Парафія сьвятога Язэпа > Навіны, Юбілейны Год Божай Міласэрнасці > “Мужна працягваць малітву аб добрых пладах сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Кірыла – праз заступніцтва Апосталаў Славянаў Кірыла і Мятода”
“Мужна працягваць малітву аб добрых пладах сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Кірыла – праз заступніцтва Апосталаў Славянаў Кірыла і Мятода”15.02.2016. |
|
Як вядома, на працягу мінулых дзесяцігоддзяў (ад ІІ-га Ватыканскага Сабору), Рымскія папы шмат разоў сустракаліся з патрыярхамі памесных праваслаўных Цэркваў. На гэты шлях хрысціянскага братэрства ўвайшоў у Гаване і Маскоўскі Патрыярхат Рускай Праваслаўнай Царквы. (Варта нагадаць, што ў мінулым першаіерарх Рускай (Кіеўскай) Царквы – мітрапаліт Ісідар, які меў прызначаную рэзідэнцыю ў Маскве, сустракаўся з першаіерархам Рымскай Царквы – папам Яўгенам IV у 1438–1439 гг. у Ферары, дзе пачаўся Ферара-Фларэнтыйскі Сабор - XVII Усяленскі).
Вынікам сустрэчы ў Гаване стала падпісанне сумеснай Дэкларацыі. Беларускія грэка-католікі далучаюцца да словаў Дэкларацыі «Прыносім падзяку славімаму ў Тройцы Богу за гэтую сустрэчу» (1). Абдымкі Папы Францішка і Патрыярха Кірыла – гэта каштоўны знак сапраўднага братэрства ў Хрысце.
2. Вялікая ўвага падчас Сустрэчы ўдзялялася драматычнай сітуацыі хрысціян на Блізкім Усходзе, а таксама ў іншых рэгіёнах. У прыватнасці, у 26 пункце Дэкларацыі гаворыцца пра становішча хрысціян ва Украіне. Хрысціяне на Блізкім Усходзе маюць права на агульнахрысціянскую салідарнасць і дапамогу. Усе жыхары Украіны маюць права на справядлівы мір і пашанаванне інтэгральнасці іхняй Бацькаўшчыны.
3. Грэка-каталіцкія душпастыры і вернікі ў Беларусі з асаблівай увагай прачытваюць пункт 25 Дэкрацыі, дзе запісана: «Спадзяёмся, што наша сустрэча зробіць уклад у прымірэнне там, дзе існуюць непаразуменні паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі. Сёння відавочна, што метад "уніятызму" былых стагоддзяў, які разумеўся як прыяднанне адной супольнасці да іншай, адрываючы яе ад сваёй Царквы, не з'яўляецца спосабам да аднаўлення адзінства. У той жа час, царкоўныя супольнасці, якія з'явіліся ў выніку гістарычных акалічнасцяў, маюць права існаваць і рабіць усё неабходнае для задавальнення духоўных патрэбаў сваіх вернікаў, імкнучыся да міру з суседзямі. Праваслаўныя і грэка-католікі маюць патрэбу ў прымірэнні і знаходжанні прымальных формаў узаемнага суіснавання».
На самой справе гэта адаптаваны тэкст Дэкларацыі з Баламанд у Ліване, (прынятай 23 чэрвеня 1993 г. Міжнароднай камісіяй для багаслоўскага дыялогу Каталіцкай Царквы і Праваслаўнай Царквы), які быў “візіраваны” прадстаўніком (святаром) Маскоўскага Патрыярхата, але які не быў прыняты іерархамі Рускай Праваслаўнай Царквы. Праз подпісы першаіерархаў Папы Францішка і Патрыярха Кірыла тэкст Дэкларыцыі з Гаваны атрымлівае найвышэйшае значэнне.
Беларускія грэка-каталіцкія душпастыры моляцца аб магчымасці атрымаць – згодна з тэкстам Дэкларацыі - «усё неабходнае для задавальнення духоўных патрэбаў сваіх вернікаў» ды гатовыя ў прымірэнні шукаць прымальных формаў узаемнага суіснавання з праваслаўнымі братамі і сёстрамі – на славу Божую і для дабра супольнай Бацькаўшчыны.
«Хочам надалей мужна працягваць малітву аб добрых пладах сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Кірыла – праз заступніцтва супольных святых – Апосталаў Славянаў Кірыла і Мятода ды пад іхняй апекай дзейнічаць не як супернікі а браты» – сказаў Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек) на багаслоўска-душпастырскім семінары, прысвячаным ушанаванню Роўнаапостальных Кірыла і Мятода, што прайшоў у Мінску ў суботу, 13 лютага 2016 г.
Прэс-служба Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі (а. Яўген Усошын) Вярнуцца назад |