Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > НЯДЗЕЛЯ ЎСІХ СЬВЯТЫХ БЕЛАРУСКІХ

НЯДЗЕЛЯ ЎСІХ СЬВЯТЫХ БЕЛАРУСКІХ


14.06.2009.
Сьвяты – значыць шчаслівы
(2-я нядзеля пасьля Пяцідзесятніцы, Усіх сьвятых беларускіх)


Мц 4, 25 – 5, 12а / Рым 2, 10-16б


Дарагія браты, дарагія сёстры!

1. Сёньня сьвяткуем памяць усіх беларускіх сьвятых. Іх нямала было і ёсьць на нашай зямлі. Сярод іх Еўфрасіньня Полацкая, Кірыла Тураўскі, Мартын Тураўскі, Аўрам Смаленскі… У нашы часы склаў сьведчанне веры ды сьвятасці сваёй мучаніцкай сьмерцю экзарх а. Антон Неманцэвіч, ды іншыя беларускія грэка-каталіцкія сьвятары ХХ стагодзьдзя… Хто яны такія сьвятыя?

2. Нездарма слухалі мы сёньня фрагмент Евангельля, які зрэшты чуем і на кожнай Боскай Літургіі, калі сьпяваем трэцці антыфан: “Шчаслівыя”, ці як яшчэ называюць яго “запаветы шчасьця”. Гэты фрагмент можа дапамагчы нам знайсьці адказ на нашае пытаньне. Зарызыкую сцьвердзіць: сьвяты – гэта той, хто шчаслівы. З гэтага вынікае, дарагія, што той, хто шчаслівы, той сьвяты.

3. Пытаньне шчасьця зьяўляецца адным з самых фундаментальных, асноўных пытаньняў чалавечага жыцця. Пакажыце мне чалавека, які б не хацеў быць шчаслівым. Кожны хоча быць шчаслівым, кожны імкнецца па-свойму да шчасьця. Так было і так будзе, але… Але ці мы можам сказаць пра сабе, што мы больш шчаслівыя, чым тыя, якія жылі напрыклад 100 гадоў таму? Што такое шчасьце для нас, суседзяў па Зямлі?

“Мы шчасьлівыя, калі ёсьць “дзе сесьці і што з'есьці”, калі маем дом, сям'ю, машыну, грошы, працу, сяброў…”. Такі адказ дала б большасьць з запытаных аб шчасьці. Я сам даў бы такі адказ. Але Ісус аб шчасьлівых кажа інакш. Ён называе шчаслівымі тых, хто па-чалавечаму ня мае з шчасьцем нічога супольнага: убогія, тыя што плачуць, пакорлівыя, што прагнуць і смагнуць справядлівасьці, міласэрныя, чыстыя сэрцам, міратворцы, тыя што перасьлед церпяць і зьневажаныя дзеля справядлівасьці і з-за Хрыста .

Запаветы шчасьця – гэта ня сьпіс максімаў і не кодэкс этычных правіл, пры дапамозе якіх мы зможам штосьці мець . Не, запаветы шчасьця – гэта словы, якія дазваляюць нам быць . Быць сабой, існаваць – гэта ня мала і нялёгка. Больш таго – гэта прывілей Бога, Бога які “ёсьць той, хто ёсьць”.

4. Хтосьці можа запярэчыць: але ж як?! Як можна быць шчасьлівым, калі вакол столькі зла і несправядлівасьці? Калі я і сам у сваім сэрцы адчуваю разлад?..

Пэуны сьвятар сказаў вельмі мудныя словы: хрысьціянства не вырашае праблемы, яно іх здымае ! Гэтыя словы азначаюць, што нам трэба зрабіць высілак і паглядзець на нашае жыццё з іншай перспектывы – з перспектывы Уваскрослага Ісуса Хрыста, які з'яўляецца гарантам нашага жыцця і шчасьця.

Будзьма сьвятымі – Госпад зьняў нашыя цяжары! Будзьма сьвятымі – вясёлыя, радасныя, шчаслівыя. Будзьма сьвятымі – скажам самі сабе, што варта проста “быць”. Амін.

Вярнуцца назад