Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > СДМ Мадрыд 2011: рэтраспектывы і перспектывы

СДМ Мадрыд 2011: рэтраспектывы і перспектывы


9.09.2011.
СДМ Мадрыд 2011: рэтраспектывы і перспектывыЧарговы Сусветны Дзень Моладзі (СДМ) 2011 адбыўся ў Мадрыдзе 16 – 21 жніўня 2011 г. Дэвізам гэтага СДМ сталіся словы - "укаранёныя і збудаваныя на Хрысце, умацаваныя ў веры".

СДМ - гэта вялікае свята веры, якое кожны раз збірае вялікую колькасць людзей з розных куткоў свету. Так, папярэднія Дні Моладзі прайшлі ў Буэнас-Айрэс (каля 1 мільёна пілігрымаў), Санцьяга-дэ-Кампастэла (звыш 500 тысячаў), Чэнстахова (1,6 мільёна), Маніла (4 мільёны), Парыж (1,2 мільёны), Рым (2 мільёны), Таронта (800 тыс.), Кёльн (1,1 мільён), Сіднэй (400 тыс.).

У гэтым годзе Мадрыд прыняў каля 2 мільёнаў пілігрымаў з розных краінаў свету. Сярод іх было і больш за 600 пілігрымаў з Беларусі.

Асаблівую ўвагу хочацца звярнуць на групу пілігрымаў зарганізаваную грэка-каталіцкай парафіяй св. Мікалая Цудатворцы ды рыма-каталіцкай парафіяй св. Яна Хрысціцеля з г. Мінску. (Пробашчам гэтых парафіяў: а. Яўгену Ўсошыну ды кс. Ігару Лашуку – вялікі дзякуй за блаславенне ды арганізыцыйную дапамогу). Гэта група мела сапраўдны экуменічны характар, бо акрамя каталікой двух традыцыяў, у яе склад увайшла праваслаўная моладзь ды прадстаўнік неапратэстанскай супольнасці. Духовую апеку над групай пілігрымаў неслі а. Пахом (Кавалёў) з Мінску ды а. Андрэй Буйніч з Ліды.

Экуменічная група беларусаў

СДМ Мадрыд 2011: рэтраспектывы і перспектывыЭкуменічная група беларускай моладзі змагла здзейсніць сваю пілігрымку ў Мадрыд дзякуючы падтрымцы і патранату Архімандрыта Сяргея (Гаека), які ўзяў непасрэдны ўдзел у арганізацыі ды рашэнні некаторых практычных момантаў паломніцтва.

СДМ Мадрыд 2011: рэтраспектывы і перспектывыГрупа актыўна ўдзельнічала ў праграме СДМ, а менавіта ў катэхезах, якія праводзіў для беларусаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Уладыка Тадэвуш Кандрусевіч. Моладзь, каталікі і праваслаўныя, задавалі пытанні на тэму хрысціянскай веры. Гэтыя пытанні, несумненна, сведчылі пра неабыякавасць маладых людзей, якія імкнуліся зразумець, як практычна рэалізаваць хрысціянства ў сваім жыцці.

СДМ Мадрыд 2011: рэтраспектывы і перспектывыУ асобе Мітрапаліта Тадэвуша моладзь знайшла кампетэнтнага настаўніка. Вось, напрыклад, у адным з пытанняў была закранута праблема пераходу некаторых вернікаў з Праваслаўнай Царквы ў Каталіцкую. Мітрапаліт зазначыў, спасылаючыся на кананічнае права Каталіцкай Царквы, што такія вернікі лічацца de jure прыналежнымі да грэка-каталіцкай Царквы. Гэты адказ выклікаў рэзананс і дыскусію сярод моладзі па-за катэхезай.


Боская Літургія візантыйскага абраду

Ва ўдзельнікаў экуменічнай групы, значная частка якой належыла да усходняй літургічнай традыцыі, узнікла ў пэўны момант вялікае жаданне памаліцца ў сваім візантыйскім абрадзе. Гэткая магчымасць надарылася. У суботу, у перадапошні дзень СДМ, частка групы ўзяла ўдзел у грэка-каталіцкай Боскай Літургіі арганізаванай украінскімі грэка-католікамі.

Літургію ўзначалілі тры біскупа, сярод якіх быў дапаможны біскуп кіеўскай епархіі Уладыка Іосіф (Мілан). Пасля Боскай Літургіі Ўладыка Іосіф, які вядомы ў УГКЦ, як "моладзевы ўладыка", сустрэўся с беларусамі - адбылася радасная сяброўская размова.

Сем'і - сведчанне веры ў іншай культуры

Акрамя ўдзелу ў тэалагічнай і малітоўнай фармацыі, для ўдзельнікаў СДМ была прапанавана таксама і культурная праграма: гэта і наведванне музеяў, і ўдзел у адмыслова прыгатаваных канцэртах. Але самым каштоўным для беларускай моладзі з экуменічнай групы быў побыт у гішпанскіх сем'ях. Калі хтосці жыве ў сям'і, то гэта заўсёды добрая магчымасць, каб пазнаёміцца з сапраўднымі гішпанцамі, і не проста на вуліцы, а пазнаць іх глыбей, з сярэдзіны.

Несумнена, што гэтая сустрэча беларусаў і гішпанцаў узаемна ўзбагаціла, як першых, гэтак і другіх.

Канец СДМ?

Канешне, СДМ не скончыўся апошнім днём побыту ў Мадрыдзе. Чаму? Вельмі проста - беларускія пілігрымы з экуменічнай групы настолькі пасябравалі, што жадаюць працягваць гэтае сяброўства, вярнуўшыся на Радзіму.

Гэтак нядаўна ўжо адбылася сустрэча "ветэранаў" Мадрыду 2011 у Мінску, а некаторыя ўжо выказалі жаданне сустрэцца чарговы раз на парафіяльным свяце грэка-каталіцкай парафіі святога Язафата ў горадзе Ліда.

Всё гэта гаворыць пра тое, што СДМ Мадрыд 2011 дае свой плён сяброўства і ўзаемнага ўзбагачэння, які ўсцяж пашыраецца. І - хто ж ведае? - можа мы з'яўляемся сведкамі новага хрысціянскага руху, які ахопіць хрысціянскім аптымізмам і энтузіязмам усю Беларусь.

а. Андрэй Буйніч, Ліда

фота - Віталь Жартун, болей фотаздымкаў можна пабачыць тут

Вярнуцца назад