Парафія сьвятога Язэпа > Юбілейны год > Сведчанне пра паўсюднасць Каталіцкай Царквы
Сведчанне пра паўсюднасць Каталіцкай Царквы20.09.2010. |
|
А 10:00 гадз. грэка-каталіцкі міжпарафіяльны хор “Прасфара” з Мінска праспяваў Акафіст ў гонар Жаровіцкай Маці Божай. (Той жа хор спяваў і на Боскай Літургіі). У службе ўдзельнічалі ерархі: Уладыка Тарас (Сэнків), Апостальскі Адміністратар Стрыйскай грэка-каталіцкай епархіі (з Украіны), Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, Біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, віцэ-старшыня ККББ, і Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі, а таксама шматлікія святары візантыйскага і лацінскага абрадаў, сярод якіх а. правінцыял Марк Пшачэўскі і а. віцэ-правінцыял Андрэй Жылевіч – з Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў, што служаць у касцёле св. Андрэя ў Слоніме. Казанне прамовіў Біскуп Аляксандр Кашкевіч. Ён нагадаў вернікам, што на працягу стагоддзяў перад гэтай цудатворнай Жыровіцкай Іконай маліліся грэка-католікі, рыма-католікі, праваслаўныя, і што Жыровіцкая Маці Божая стала сапраўды Маці Еднасці хрысціянаў. І гэтая пабожная традыцыя працягваецца і жыве і ў нашыя дні. “Сёння, перад каранаванай Жыровіцкай Іконай Маці Божай мы хочам маліцца, каб Слова Божае было сапраўдным святлом для нашага жыцця, каб жыццё нашых сем’яў, жыццё моладзі і старэйшага пакалення ў нашай Краіне, было прасветленае Словам Божым”, – сказаў Біскуп Аляксандр. Ён таксама накіраваў да пілігрымаў прывітанне на польскай, літоўскай і расейскай мовах. На заканчэнне Боскай Літургіі ад імя Першаерарха Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Яго Блаславенства Любаміра (Гузара) і ад Сіноду Біскупаў УГКЦ словы прывітання да вернікаў накіраваў Уладыка Тарас. Быў таксама зачытаны Прывітальны ліст Прэфекта Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў Кардынала Леанарда Сандры і да вернікаў з Архіпастырскім Словам звярнуўся Апостальскі Нунцый у Беларусі Архібіскуп Марцін Відавіч. У супольнай малітве ўдзельнічалі шматлікія вернікі з Беларусі, Літвы, Расіі, Украіны, Польшчы, Аўстрыі ды Італіі, з якіх больш за 600 прыступіла да Святога Прычасця. Пасля Боскай Літургіі адбылася працэсія з Іконай Жыровіцкай Багародзіцы, якую неслі прадстаўнікі духавенства двух абрадаў. Падчас працэсіі спявалі хоры “Голас душы” і “Арханёл” з касцёла святых Сымона і Алены з Мінска. (Тыя ж хоры спявалі падчас братэрскай Агапы для пілігрымаў). Уся ўрачыстасць, якую ўзначаліў Прадстаўніка Святога Айца, Апостальскі Нунцый у Беларусі Ўладыка Архібіскуп Марцін Відавіч, была каштоўным сведчаннем паўсюднасці Каталіцкай Царквы, якая нясе сваё служенне ў розных абрадаў. Гэта быў час падзякі за апеку Маці Божай ды час малітвы аб Божым блаславенні для ўсіх жыхароў Беларусі. Вярнуцца назад |