Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Праведнік ці грэшнік?

Праведнік ці грэшнік?


19.09.2008.
Лк 6, 31-36
Праведнік ці грэшнік?

Дарагія браты і сёстры!


Магчыма для многіх будзе цікавым даведацца чым адрозьніваецца праведнік ад грэшніка. Якая паміж імі розніца? Часам мы думаем, што праведнік – гэта той, хто любіць іншага і робіць яму дабро. Наадварот жа, грэшны – гэта той, хто ня любіць іншага чалавека і чыніць яму благое. Усё вельмі проста! Але ці да канца гэта так? Ці так думае пра гэта сам Бог?

Сённяшні ўрывак з Евангельля дапамагае нам адказаць на гэтае пытаньне. ”І калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за тое падзяка? І калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі тое самае чыняць” (Лк 6, 32-33). Любіць бліжняга і рабіць добрыя ўчынкі не заўсёды значыць быць праведным перад Богам. Бо аказваецца ўсё гэта могуць чыніць таксама і грэшнікі. Усё гэта могуць рабіць людзі не набліжаныя да Хрыста, кіруючыся сваімі ўласнымі эгаістычнымі матывамі. Праведнасьць жа – гэта нешта іншае, нешта больш глыбокае і чыстае. “А вы любіце ворагаў вашых, і дабрачыньце, і пазычайце, не чакаючы нічога; і будзе вам узнагарода вялікая, і будзеце сынамі Ўсявышняга; бо Ён добры і да няўдзячных і да ліхіх”( Лк 6, 35). Праведнасьць – гэта значыць быць незалежным ад абставінаў і рабіць дабро заўсёды і ўсім, нават сваім ворагам. Рабіць гэта бескрысна, з любові, не шукаючы ніякай адплаты.

Не сакрэт, што нам, пабожным хрысціянам, не складана рабіць часамі добрыя ўчынкі для тых, хто ёсць побач з намі: для сваіх блізкіх і родных, для братоў і сёстраў у Хрысце, асабліва, калі яны з нашай Царквы. І ў гэтым мы можам дасягнуць вялікіх поспехаў. І гэта цудоўна. Але трэба заўсёды быць уважлівымі да сябе, ці ёсць гэта праведнасць. Можа мы робім гэта з нейкіх уласных эгаістычных матываў?!! Можа мы любім і робім дабро, бо спадзяемся атрымаць тое самае для сябе? Ці змаглі бы мы гэта зрабіць, таксама, для любога іншага чалавека?!! Хрыстос у сёньняшнім Евангельлі ставіць нам гэтыя пытаньні.

Паспрабуй на іх адказаць.

Вярнуцца назад