Парафія сьвятога Язэпа > Пілігрымка 2017 > Шлях малітвы і «добрага навучання» працягваецца
Шлях малітвы і «добрага навучання» працягваецца24.07.2017. |
|
Дэвізам пілігрымкі былі словы Францішка Скарыны з прысвячэння да выдадзенай ім 500 гадоў таму ў Празе Бібліі: «Людемъ посполитымъ к доброму научению». На паломніцкім шляху малітвы і «добрага навучання» пілігрымы карысталіся малітвамі з Малой падарожнай кніжкі Францішка Скарыны – у перакладзе на беларускую мову зробленым айцом Аляксандрам Надсанам.
Увага пілігрымаў была накіраваная да духоўнай спадчыны беларускіх сведкаў веры. Побач Францішка Скарыны пілігрымы змаглі пазнаёміцца і з постаццю ўніяцкага мітрапаліта Язэпа Вельяміна Руцкага, які шмат клапаціўся над справай «добрага навучання» моладзі на Беларускіх Землях. (Сёлета адзначаецца 380-я гадавіна завяршэнныя зямнога жыцця мітрапаліта Язэпа Вельяміна Руцкага (+1637) ды 400-годззе ягонай рэформы ўсходняга манаства – арганізацыі Ордэна базыльянаў).
12 і 13 ліпеня (серада і чацвер) пілігрымаў наведаў Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы архімандрыт Сяргей (Гаек), які ў гэтыя два дні ўзначаліў Боскую Літургію ў санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне. У чацвер, 13 ліпеня архімандрыт блаславіў ды аблачыў у духоўную вопратку (падраснік) грэка-каталіцкіх семінарыстаў Арцёма Калугіна ды Ціграна-Мікалая Латышава.
На паломніцкім шляху былі розныя нечаканыя, радасныя моманты, пра якія напішам у наступным “успаміне”.
*** У нядзелю – 16 ліпеня 2017 г., у Полацку ля храму св. Параскевы Полацкай, святочную Боскую Літургію для пілігрымаў і вернікаў Полацкай парафіі ўзначаліў архімандрыт Сяргей, які перадаў усім удзельнікам свята прывітанне ад Апостальскага Нунцыя ў Беларусі – архібіскупа Габара Пінтэра.
У гэтыя дні ўдзельнікі ХХХІІІ пілігрымкі праводзяць абмяркаванне (або лепш сказаць “асэнсаванне”) духовых пладоў паломніцкага подзвігу. Шлях малітвы і «добрага навучання» працягваецца. (Ніжэй дададзена І-я частка фота з галерэі).
Фота Аляксандра Маламы Вярнуцца назад |