Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Нядзеля 9-я, Мц.14.22-34
Нядзеля 9-я, Мц.14.22-3424.07.2010. |
|
«И дождь, и град, и непогоду, И ветер, бурю, молний гром, А не подумали о том, Что их Создатель еще краше, Еще сильнее…» а. Тамаш Падзява ( Демьян…950-960;Полацк 2003) Хто з вас плаваў па моры невялікім чоўнам? А хто па малым возеры? А можа хто з вас у дзяцінстве рабіў човен дома з крэслаў і адчуваў сябе бясстрашным капітанам? Я плаваў, а ў дзяцінстве з журнальнага століка рабіў карабель дальняга плаваньня... Гэты вобраз, які намаляваў эвангеліст: “ А лодка была ўжо на сярэдзіне мора, і яе біла хвалямі, бо вецер быў супраціўны.” (Мц14.24) вельмі вымоўны. Асабліва вымоўна я проста адчуваю, як сыходзіць “зямля” з-пад ног. А вада нават заліваецца праз барты. У такой сітуацыі цяжка захаваць спакой і душэўную раўнавагу. Адным гэта даецца лягчэй, іншым цяжэй, але кожны, каб даплысьці да мэты, павінен пастарацца. Але нам зараз добра б задумацца аб нашым жыцьці, аб так бы мовіць “жыцьцёвым моры ўсхваляваным бураю спакусаў” (ірмас 6 песьні Канону за памерлых). Усе людзі розныя, адныя жывуць у вялікіх “акіянах”, іншыя ў маленькіх “калюжах”, а іншыя, седзячы дома перад тэлевізарам, уяўляюць сябе “капітанамі”. І нават у апошніх, хоць “сядзеньне” перад тэлевізарам цяжка назваць жыцьцём, у жыцьці хапае страхаў, неўпэўненасьці і расчараваньня. У нас здараюцца такія сітуацыі, калі “зямля” сыходзіць з-пад ног, калі здаецца мы “прыплылі” і застаецца толькі маліцца і спадзявацца на Госпада. Толькі гэта і ёсьць, як навучае нас Слова Божае, самае мудрае рашэньне ў такой сітуацыі: “Але провід Твой, Ойча, кіруе караблём, бо Ты даў шлях у моры і бяспечную сьцежку ў хвалях, паказваючы, што Ты можаш ад усяго ўратаваць...” (Мдр.14.3-4) Вельмі важна, каб мы жылі з разуменьнем таго, што, па-першае, Ісус сам выправіў вучняў у мора (пар. Мц.14.22) – Бог ведае цябе, ты створаны на Яго вобраз, Ён хоча твайго збаўленьня, нават цаной Крыжовай Ахвяры. Па-другое, Ісус Хрыстос у складанай сітуацыі прыйшоў да вучняў (Мц.14.25-26), хоць вучні не адразу зразумелі гэта: “але Ісус адразу загаварыў зь імі і сказаў: “Падбадзёрцеся; гэта Я, ня бойцеся!” (Мц.14.27) – помні Ты не адзін, маліся і пачуеш, як пачулі апосталы: “Гэта Я, не бойся!” Вучні нядаўна былі сьведкамі, а нават удзельнікамі (пар. Мц.14.16) таго, як Хрыстос памножыў хлеб, але яны вырасьлі на беразе гэтага возера і лавілі ў ім усё жыцьцё рыбу, яны ведаюць, што па вадзе не ходзяць. Цудаў, канешне, хапае ў жыцьці, але па вадзе не ходзяць. Калі Пётр пачуў Госпада: “Ідзі”(Мц.14.29), ў захапленьні ён пайшоў на заклік да Яго, нават па вадзе. Жыцьцё з Богам – гэта часамі прыгода, і тады наш жыцьцёвы вопыт зусім нам не дапамагае, але наадварот замінае. Так сталася і з Пятром, калі ён глядзеў на Госпада, ён ішоў, калі ўбачыў хвалю – пачаў тануць (пар. Мц.14.30). Таму вельмі важна ўвесь час “глядзець на Госпада” – штодзённая малітва, магчыма, нават штодзённая Эўхарыстыя, частая Споведзь, размовы з духоўнікам і абавязкова штодзённае чытаньне Сьвятога Пісаньня – каб не забыцца мэты нашага жыцьця, каб не апынуцца “перад тэлевізарам”, а жыць сапраўдным жыцьцём, каб у сітуацыі, калі хваля перавышае нашу веру, закрычаць: “Госпадзе! Уратуй мяне!” (Мц.14.30), а пасьля ўбачыць працягнутую руку і пачуць: “Малаверны! Навошта ты засумняваўся?” (Мц.14.31) Запрасі Хрыста ў сваё жыцьцё і пабачыш, як “вецер сьціхне” (пар.Мц.14.32) Вярнуцца назад |