Пошук
Нядзельнае казаньне
|
субота
ЛІПЕНЯ |
"Magnifica humanitas": першая энцыкліка Льва XIV
Сёння, 25 мая 2026 года, была апублікавана першая энцыкліка Льва XIV. Дакумент пад назвай "Magnifica humanitas", падпісаны 15 мая 2026 года ў 135-ю гадавіну публікацыі "Rerum novarum" Льва XIII, прысвечаны сацыяльнаму вучэнню Касцёла ў эпоху лічбавых тэхналогій. (ПОЎНЫ ТЭКСТ ЭНЦЫКЛІКІ)
Пантыфік падкрэслівае, што тэхналогія не з'яўляецца "варожай сілай у адносінах да асобы" або злом сама па сабе, але яна таксама не нейтральная, бо набывае аблічча тых, хто яе фінансуе, стварае і выкарыстоўвае.
Свой роздум ён пачынае з выразнага папярэджання: "Цудоўнае чалавецтва, створанае Богам, стаіць сёння перад вырашальным выбарам: узвесці новую Вавілонскую вежу або пабудаваць горад, дзе Бог і чалавецтва жывуць разам".
Годнасць асобы як абсалютны прыярытэт
Разглядаючы дынамічны характар каталіцкага сацыяльнага вучэння, Леў XIV нагадвае пра фундаментальную і неад'емную годнасць чалавека, якая не дазваляе ператвараць яго ў вытворчы рэсурс для эксплуатацыі. Пантыфік рашуча выступае ў абарону жыцця ад зачацця да натуральнай смерці, называючы аборты і эўтаназію "сур'ёзна недапушчальным выбарам".
Асобная ўвага ў дакуменце ўдзяляецца правам меншасцей і жанчын, а таксама абароне народаў. Святы Айцец катэгарычна заяўляе, што "любая спроба або праект па знішчэнні ці падпарадкаванні народа з'яўляецца сур'ёзна амаральным і таму непрымальным".
Справядлівасць у лічбавы час азначае роўны доступ да магчымасцей і абарону найбольш слабых. "Вырашальным выпрабаваннем" грамадскай справядлівасці Папа называе стаўленне да мігрантаў. Ён таксама заклікае Касцёл да рахунку сумлення і ўважлівага слухання ахвяр розных злоўжыванняў.
Трэці раздзел "Magnifica humanitas" уважліва разглядае непасрэдныя выклікі штучнага інтэлекту. Леў XIV перасцерагае ад захаплення эфектыўнасцю і прыбыткам як адзінымі крытэрыямі прагрэсу. Штучны інтэлект выдатна імітуе чалавека, але ён абсалютна пазбаўлены маральнай свядомасці, эмпатыі і здольнасці да духоўных адносін.
Этычныя межы і экалагічная адказнасць
Папа патрабуе стварэння строгага этычнага кодэкса пад кантролем усяго грамадства. Асобна згадваецца і экалагічны кошт інавацый, якія патрабуюць каласальных аб'ёмаў вады і энергіі, наносячы непапраўную шкоду стварэнню.
Пантыфік настойліва заклікае "абяззброіць штучны інтэлект", катэгарычна вывеўшы яго з-пад логікі ваеннай і эканамічнай канкурэнцыі. У энцыкліцы змешчана моцная крытыка трансгуманізму і постгуманізму, якія разглядаюць развіццё як пераадоленне абмежаванняў нашай прыроды.
Леў XIV падкрэслівае, што мяжа – гэта не дэфект. Наадварот, "чалавек квітнее не насуперак абмежаванням, а часта праз іх", бо менавіта ва ўразлівасці нараджаецца здольнасць да клопату і шчырая адкрытасць на Бога.
Чалавек квітнее праз сваю ўразлівасць
У камунікацыйным асяроддзі Папа прапануе практыкаваць новую экалогію і вучыцца "пасціць ад штучнага інтэлекту", каб абараніць свабоду думкі і не страціць здольнасць задаваць пытанні. Новая індустрыяльная рэвалюцыя ў эканоміцы нясе прамую рызыку дэкваліфікацыі і беспрацоўя, калі ўкараненне аўтаматызацыі будзе арыентавана выключна на зніжэнне выдаткаў.
Леў XIV востра асуджае "архітэктуру бачнасці" ў сетках і новае каланіяльнае стаўленне да персанальных даных – масіўны збор інфармацыі для прадказання і арыентавання паводзін людзей, што прыводзіць да дыскрымінацыі найбольш слабых.
Ад прагназавання алгарытмаў да культуры міру
Звяртаючы ўвагу на глабальную бяспеку, дакумент рашуча адмаўляе выкарыстанне алгарытмаў у ваенных мэтах. Папа катэгарычна асуджае гонку ўзбраенняў і развіццё сістэм, дзе выкарыстоўваецца штучны інтэлект. Ён перакананы: "няма такога алгарытму, які мог бы зрабіць вайну маральна прымальнай". Наадварот, тэхналогіі толькі зніжаюць парог прымянення насілля і ператвараюць абарону ў аператыўнае прагназаванне, у якім ахвяры становяцца проста статыстычнымі данымі. Такі падыход прывучае чалавецтва да думкі, што гвалт непазбежны, а яго наступствы трэба толькі "аптымізаваць".
У гэтым кантэксце Пантыфік згадвае яшчэ адну трагедыю – новыя формы рабства сярод тых, чые знявечаныя целы выкарыстоўваюцца для здабычы рэдказямельных элементаў для тэхналагічнай індустрыі. Папа просіць свет не паддавацца ілжываму рэалізму і будаваць сапраўдную цывілізацыю любові.
Пантыфік звяртае ўвагу на крызіс шматбаковасці і з’яўленне "неўпарадкаванага і канфліктнага шматпалярнага свету", дзе недавер выцясняе імкненне да агульнага дабра. У сувязі з гэтым ён выказваецца за глыбокае рэфармаванне Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і ўсёй міжнароднай сістэмы. Папа падвяргае крытыцы "ілжывы рэалізм", які прапаведуе безнадзейнасць міру і схіляе да прымірэння з непазбежнасцю вайны.
Вернасць Евангеллю ў лічбавы час
Напрыканцы свайго разважання Леў XIV звяртаецца да рэлігійнага вымярэння канфліктаў. Ён строга папярэджвае: "Хто выкарыстоўвае імя Бога, каб апраўдаць тэрарызм, гвалт ці вайну, здраджвае Яго абліччу". Змагацца ў імя рэлігіі – значыць наносіць удар па самой рэлігіі.
Замест культуры сілы, якая вядзе да самазнішчэння, Пантыфік запрашае вернікаў будаваць "цывілізацыю любові", заснаваную на перамовах і шчырым імкненні да абароны чалавечай годнасці.
Падводзячы вынік, Папа запрашае ўсіх да вернасці Евангеллю нават у самых складаных лічбавых умовах. Энцыкліка становіцца заклікам не да страху перад прагрэсам, а да адказнасці за свабоду і чалавечнасць. Гэта напамін пра тое, што будучыню можна ўратаваць ад ператварэння ў механічны працэс толькі праз захаванне адкрытасці на Бога і бліжняга, бо менавіта ў гэтым заключаецца сутнасць "цудоўнага чалавецтва".
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News |
|
26.05.2026
|






Сёньняшняе чытаньне:
