай Царквы. Кожны, хто прыходзіць сюды маліцца, атрымлівае шмат ласкаў. А “ласка” па-габрэйску азначае тое самае, што і “міласэрнасьць”. Ласка і міласэрнасьць – гэта тая ж самая рэчаіснасьць”.

Ікона Хрыста Чалавекалюбцы вярнулася ў Маладэчна
Архімандрыт Сяргей узгадаў таксама вялікіх апосталаў Божай Міласэрнасьці Слугу Божага Папу Яна Паўла ІІ і Блаславёнага сьвятара Міхала Сапоцьку, духоўніка сьвятой манахіні Фаўстыны (Кавальскай), які быў беатыфікаваны 28 верасня ў Беластоку. “Ён нарадзіўся непадалёк адсюль, у Забрэзскай парафіі цяперашняга Валожынскага раёна, – нагадаў архімандрыт. – Сваю першую Імшу служыў у мястэчку Лебедзева пад Маладэчнам. Фактычна яго жыцьцё прайшло паміж Маладэчнам, Вільняй і Беластокам, за выключэньнем пэўнага часу, калі ён жыў у Варшаве”.

Усе удзельнікі сумеснай малітвы атрымалі кнігу галоўнага пастулятора працэса беатыфікацыі Блаславёнага Міхала, мансіньёра Кшыштафа Ніткевіча “На шляхах Божай Міласэрнасьці”, што была выдадзеная ў Полацку стараньнем Санктуарыя Хрыста Чалавекалюбцы ў Маладэчне пры дапамозе каталіцкага Альянса „Dives in Misericordia” (Trento). Як расказаў настаяцель санктуарыя, айцец Яўген Усошын, кніга выйшла за два тыдні да гэтага. З італьянскай мовы на беларускую яе пераклаў айцец Андрэй Крот з Горадні.

Па словах айца Яўгена Усошына, Блаславёны Міхал Сапоцька, сьвятар і вызнаўца, будзе асаблівым чынам ушаноўвацца ў маладэчанскім санктуарыі. У храме ўжо памешчаная копія ягонай іконы.

Вольга Рудніцкая

(Паводле матэрыялаў сайта www.catholic.by)

Вярнуцца назад