Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Біскуп Юрый Касабуцкі заяўляе пратэст на дзеянні сілавых структур на тэрыторыі Чырвонага касцёла

Біскуп Юрый Касабуцкі заяўляе пратэст на дзеянні сілавых структур на тэрыторыі Чырвонага касцёла


27.08.2020.
Біскуп Юрый Касабуцкі заяўляе пратэст на дзеянні сілавых структур на тэрыторыі Чырвонага касцёлаГенеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі заяўляе рашучы пратэст на дзеянні супрацоўнікаў сілавых структур, якія ўвечары 26 жніўня заблакавалі ўваход і выхад у касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл).

Іерарх папярэджвае дзяржаўныя ўлады Рэспублікі Беларусь і кіраўніцтва сілавых структур, што падобныя дзеянні з’яўляюцца недапушчальнымі і незаконнымі. Касцёл з’яўляецца святыняй Бога, якую могуць свабодна наведваць усе жадаючыя.

Блакаванне ўваходу і выхаду людзей супярэчыць гарантаванаму Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь праву грамадзянаў на свабоду сумлення і веравызнання, абражае пачуцці вернікаў і выходзіць за межы законаў чалавечых і Божых.

Біскуп Касабуцкі патрабуе неадкладна разблакаваць уваход і выхад з Чырвонага касцёла і не перашкаджаць нікому заходзіць у святыню і выходзіць з яе.

Пратэст Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага падтрымлівае Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі. Іерархі выказваюць надзею на тое, што падобныя дзеянні сілавых структур на тэрыторыі святыняў больш ніколі не паўтарацца.

Заява арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў сувязі з інцыдэнтам з удзелам супрацоўнікаў сілавых структур на тэрыторыі Чырвонага касцёла

Паводле catholic.by

Вярнуцца назад