Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Папа Францішак і Патрыярх Барталамей І разам заклікалі абараніць стварэнне
Папа Францішак і Патрыярх Барталамей І разам заклікалі абараніць стварэнне1.09.2017. |
|
“Апавяданне пра стварэнне сусвету дае нам панарамнае бачанне свету. Святое Пісанне адкрывае, што “на пачатку” Бог задумаў, каб чалавецтва супрацоўнічала з Ім у абароне і ахове прыроднага асяроддзя. На пачатку, як чытаем у Кнізе Быцця, “яшчэ не было на зямлі ніякага палявога куста і не расла яшчэ ніякая палявая трава. Бо Пан Бог не пасылаў дажджу на зямлю, і не было чалавека, каб апрацоўваць зямлю” (2,5). Зямля была нам даверана, як найвышэйшы дар і спадчына, за якую мы ўсе адказныя, пакуль, “напрыканцы”, усё на небе і на зямлі не будзе абноўлена ў Хрысце (пар. Эф 1,10). Наша чалавечая годнасць і дабрабыт глыбока злучаны з нашым клопатам аб стварэнні”, - гаворыцца ў дакуменце.
Адзначаецца, што зараз гісторыя свету паказвае цалкам іншую сітуацыю. “Яна дэманструе нам сцэнарый маральнага заняпаду, дзе наша стаўленне і паводзіны ў адносінах да стварэння засланяюць наша пакліканне як супрацоўнікаў Бога. Наша схільнасць да разбурэння кволых і збалансаваных экасістэм свету, няўтольнае жаданне маніпуляваць і кантраляваць абмежаваныя рэсурсы планеты, прагнасць здабыцця бязмежнай выгады на рынках – усё гэта адлучыла нас ад першапачатковай задумы стварэння. Мы больш не паважаем прыроду, як супольны дар; замест гэтага лічым яе прыватнай уласнасцю. Мы больш не сябруем з прыродай, каб падтрымліваць яе; замест гэтага мы пануем над ёй, каб умацоўваць нашы структуры”, - падкрэслілі прадстаяцелі.
Паводле Папы і Патрыярха, наступствы гэтага альтэрнатыўнага бачання трагічныя і доўгатрывалыя. “Чалавечая і прыроднае асяроддзе падлягаюць адначасоваму знішчэнню, а гэта знішчэнне планеты становіцца цяжарам для найбольш безабаронных яе жыхароў. Наступствы кліматычных зменаў у першую чаргу ўплываюць на людзей, якія жывуць у беднасці ва ўсіх часткай свету. Наш абавязак адказнага карыстання дарамі зямлі азначае прызнанне і павагу да ўсіх людзей і ўсіх жывых стварэнняў. Тэрміновы выклік і пакліканне да клопату аб стварэнні з’яўляюцца заклікам да ўсяго чалавецтва, каб прыкласці намаганні на карысць устойлівага і інтэгральнага развіцця”, - напісалі яны.
Кіраўнікі Цэркваў скіравалі заклік да ўсіх людзей добрай волі, каб прысвяцілі 1 верасня час малітве ў інтэнцыі навакольнага асяроддзя. “З гэтай нагоды мы жадаем скласці падзяку любячаму Стварыцелю за цудоўны дар стварэння і абавязацца бараніць і ахоўваць яго дзеля дабра будучых пакаленняў. Мы ведаем, што наша праца дарэмная, калі Пан не на нашым баку (пар. Пс 126-127), калі малітва не знаходзіцца ў цэнтры нашых разважанняў і цэлебрацыі. Канешне, мэтай нашых малітваў з’яўляецца змена разумення свету, каб змяніліся нашы адносіны да яго. Мэтай нашых прапановаў з’яўляецца заахвочванне да адвагі ў прыняцці большай прастаты і салідарнасці ў нашы стылі жыцця”, - гаворыцца ў пасланні.
Францішак і Барталамей І заклікалі ўсіх, хто мае адказнасць у грамадскай, эканамічнай, палітычнай і культурнай сферах, каб пачулі вокліч зямлі і заняліся патрэбамі маргіналізаваных асобаў, а перш за ўсё, каб адказалі на мальбу мільёнаў людзей і падтрымалі глабальны кансэнсус на карысць аздараўлення параненага стварэння. “Мы перакананыя, што не можа быць шчырага і трывалага вырашэння экалагічнага крызісу і кліматычных змен без узгодненага і супольнага адказу на яго, без сумеснай і супольнай адказнасці, без надання прыярытэту салідарнасці і служэнню”, - адзначылі прадстаяцелі Цэркваў.
Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле з 2015 г.. Францішак устанавіў яго падтрымаўшы ініцыятыву праваслаўных хрысціян, якія адзначаюць гэты Дзень з 1989 г.. Ён патлумачыў сваю ініцыятыву жаданнем вызнаўцаў Хрыста “зрабіць свой унёсак у перамогу над экалагічным крызісам, які перажывае чалавецтва” і заклікаў да сапраўднага “экалагічнага навяртання”.
Вярнуцца назад |