Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Пасланьне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі на завяршэньне XIV штогадовай Пілігрымкі грэка-католікаў
Пасланьне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі на завяршэньне XIV штогадовай Пілігрымкі грэка-католікаў13.07.2008. |
Пасланьне Найдастойнага Апостальскага Нунцыя ў Беларусі на завяршэньне XIV штогадовай Пілігрымкі грэка-католікаў Полацк, 13 ліпеня 2008 г. Дастойны Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі! Пачэсныя Сьвятары, Манахі, Манахіні! Дарагія Браты і Сёстры! 1. Любоў Хрыста заахвочвае мяне, каб на завяршэньне вашай штогадовай Пілігрымкі з гораду Віцебск у горад Полацк зьвярнуцца да вас і каб клікаць на усіх багацьце «ласкі і супакою ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста» (пар. Рым 1,7) Тая ж самая любоў Хрыста заахвочвала ў гэтыя дні таксама кожнага з вас, каб з вераю, надзеяй і любоўю працягваць шлях евангельскага сьведчаньня ўздоўж дарог узьлюбленай Беларускай Зямлі ды каб разважаць над дзеяньнем Бога, які «хоча збавіць усіх людзей і давесьці іх да пазнаньня праўды» (1 Цім 2,4). З гэтай прычыны як дэвіз вашай пілігрымкі ў гэтым годзе і як тэму вашых разважаньняў падчас дарогі вы выбралі словы Апостала народаў – сьвятога Паўла, якія ён напісаў да хрысьціянскай супольнасьці Карынта «Любоў Хрыста заахвочвае нас» – «Caritas Christi urget nos»” (2 Кар 5,14). Заахвочвае нас любоў Хрыста, які ўзлюбіўшы сваіх да канца іх узлюбіў (пар. Ян 13,1). 2. У час вашай пілігрымкі і вашых разважаньняў вы хацелі, каб вашая любоў ператварылася ў малітву ня толькі за саміх сябе і за вашую царкоўную Супольнасьць, рассеяную па усіх частках гэтай прыгожай Краіны, але ў малітву за ўсю Каталіцкую Царкву, якой кіруе Наступнік сьвятога Пятра ды за ўсіх жыхароў узьлюблёнай Беларусі. Сапраўды, любоў Хрыста заахвочвае нас у кожны момант нашага існаваньня і, такім чынам, таксама сёньня, сабраныя ля царквы сьвятой Параскевы ў старажытным горадзе Полацку, вы моліцеся паводле словаў Літургіі сьвятога Яна Залатавуснага: - за супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых, - за супакой на усім сьвеце, добры стан сьвятых Божых Цэркваў і зьяднаньне усіх (літанія «мірная») Далучаюся да гэтай вашай малітвы ды разам з вамі, карыстаючыся словамі, якімі завяршаецца Боская Літургія, дадаю: Госпадзе, які бласлаўляеш тых, што бласлаўляюць Цябе, і асьвячаеш тых, што ўскладаюць на Цябе надзею, збаў людзей Тваіх і блаславі набытак Твой; захавай у цэласьці Царкву Тваю. (заамбонная малітва) 3. Калі сёньня служыце Боскую Літургію, уся вашая царкоўная Супольнасьць пачэснай і вялікай візантыйскай традыцыі, у поўнай сімфоніі з даручэньнем, які Хрыстос даў Апосталам перад узьнясеньнем на неба, жыве і выяўляе глыбокае і шчырае жаданьне кожнага хрысьціянскага сэрца: быць у сьвеце нястомнымі сьведкамі Ісуса Хрыста ў моцы Духа Сьвятога (пар. Дз 1,8). Гэта хацеў нагадаць вам таксама Найдастойны Кардынал Тарчызіо Бэртонэ, Дзяржаўны Сакратар Яго Сьвятасьці, калі амаль месяц таму, 19-га чэрвеня, сказаў вам: «Вы зьяўляецеся спадкаемцамі старажытнай традыцыі? літургічнай і кананічнай, якая мае поўную годнасьць у сьвятой Божай Царкве». Гэта ёсьць спадчына, якая забавязвае, і ад кожнага ды ад усёй царкоўнай Супольнасьці вымагае адказу на любоў Хрыста. 4. Калі пішу гэтых некалькі радкоў, запэўніваю малітоўную блізкасьць і Блаславеньне Сьвятога Айца Бенядыкта XVI кожнаму з вас ды вашай царкоўнай Супольнасьці. Адначасова складаю вам сьведчаньне маёй братэрскай любові і кожнага з вас сэрдэчна вітаю ў Хрысьце Ісусе, нашай надзеі (1 Цім 1,1), даручаючы вас «Богу ды слову ласкі Яго, якое мае магутнасьць збудаваць ды даць спадчыну з усімі сьвятымі» (Дз 20,32). Няхай кожны з вас зможа даць гатовы ды поўны адказ на любоў Хрыста, што заахвочвае нас. Мінск, 13 ліпеня 2008 г. +Марцін Тытулярны Архібіскуп Ніна Апостальскі Нунцый у Беларусі Вярнуцца назад |