Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Вечная памяць! Пахаванне кс. Юзафа Трубовіча
Вечная памяць! Пахаванне кс. Юзафа Трубовіча30.06.2020. |
|
Ксёндз прэлат адышоў у вечнасць 26 чэрвеня 2020 года, на 95-м годзе жыцця, у святарстве правёў амаль 64 гады.
Пахавальная Імша за супакой душы спачылага святара Юзафа сабрала мясцовых парафіян, а таксама іншых жыхароў горада над Нёманам, якія прыйшлі выказаць Богу ўдзячнасць за ўсё дабро, якое атрымалі ад ксяндза Трубовіча.
Прыбылі таксама святары з усёй Беларусі, якія былі звязаны з ксяндзом прэлатам, яго выхаванцы і тыя, падчас вучобы якіх у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Рызе ён быў прэфектам. Пахавальную св. Імшу саслужыў настаяцель гродзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай а. Андрэй Крот – протапрэзбітар Заходняга Дэканата Беларусай грэка-каталіцкай Царквы. Гэта быў знак ўдзячнасці гродзенскіх грэка-католікаў для кс. прэлата Юзафа за ягоную адважную дапамогу, якую ён даваў грэка-каталіцкаму душпастыру ў Гродне – а. Віктару Данілаву ў гады камуністычнага пераследу (1977-1988) і ў 1996-2005 гг.
Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі; саслужылі гродзенскія іерархі ардынарый біскуп Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі, а таксама біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, бо на тэрыторыі сённяшняй Віцебскай дыяцэзіі ў вёсцы Невяршыкі, якая належала да парафіі ў Плюсах, нарадзіўся ў 1926 г. ксёндз Юзаф Трубовіч.
Адчуваючы патрэбу ўдзячнасці і святарскай еднасці, прыбылі і дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.
Святая Імша адбылася на прыступках святыні, бо сённяшні касцёл, пры якім ксёндз прэлат Трубовіч служыў у якасці рэзідэнта амаль 21 год, не быў у стане змясціць усіх удзельнікаў літургіі.
У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што рысамі ксяндза Юзафа былі прастата і дабрыня, што прыцягвалі да яго многіх людзей. Ён, як дадаў арцыбіскуп, стаў духоўным айцом многіх будучых святароў, якія дзякуючы яго прыкладу руплівага служэння адкрылі сваё пакліканне і сёння працуюць не толькі ў Беларусі, але і ў Латвіі, дзе кс. Юзаф служыў больш за 20 гадоў.
На заканчэнне св. Імшы да прысутных звярнуўся біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх выказаў удзячнасць спачыламу за яго добрае і чулае сэрца, якое параўнаў з сэрцам Езуса. Цела спачылага было пахавана пры касцёле, у месцы, якое ён абраў сам, напісаўшы пра гэта ў сваім тэстамэнце.
+++
Ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч нарадзіўся на Віцебшчыне ў вёсцы Невярышкі 6 студзеня 1926 г. у сям’і Баляслава і Генавэфы Трубовічаў. Яго бацька быў шаўцом, маці – хатняй гаспадыняй.
Пакліканне да святарства ён адкрыў вельмі рана, яшчэ ў дзяцінстве. Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Рызе (Латвія), там жа атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук біскупа Казіміра Дульбінскага 30 верасня 1956 г. Пасля пасвячэння 20 гадоў служыў у Латвіі: спачатку быў вікарыем у Ліепаі, потым пробашчам у Курмене, а таксама ў Канкалі і Эрбергу. У Беларусь прыехаў у 1977 г. і па просьбе вернікаў Гродна распачаў служэнне ў гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай (францішканскі касцёл).
У 1988-1992 гг. быў прэфектам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Рызе, наступныя сем гадоў (з 1996 г.) – пробашчам катэдральнай парафіі святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне. 23 снежня 1999 г. прыбыў у гродзенскую парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе быў рэзідэнтам да самай смерці.
Кс. Юрый Марціновіч Фота: Эвеліна Лукашэвіч Паводле https://www.grodnensis.by/ Вярнуцца назад |