Духовая спадчына святых Кірыла і Мятода ды іхніх вучняў - асабліва жывая сярод хрысціянаў Македоніі. Гэтая спадчына яднае ўсе хрысціянскія Цэрквы славянскіх краінаў.
Аб гэтай "Еднасці ў вяшчанні Слова Божага" ішла размова ў рамках нефармальнага "братэрскага семінара" ў Скопье і Струміцы 30 лістапада - 3 снежня 2018 г.
Узгадвалася, што "1150 год таму Святыя Асветнікі славянаў Кірыла і Мятод прывезлі да Папы Адрыяна ІІ кнігі, перакладзеныя на стараславянскую мову, каб ён блаславіў іх для літургічнага ўжытку. Як вядома, гэтая падзея азначала новую эпоху ў гісторыі Царквы Хрыстовай у Еўропе. З блаславення Папы Адрыяна ІІ, Царква шырока адкрыла дзверы для славянскага свету".
Архімандрыт Сяргей (Гаек) узгадаў 500 год Бібліі ў перакладзе на старабеларускаю мову, зробленым Францішкам Скарынам. Таксама ён падараваў асобнік Новага Запавету на сучаснай беларускай мове Уладыку Кіро, біскупу візантыйска-каталіцкай епархіі Струміца - Скопье.
Напярэдадні, у пятніцу 30 лістапада, міжнародная група вернікаў наведала манастыр Сясцёр Маці Тэрэзы ў Скопье, дзе маліліся за ўсіх хрысціянаў Беларусі, асабліва за служэнне ў Беларусі Сясцёр Маці Тэрэзы.