Парафія сьвятога Язэпа > Да 100-годдзя біскупа Чэслава Сіповіча > У Друі прайшлі ўрачыстасці ў гонар 100-годдзя уніяцкага біскупа Чэслава Сіповіча

У Друі прайшлі ўрачыстасці ў гонар 100-годдзя уніяцкага біскупа Чэслава Сіповіча


1.09.2014.
У Друі прайшлі ўрачыстасці ў гонар 100-годдзя уніяцкага біскупа Чэслава СіповічаСвяткаванне стагоддзя з дня нараджэння беларускага біскупа Чэслава Сіповіча знайшло водгук у шматлікіх медыях Беларусі. Ніжэй падаем тэкст ад беларускага хрысціянскага інфармацыйнага партала Крыніца.info.

***

У Друі ўрачыста адсвяткавалі 100-гадовы юбілей першага беларускага грэка-каталіцкага біскупа новага часу Чэслава Сіповіча.

Галоўнай падзеяй, якая глыбока кранула сэрцы вернікаў, стала гамілія Апостальскага Нунцыя Клаўдыё Гуджэроці, упершыню за час працы арцыбіскупа ў Беларусі прамоўленая па-беларуску.

Ня толькі Друя, але й наваколлі прыйшлі паглядзець на незвычайных гасцей – акром Папскага Нунцыя і біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, на свята прыехаў вялікі ўніяцкі клір на чале з дапаможным біскупам Прэшаўскай архідыяцэзіі Мілянам Ляхам (Славакія), Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам, асістэнтам Апостальскага Візітатара для беларусаў замежжа мітрафорнага пратаіерэя Аляксандра Надсана а. Сяргеем Стасевічам (Лондан).

Ранкам, негледзячы на кепскае надвор’е, на могілках у вёсцы Дзедзінцы адбылося асвячэнне новых помнікаў на магілах бацькі і маці біскупа Сіповіча. Род Сіповічаў дагэтуль жыве на гэтых абшарах, праслаўленых яго выбітным сынам. Пад апладысменты аднавяскоўцаў дарослыя і дзеці сям’і Сіповічаў атрымалі добраслоўленне біскупаў у часе імшы. А а. Сяргей Стасевіч з Лондана зрабіў незвычанйы падарунак – ён прывез у Друю голас самога біскупа Сіповіча, запіс яго апошняй прамовы да грамадзянскай супольнасці свету, зробленай падчас удзелу ў пілігрымцы Крыжоў паняволеных народаў, апошняй пілігрымцы ў зямным жыцці волата духа.

У Друі прайшлі ўрачыстасці ў гонар 100-годдзя уніяцкага біскупа Чэслава СіповічаДруйскі кляштар, асоба і дзейнасць пробашча касцёла Святой Тройцы кс. Сяргея Сурыновіча – унікальны “свет у сабе”, які вабіць наведвальнкаў і шукальнікаў незвычайных мясцінаў. Напярэдадні свята айцец Сяргей зрабіў парафіі шмат падарункаў – упершыню за дзесяцігоддзі быў пабелены сам будынак, пачалася рэстаўрацыя разбуранага бальшавікамі алтара, наноў напісаны абраз св. Юзафа, некалі адзін з цэнтральных у касцёле (яго напісала мастачка Вольга Куваева), з’явіліся вялікія выявы чатырох евангелістаў, напісаныя на тле Друйскага кляштара мастаком Міхаілам Ставіцкім, выдрукаваныя памятныя абразкі ў гонар юбілея біскупа Сіповіча. У святочны дзень былі ўрачыста адчыненыя і асвечаныя мемарыяльная шыльда і бюст слыннага земляка, духоўная фармацыя якога адбывалася ў мурах Друйскага кляштара.

З Мінска на свята прыехала вялікая пілігрымка грэка-каталікоў на чале з архімандрытам Сяргеем Гаекам, да мінчукоў далучылі ўніяты з іншых куткоў Беларусі і нават біскуп з Славакіі Мілян Лях. Выхаванцы дзіцячага дома ў Друі, якія штолета адпачываюць у італьянскіх сем’ях, уразілі Апостальскага Нунцыя шчырымі вітаннямі на яго роднай мове. Ацанілі таксама замежныя госці і прамовы на італьянскай і славацкай мове, якія пачулі ад айца Сяргея Сурыновіча. Але найвялікшай падзеяй стала іншае – упершыню арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці цалкам прамовіў гамілію па-беларуску.

Люцыя Давыдчук, КРЫНІЦА.INFO

Вярнуцца назад