Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Нябесны Ўладару, пасяліся ў нас!
Нябесны Ўладару, пасяліся ў нас!21.07.2008. |
ГРЭКА-КАТАЛІЦКАЯ МОЛАДЗЬ НА СУСТРЭЧЫ “МСМ ІВЯНЕЦ-СІДНЭЙ 2008”.
![]() Сьпяваў Акафіст менскі грэка-каталіцкі міжпарафіяльны хор “Прасфара” (да якога далучыліся некаторыя семінарысты БГКЦ), але ў хуткім часе ўся моладзь сабраная ў храме сьпявала прыпеў О Нябесны Ўладару, пасяліся ў нас! Такім чынам беларуская моладзь пачынала трэці дзень агульнабеларускага спатканьня “МСМ Івянец-Сіднэй 2008”. Варта дадаць, што акрамя рыма-католікаў і грэка-католікаў у сустрэчы ў Івянцы ўдзельнічала моладзь праваслаўная ды моладзь з пратэстанцкіх супольнасьцяў, а таксама тыя, якія толькі шукаюць шляху да Бога. Пасьля Акафісту, нягледзячы на позьні час - а гэта была ўжо другая гадзіна ночы (у Аўстраліі 12-я дня) - сотні вачэй узіраліся ў экран тэлебіма, дзе паказвалі, што адбывалася ў далёкай Аўстраліі, у рамках СДМ 2008. *** ![]() ![]() У суботу 19 ліпеня ў праграме МСМ удзельнічалі а. Андрэй Буйніч (які рупліва спавядаў моладзь) і с. Вікторыя з Менску. У той жа дзень пасьля абеду сьведчаньне свайго пакліканьня ў БГКЦ прадставіў удзельнікам сем. Андрэй Гайдукевіч. (Тэкст ягонага сьведчаньня памяшчаем ніжэй). Ва ўсёй праграме МСМ (і музычнай майстэрні) ўдзельнічаў а. Аляксандар Шаўцоў і трое семінарыстаў (Андрэй Гайдукевіч, Аляксандар Хахлоў і Даніла Мысленцаў) ды група дзяўчатаў з хору “Прасфара” . *** ![]() Пачынаўся дзень з Ютрані (паводле рыма-каталіцкай традыцыі), далей былі заняткі ў харавой групе, Сьвятая Імша, пад час якой розныя сьвятары вяшчалі Слова Божае да ўдзельнікаў майстэрні. Пасьля абеду і паабедзеннага перапынку пачыналіся заняткі ў абраным кірунку: праца над паставай голасу, рэгентскі курс, курс ігры на гітары і барабанах. Вечар быў, калі можна так сказаць, напоўнены праслаўленьнем Госпада. Выяўлялася гэта гучнымі сьпевамі і танцамі (канешне не ў храме, а на эстрадзе), якія былі падрыхтаваныя арганізатарамі і ўдзельнікамі музычнай майстэрні. У пятніцу 18 ліпеня “Майстэрня” ўлілася ў праграму міждыяцэзіальнай сустрэчы каталіцкай моладзі “МСМ 2008 Івянец-Сіднэй”. Як адзначыў у звароце да моладзі Мітрапаліт Тадевуш: “Францішкане першыя адгукнуліся на прапанову зрабіць “штосьці такое” і ЗРАБІЛІ!...”, таму гэтая сустрэча адбылася менавіта ў Івянцы. Калі спачатку нас было пару соцен, то ў пятніцу на час першай трансмісіі з Аўстраліі, дзе ў гэты самы час разам са Сьвятым Айцом сабралася моладзь з усяго сьвету, нас ужо стала амаль 2000. ![]() Дождж працягваўся і выдавалася што спатканьне магло “праваліцца”, таму што частка праграмы мела месца на вуліцы. Але жаданьне лучнасьці і сулучнасьці з Сьвятым Айцом і моладдзю ўсяго сьвету, сабранымі ў Сіднэі, прагненьне пачуць словы Папы сагравалі юнакоў і дзяўчат, а Божая Ласка, якая здавалася, сплывала разам з дажджом, давала сілы, каб сьведчыць аб сваёй прыналежнасьці да адзінай каталіцкай Царквы, каб сьведчыць аб сваім жаданьні прыняць моц Сьвятога Духа і быць жывым Евангельлем у сёньняшнім сьвеце. Алесь Хахлоў, Даніла Мысленцаў ТРЭБА ДАВЕРЫЦЦА БОГУ І ЗРАБІЦЬ КРОК ЯМУ НАСУСТРАЧ, НАВАТ КАЛІ ГЭТА ПАЛОХАЕ. Сьведчаньне семінарыста БГКЦ Кожны з нас рана ці позна паставіць перад сабой пытаньне: для чаго я жыву? Каб быць шчасьлівым, неабходна абавязкова знайсьці адказ. Пасьля школы я паступіў ва ўніверсітэт на гістарычны факультэт. За першыя гады вучобы я адкрыў для сябе шмат цікавага: новыя знаёмыя, новыя дысцыпліны, самастойнае жыцьцё, поўная свабода, як тады здавалася. Але з часам я пачаў адчуваць пустату ў сэрцы, чагосьці не хапала і не было радасьці, нягледзячы на маладыя гады. Толькі сёньня я разумею, што гэта Бог клікаў мяне да сябе. Яго голас гучыць заўсёды , і ад нас залежыць, ці мы яго пачуем і адкажам. З малых гадоў я не сумняваўся, што Бог існуе. Хачу вам сказаць, што Бог карыстаецца ўсімі сродкамі. Галоўнае, каб чалавек зразумеў гэты знак. Гэта могуць быць розныя знакі і, зразумела, людзі, якіх ставіць на нашым шляху Бог. Для мяне такім чалавекам быў а. Віктар Данілаў — грэка-каталіцкі сьвятар з Горадні (які прыехаў з Расеі). Незвычайны чалавек і сьвятар, а. Віктар – сапраўдны апостал Хрыста нашага часу, а таксама мучанік, вязень ГУЛАГа. Чалавек малітвы. З першых дзён знаёмства з ім я адчуў, што ў маім сэрцы зьявіўся агонь, які ўсё мацней распальваўся. Хацелася быць падобным да яго, слухаць і выконваць усё, што ён кажа. Я ведаў, што без выкананьня Божых законаў, без малітвы гэта немагчыма. У той час мы жылі ў інтэрнаце. Зразумелі, што нам патрэбна збірацца на малітву разам, запрашалі ўсё новых людзей. Паўстала невялічкая малітоўная група студэнтаў. (Сярод іх вельмі актыўным быў мой сябра Зьміцер; ён зараз манах-рэдэмптарыст, вучыцца ў семінарыі ў Львове). Радасьць Хрыста напаўняла ўсіх нас. Час ад часу мы запрашалі да сябе сьвятароў, семінарыстаў, манахаў. Гэта быў бласлаўлёны час. Аднойчы я зразумеў, што Бог кліча мяне да чагосьці большага — прабегла думка аб сьвятарстве. Але, разумеючы, што гэта патрабуе вялікіх намаганьняў, я пэўны час уцякаў ад Бога. Чалавек заўсёды хоча, каб усё было проста. Але так не бывае. Трэба даверыцца Богу і зрабіць крок Яму насустрач, нават калі гэта палохае. Бог усё растлумачыць у свой час. І вось цяпер я вернік Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы, а таксама вучуся на 4 курсе духоўнай семінарыі. Андрэй Вярнуцца назад |