Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > “Нашае сэрца не можа быць пустым, бо нашае сэрца — святое”

“Нашае сэрца не можа быць пустым, бо нашае сэрца — святое”


14.11.2016.

“Нашае сэрца не можа быць пустым, бо нашае сэрца — святое”Сведчанне ўдзельніцы рэкалекцый “Быць маладым хрысціянінам сёння… і заўтра” (якія прайшлі ў Баранавічах 5-7 лістапада 2016 г.)


1.Калі я даведалася пра тое, што ў нашай грэка-каталіцкай Царкве будуць рэкалекцыі (якія прайшлі напрыканцы Году Міласэрнасці - http://svjazep.org/engine/print.php?newsid=1761 ) — я была бязмежна шчаслівая, бо даўно разам з сябрамі марыла пра гэта. Мы чакалі гэтых рэкалекцый так, як дзеці чакаюць падарунка на дзень народзінаў. Прынамсі, я ведала дакладна, што гэтыя рэкалекцыі — чарговая цукерка ад Бога на нашым цярністым шляху.

 

Але за некалькі дзён да пачатку рэкалекцый у мяне з’явіліся абставіны, якія не дазвалялі паехаць на іх. Менавіта ў гэтыя дні я мусіла быць са сваёй сям’ёй. І выбар было зрабіць досыць цяжка. Бо, як вядома, нашае служэнне пачынаецца з сям’і. Я раілася са святаром і сябрамі. Але ўсе пакідалі выбар за мной. Я малілася. Прасіла. І за дезнь да ад’езду Бог прамовіў праз аднаго Брата, які нават не ведаў маіх ваганняў: “Няўжо вы думаеце, што калі вы вылучыце час, каб пабыць з Богам, Ён не ўладкуе тыя справы, які вы пакінулі? Бог уладкуе, бо Ён любіць вас”. І я прыняла гэта за адказ на маё пытанне. І ўсё сапраўды ўладкавалася фактычна адразу пасля таго, як я вырашыла ехаць у Баранавічы.

 

Яшчэ за пару тыдняў да рэкалекцый я зразумела (атрымала разуменне ад Бога) пра тое, што занадта мала часу прысвячаю Яму. У сэрцы я нават абурылася: “Божа, штодзённа я намагаюся хадзіць або на літургію або на малітву, штодзённа я чытаю Евангелле і малюся асабіста… І гэтага — мала? Па-мойму, улічваючы маю занятасць, гэтага — нават вельмі шмат!”. Але падчас рэкалекцый я зразумела — гэтага сапраўды мала.

 

2. На пачатку рэкалекцый айцец Андрэй Буйніч сказаў нам: “Малітва — гэта высілкі”. І сапраўды, мне было цяжка ўліцца ў рэкалекцыі. Бо я не люблю рэжым. А тут, на першы погляд, выглядала ўсё як у войску: табе вылучаецца час і ты мусіш у гэты час маліцца. Мусіш маліцца ў цішыні, калі табе хочацца маліцца ўголас, мусіш маліцца Ісусаву малітву, калі лепш пайшоў і паспаў бы. І маё незадавальненне падказала мне, што мая малітва дома — гэта малітва па натхненню. У мяне ёсць час, сілы, настрой — і я малюся. А калі няма гэтых варункаў, то я не малюся. А пасля яшчэ пачынаю шукаць прычыны паслаблення маіх стасункаў з Богам. Зрэшты, я пабачыла, наколькі ў маім штодзённым жыцці шмат мітусні. І лёгка маліцца ў парывах ці спешцы, не ўваходзячы нават у прысутнасць Божую. І на рэкалекцыях я доўгі час пераадольвала і ламала сябе, каб наўпрост увайсці ў малітоўны стан. Але нарэшце, калі ў мяне атрымалася, я зразумела, што Бог прыходзіць з цішыні нашага сэрца, а не з тых хвілін мітусні, якія мы Яму вылучаем.

 

3. У першы дзень рэкалекцый айцец Сяргей прапанаваў нам практыкаваць маўчанне, забраўшы пры гэтым нашыя мабільныя тэлефоны. Моўчкі мы харчаваліся, моўчкі перасоўваліся. Моўчкі пайшлі ў міні-пілігрымку да касцёла, які мае Браму Міласэрнасці. Спачатку маўчаць было сапраўды цяжка. Ідзеш, шэпчыш Ісусаву малітву. Пасля думаеш — незразумела пра што. А пасля пачынаеш выказваць Яму свае перажыванні і чаканні. Гэта цягнецца некалькі хвілін. Пасля глянеш наперад — ісці да касцёла яшчэ далёка. Зноўку апускаеш галаву і намагаешся ўвайсці ў кантакт з Ім. А казаць няма пра што. І цябе накрывае хваля бяссілля, злосці. Побач ідуць твае сябры і значна лягчэй было б паразмаўляць не з Ім, а пра Яго з імі. Але ў гэты момант ты прымушаеш сябе зазірнуць у глыбыні свайго сэрца. І ты пачынаеш казаць Хрысту тое, што, падаецца, ніколі б Яму не казаў — пра шлях, пра сонейка, пра сяброў, пра свае адчуванні зараз. Пасля ты заходзіш у касцёл на малітву зусім іншы. І выходзіш з касцёла іншы. Маўчанне ўжо не напружвае, але ўзбагачвае цябе. І ты ідзеш нібыта з сябрамі і нібыта адзін. І гэтае маўчанне — мацнейшае за размовы. Гэтае маўчанне ўводзіць цябе ў стан няспыннай малітвы.

 

Раней мне падавалася, што “няспынная малітва” падуладная толькі манахам ці асабліва моцным вернікам. Зараз я разумею, што запавет апостала Паўла можа выканаць любы хрысціянін, якія сапраўды гэтага прагне. Уладыка прапаноўваў нам малітву за малітвай, што распальвала сэрца, рабіла жаданне да малітвы няўтольным. Таму сам на сам ты ўжо не заставаўся — малітва лілася сама.

 

4. На рэкалекцыях нам выкладалі важную для ўсіх нас тэму — тэму сужэнства (падрыхтоўкі да сужэнства) . Для мяне гэтая тэма неразрыўна звязаная з асабістымі адносінамі з Богам. І айцец Андрэй Абламейка якраз значную частку сваіх лекцый прысвячаў менавіта гэтаму. Цэлы вечар дзяўчатамі мы размаўлялі з матушкай Святланай. Цікава, што напапярэдані мы казалі пра важнасць адкрытасці паміж сужонкамі і Богам. І Госпад так падзейнічаў, што нашыя размовы былі сапраўды адкрытыя — адкрытыя нават для тых, каму вельмі цяжка адкрывацца іншым.

 

5. Але найбольш важным на рэкалекцыях для мяне стала адкрыццё сваёй Царквы. Нашая Царква па сваёй прыродзе ўжо экуменічная. І праз гэта для мяне, напрыклад, цяжка было акдрыць яе самабытнасць, пабачыць сябе ў яе кантэксце, зразумець, што такое ўсходняя духоўнасць. Адзін хлопец, рыма-католік, пасля рэкалекцый сказаў мне: “Я сапраўды пабачыў, што ўсходняя духоўнасць — іншая”. Я не ведаю, што такое іншая духоўнасць. Але я сапраўды зразумела, што такое ўсходняя духоўнасць.Тут я адчула, што Мы — Цела Хрыстова, мы — адна Царква, самабытная Цакрва. Менавіта гэтая Цакрва паказала мне шлях да няспыннай малітвы. Яна адкрыла для мяне нашых святароў, яна адкрыла мне нашых вернікаў, з якімі я фактычна не кантактавала праз засцярожанасць на малітве, але з якімі развітвалася са слязьмі, бо нібыта адлучаеш ад сябе нешта жыццёва важнае. Праз нашу Царкву я адкрыла для сябе ўсё хараство Псальмаў. Праз нашу Царкву я зразумела, што варта сябе пераадольваць, варта шукаць Божую прысутнасць, варта маліцца Псалмамі, варта маліцца нават тады, калі табе гэтага зусім не хочацца. І гэта ўсё варта рабіць і працаваць, каб “Я пабег шляхам прыказанняў Тваіх, калі Ты пашырыў сэрца маё” (Пс 118:32).

 

6. Напрацягу ўсіх рэкалекцый мы размаўлялі пра паўнату нашага сэрца. Уладыка сказаў такія словы: “Нашае сэрца не можа быць пустым, бо нашае сэрца — святое”. І я прасіла Бога напоўніць напоўніцу ўласнае сэрца. Я намагалася сістэматызаваць і прамаліць усё тое, што нам казалі менавіта ў манастыры, бо ведала, што па прыездзе ў Мінск мяне закруціць хваля адвечных справаў. Але Ўладыка сказаў, што цяпер мы мусім ісці і сведчыць, бо вера толькі тады жывая, калі мы яе перадаем іншым. Бо хрысціяне жывуць у гэтым свеце, але не з гэтага свету.

 

З’язджаць без смутку не атрымлівалася. Але пасля я зразумела, што я не пакідаю Яго – я проста вазьму Яго з сабой. І з усіх-усіх сілаў буду намагацца не хаваць Яго у кут сваімі справамі. З усіх-усіх сілаў я буду намагацца, каб гэтыя рэкалекцыя не засталіся дзесці ў мінулым як прыемнае часабаўленне. Я буду намагацца пераносіць у сваё жыццё тыя пастановы, якія мне тады адкрыў Бог. Бо малітва, як і духоўная самадысцыпліна, патрабуе высілкаў. А высілкі — гэта маленькі крок да вернасці Богу.

 

Вікторыя Чаплева


Вярнуцца назад