Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Словы братэрскай салідарнасці і малітоўнай блізкасці ў час сумных падзеяў
Словы братэрскай салідарнасці і малітоўнай блізкасці ў час сумных падзеяў14.08.2020. |
|
Разам з тым Яго Блаславенства Святаслаў заклікаў верных УГКЦ да штодзённай малітвы а 21:00 за беларускі народ. *** Украінская Грэка-Каталіцкай Царква Вярхоўны Архібіскуп Кіева-Галіцкі Кіеў, 14 жніўня 2020 Яго Эксцеленцыі Тадэвушу Кандрусевічу, Архібіскупу Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму Высокадастойнаму архімандрыту Сяргею Гаеку, Апостальскаму візітатару для грэка-католікаў Беларусі Ваша Эскцэленцыя, Уладыка-архібіскуп Тадэвуш! Высокадастойны Архімандрыт Сяргей! У гэтыя драматычныя дні, калі беларускі народ змагаецца за свае правы і свабоды, абараняючы сваё волевыяўленне, сацыяльную справядлівасць і ўласную годнасць, прагну ад імя біскупаў, духавенства і вернікаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, выказаць вам, біскупам і духавенству Рыма-Каталіцкай і Грэка-Каталіцкай Цэркваў у Беларусі, манахам і манахіням, усім братам і сёстрам у Хрысце, ды ўсяму беларускаму народу, словы братэрскай салідарнасці і малітоўнай блізкасці. З трывогай у сэрцы мы назіраем за штодзённымі актамі гвалту над безабароннымі грамадзянамі, распазнаючы ў іх падзеі, апісаныя словамі псалміста: “Вось бо грэшнікі нацягнулі лук, нарыхтавалі стрэлы ў калчане, каб упоцемку страляць у праведных сэрцам. Бо што ты зрабіў, яны разбурылі, што можа праведнік учыніць " (Пс. 11, 2-3). Мы верым, што Госпад Бог, адзіны Уладар чалавечай гісторыі, нябачна прысутнічае на вуліцах і плошчах Беларусі, каб упэўніць гэты народ, які церпіць пакуты, у Сваёй блізкасці і збаўленні. Да Яго, усеміласцівага і ўсемагутнага Бога, Айца нашага нябеснага, прыносім нашыя просьбы і малітвы за беларускі народ, просячы ў Бога спынення гвалту, устанаўлення справядлівасці, міру ды грамадскага паразумення і згоды. Усведамляючы вялікія пагрозы цяперашніх падзей, мы таксама молімся пра абарону Беларусі ад знешніх варожых сіл, за захаванне адзінства беларускага народа, а таксама за незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць беларускай дзяржавы. Мы падзяляем з вамі ўсю нашу веру і цвёрдае перакананне, што нашы малітвы будуць пачуты, бо "Госпад справядлівы і палюбіў праўду. Твар Яго бачыць праведнасць" (Пс. 11, 7). Няхай Найсвятая Багародзіца, праслаўленая ў шматлікіх цудатворных іконах Беларусі, пакрывае ўсіх Вас Сваім нябесным покрывам і выпрасіць у Свайго Сына, Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, сваім умілаваным беларускім дзецям супакой, згоду, еднасць і нябеснае блаславенне! + Святаслаў *** Глядзіце таксама: http://ugcc.ua/news/glava_ugkts_visloviv_s...itvi_90551.html Вярнуцца назад |