Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Памёр Прымас Польшчы на пенсіі кардынал Юзаф Глемп

Памёр Прымас Польшчы на пенсіі кардынал Юзаф Глемп


23.01.2013.
Памёр Прымас Польшчы на пенсіі кардынал Юзаф Глемп23 студзеня ў шпіталі ў Варшаве адышоў у вечнасць кардынал Юзаф Глемп, Прымас Польшчы на пенсіі. 83-гадовы іерарх не дажыў некалькі дзён да 30-годдзя надання яму кардынальскай годнасці.

Юзаф Глемп нарадзіўся 18 снежня 1929 г. у Інавроцлаве. Вывучаў філасофію ў духоўнай семінарыі ў Гнезне, затым тэалогію ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Познані. Святарскае пасвячэнне прыняў 25 мая 1956 г. у Гнезне. У 1956 годзе распачаў працу як катэхет і выхаваўца невылечна хворых дзяцей. Вучыўся ў Папскім Латэранскім універсітэце ў Рыме.

4 сакавіка 1979 г. папа Ян Павел ІІ прызначыў кс. Юзафа Глемпа біскупам Вармінскай дыяцэзіі. 7 ліпеня 1981 г. іерарх стаў арцыбіскупам Мітрапалітам Варшаўскім і Гнезненскім.

6 снежня 2006 г. з прычыны дасягнення іерархам пенсійнага ўзросту папа Бэнэдыкт XVI прыняў яго прашэнне аб адыходзе з пасады Мітрапаліта. З 7 студзеня да 1 красавіка 2007 г. кардынал Глемп з’яўляўся Апостальскім адміністратарам Варшаўскай архідыяцэзіі.

5–7 верасня 1988 г. па запрашэнні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта кардынал Юзаф Глемп наведаў Беларусь: Гродна, Ліду, Навагрудак, Мінск, Нясвіж, Пінск і Брэст. У той час кардынал вельмі моцна заступіўся за беларускіх католікаў, кажучы дзяржаўным уладам, што Касцёл у Беларусі павінен мець сваю іерархію і магчымасць рыхтаваць сваіх святароў, бо тут шмат католікаў. І сапраўды, пасля візіту іерарха сітуацыя Касцёла ў Беларусі пачала паляпшацца.

Пахаванне спачылага адбудзецца ў архікатэдральным касцёле св. Яна Хрысціцеля ў Варшаве 28 студзеня ў 11 гадзін.

Паводле Catholic.by

Вярнуцца назад