Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Пад малітоўным покрывам Апякуноў Еўропы
Пад малітоўным покрывам Апякуноў Еўропы11.03.2019. |
|
Гэтая духоўная эстафета праходзіць пад малітоўным покрывам святых Апякуноў Еўропы Кірылы, Мятода і Бенядыкта. 14 лютага быў успамін спачыну св. Кірылы, 14 сакавіка - памяць св. Бенядыкта Нурсійскага, 6 красавіка - успамін свяціцеля Мятода, архібіскупа Мараўскага - гэта важныя этапы эстафету "духовага асэнсавання".
У час Юбілею 1150-годдзя перадачы святымі Кірылам і Мятодам Папу Адрыяну ІІ Святога Пісання і літургічных тэкстаў на славянскай мове грэка-каталіцкія душпастыры хочуць дайсці да вернікаў усіх грэка-каталіцкіх парафій і супольнасцей з каштоўным сведчаннем Апосталаў і Настаўнікаў Славянаў. Гэта сведчанне сулучнасці традыцыі візантыйскага Ўсходу ды лацінскага Захаду. Для Беларусі, у якой знаходзіцца геаграфічны цэнтр Еўропы - гэта вельмі сімвалічна.
Пасля святкавання Юбілею ў Мінску, якое 9-га лютага ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі Архібіскуп Габар Пінтэр, шлях духоўнай эстафеты прабягаў праз парафіі і супольнасці Ўсходняга дэканата: Полацк і Наваполацк (17 лютага 2019 г.), в. Царкоўна каля Асвеі (23 лютага 2019 г.), Віцебск (3 сакавіка 2019).
Гэта былі станцыі духовага асэнсавання грэка-каталіцкай тоеснасці: вернасці візантыйскай літургічнай традыцыі і еднасці з Рымскім Апостальскім Пасадам. Пілігрымка да руінаў уніяцкай царквы у в. Царкоўна была часам малітоўнага ўспаміну ўніяцкіх святароў і вернікаў - ахвяраў г. зв. Полацкага "сабора" 1839 г., на якім - па палітычнаму заказу царскай адміністрацыі - прайшло "уз'яднанне" беларускіх уніятаў з дзяржаўнай Расійскай Праваслаўнай Царквой.
Грэка-каталіцкія парафіі Заходняга дэканата перанялі эстафету 9 і 10 сакавіка 2019 г. У суботу, 9 сакавіка прайшла душпастырска сінакса ў парафіі святых Братоў-Апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасці, 10 сакавіка малітоўны ўспамін духовай спадчыны святых Кірылы і Мятода ў Івацэвічах і Баранавічах узначаліў протапрэзбітар Заходняга дэканата - а. Андрэй Буйніч. У тую ж нядзелю 10 сакавіка Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей (Гаек) і вікарны душпастыр Заходняга дэканата а. Віталь Быстроў наведалі рыма-каталіцкі касцёл св. Бенядыкта ў Пінску, павіншавалі гэтую парафію ды падарылі для храму ікону святых Кірылы і Мятода.
Увесь гэты духовы подзвіг мінулых дзён праходзіў пад малітоўным покрывам Апякуноў Еўропы. Вярнуцца назад |