18 красавіка ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася Імша падзякі Богу з нагоды 35-годдзя з часу заснавання Гродзенскай дыяцэзіі. З гэтай нагоды ў той жа дзень распачалася перэгрынацыя па ўсіх касцёлах Гродзенскай дыяцэзіі абраза яе галоўнай Апякункі – Маці Божай Міласэрнасці.
35-ю гадавіну з часу заснавання дыяцэзіі і адраджэння структур Каталіцкага Касцёла на Беларусі нездарма адзначылі ў катэдры – яна лічыцца маці ўсіх святыняў Гродзеншчыны.
Цэлебрацыю Імшы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, які кіруе дыяцэзіяй з 2024 г., прысутнічалі старшыня беларускага каталіцкага епіскапату Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які з 2013 па 2021 год быў дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, які ўзначальваў дыяцэзію з моманту яе заснавання ў 1991-м да 2024 г., Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі кс. прэлат Кшыштаф Сэрока, прэзбітэры, дыяканы, кансэкраваныя асобы, вернікі парафій Гродна і наваколля.