Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > НЯДЗЕЛЯ БЛУДНАГА СЫНА

НЯДЗЕЛЯ БЛУДНАГА СЫНА


1.02.2010.
У імя Айца і Сына і Сьвятога Духа.

Аповяд аб блудным сыне – не толькі аповяд аб падзеньні і аб граху, аб пакаяньні і аб прабачэньні, але ён паказвае нам таксама тую веліч, якую Бог бачыць у чалавеку і ў меру якой кожнаму з нас трэба вырасьці.

Як мякка, як лагодна гаворыць Госпад аб тым, што здарылася паміж сынам і бацькам, як Ён ціха, з болем і ласкай гаворыць аб тым, што бывае здараецца паміж намі і нашымі роднымі, бацькамі, блізкімі.

Гэтаму юнаку здалося, што вузка, цесна яму ў тым доме, дзе ён вырас, у тым становішчы, у якім яму належыць пражыць усё сваё жыцьцё, калі ён застанецца пры сваім бацьку. І вось ён ідзе да бацькі: дай мне, ойча, тое, што мне належыць пасьля тваёй сьмерці. Гэта сказанае так сьцісла і так жорстка. Гэты юнак быццам гаворыць бацьку: стары, ты ўжо разжыўся. Я жадаю таксама жыць, але не магу чакаць, пакуль ты памрэш, і я ад цябе буду вольны, калі мне дастанецца плён прац усяго твайго жыцьця. І на гэта бацька адклікаецца бясконцай літасьцю, ён сына не дакарае, ён яго нават не моліць апамятацца, ён схіляе галаву пад гэтым ударам, ён згаджаецца на тое, што для любімага сына ён зараз мёртвы, што сын яго прысудзіў да сьмерці жыўцом, што ён не існуе больш у душы, у любові, у сэрцы сына. І дае ён яму плён жыцьця свайго, усё, што яму належыць прыняць, калі памрэ бацька.
І сын сыходзіць, і ідзе ў сьвет. І там ён акружаны сябрамі, пакуль у яго ёсьць грошы, пакуль ад яго іншыя могуць узяць што-небудзь.

Ісус сапраўды паказвае нашу грахоўную прыроду. Усе мы такія. Усе мы па прыродзе сваёй ганарлівыя і наравістыя. Нам часта не дастаўлюць радасьці адносіны з Богам. Пакінуўшы Яго, мы ідзем сваёй дарогай. Мы дарма марнуем свой час і сілы. Прагны робіць гэта па-свойму, раб распусты па-свойму, а аматар забаваў па-свойму. Кожны з нас можа пазнаць сябе ў вобразе малодшага сына з гэтай прыповесьці. Калі хтосьці гэтага не разумее, значыць, ён яшчэ шмат чаго не бачыць. Ён духоўна сляпы. Можна не ведаць таго або іншага, але самае страшнае – не ведаць сябе. Шчаслівы той, хто, пакінуўшы грэх, зразумеў, хто ён ёсьць на самой справе! Шматлікія ж не ведаюць, не разумеюць. Мы бачым, як чалавек пераконваецца на сваім горкім досведзе: жыць у граху не так ужо лёгка. Так здараецца заўсёды. Грэх – жорсткі гаспадар, і рана або позна рабы граху ў гэтым пераконваюцца. Ненаверненыя людзі ніколі не бываюць па-сапраўднаму шчаслівымі. І хоць яны часта робяць выгляд, што жыцьцё выдатнае, усярэдзіне сябе яны разумеюць, што гэта не так. Мноства людзей адчуваюць, што яны духоўна хворыя. Яны незадаволеныя сабой, сваім жыцьцём і ім усё не падабаецца.

“Ойча! я зграшыў”. Гэтая думка наведвае хоць бы раз шматлікіх людзей. Мы павінны быць удзячнымі Богу за тое, што людзі пачынаюць так думаць. Хоць падобныя думкі самі па сабе не зьмяняюць сэрца, але яны могуць стаць пачаткам вялікіх зьменаў. Пачуцьце віны гэта яшчэ не навяртаньне, але ўсё ж можна сказаць, што яно – першы крок у правільным кірунку. Шматлікія людзі загінулі з-за таго, што ніколі наогул не задумваліся аб сваім жыцьці. Аднак мала проста "задумвацца". Добрыя думкі – гэта выдатна, але самі па сабе яны не ратуюць. Калі б малодшы сын толькі думаў і нічога не рабіў, ён бы так і застаўся жыць удалечыні ад дому да самой смерьці. Мы бачым чалавека, які зьвярнуўся да Бога, з праўдзівым пакаяньнем і верай, вярнуўся назад, у дом свайго бацькі, увасабляючы ў жыцьцё свае добрыя намеры і прызнаючы свой грэх. Ён "устаў і пайшоў". Гэтыя словы тлумачаць, што значыць праўдзівае пакаяньне і навяртаньне. Чалавек, у сэрцы якога пачаў дзейнічаць Сьвяты Дух, ніколі не задаволіцца аднымі разважаньнямі і рашэньнямі. Ён захоча расправіцца з грахом. Адроджаны чалавек пакіне свае ранейшыя кампаніі і перастане рабіць зло. Ён навучыцца чыніць добрыя справы. Ён з пакорлівым сэрцам зьвярнецца да Бога ў малітве, вызнае прад Ім свае беззаконьні, не шукаючы апраўданьня сваім грахам.

Справы – гэта сутнасьць пакаяньня на шляху збаўленьня. Перажываньні, сьлёзы, згрызоты сумленьня, жаданьні і рашэньні апынуцца бескарыснымі, калі не прывядуць да дзеяньняў, да зьмены жыцьця. Пачуцьці без дзеяньняў яшчэ горш, чым поўная адсутнасьць пачуцьцяў.
Узрадуемся, усьцешымся: ён вярнуўся!

Сыну па загаду бацькі прынесьлі першую вопратку: не самую лепшую, а тую вопратку, якую юнак скінуў з плечаў, перад тым як сыйсьці. Яшчэ больш – бацька яму дае пярсьцёнак. У старажытнасьці пярсьцёнак не быў проста ўпрыгожваньнем рукі. У тыя далёкія часы, калі мала хто ўмеў пісаць, пярсьцёнкам запячатвалі, як пячацьцю, усякі ліст, усякую свая заяву, і той, хто трымаў у руцэ пярсьцёнак іншага чалавека, меў уладу над яго жыцьцём, над яго маёмасьцю, над яго гонарам. І вось бацька дае яму пярсьцёнак – яму, які ўсім даказаў, што ён няварты ні яго любові, ні яго даверу – бацька ўсё аддае, аж да свайго жыцьця і гонару, і чаму? Не таму, што сын доўга яму распавядаў аб жаху свайго жыцьця на чужыне, а таму, што ён вярнуўся. Раз ён вярнуўся, значыць, ён усё зразумеў, значыць, ён можа зноў пачаць жыцьцё годнае сыноўства свайго.

Гэтая прыповесьць паказвае нам, што Бог ахвотна прымае раскаяўшагася чалавека, прабачаючы яго дарам. Гэтыя вершы кажуць нам аб бясконцай любові Госпада Ісуса Хрыста да грэшнікаў. Яны вучаць нас, што Ён жадае прыняць усіх, хто прыходзіць да Яго. Хрыстос дае ім поўнае прабачэньне адразу ж.
Які гэта нам прыклад! Як часта, калі мы з кімсьці пасварымся, чалавек да нас прыходзіць з трапятаньнем у душы, саромеючыся, не ведаючы, як мы яго прымем, толькі ў надзеі, што калі мы адкрыем дзверы на яго стук, то твар наш празьзяе радасьцю. І як часта бывае, што мы адчыняем дзверы свайго сэрца або сваёй кватэры і глядзім на яго сурова і гаворым: што, вярнуўся? з чым жа ты вярнуўся? зразумеў сваю віну? каешся? працяты сорамам? згарэў у сораме? Ну добра, паспрабуем зноў сябраваць, паспрабуем пагадніцца, але памятай: пры першым тваім няправільным кроку ўсё табе ўзгадаецца. Хіба мы не так паступаем часта?

У прыповесьці бацька ўсё жыцьцё і гонар сыну аддае: вось як да нас ставіцца Нябесны наш Айцец. Мы ўсе, як блудны сын, жадаем ад Яго ўсё атрымаць, але калі атрымоўваем – растрачваем у сьвеце. Мы не гаворым, вядома, "памры" Богу – але Госпад на Крыжы памёр па прычыне нашых грахоў. Хіба не пара кожнаму з нас пакаяцца, кожнаму з нас зразумець, што ён асірацелы, бяздольны ў гэтым сьвеце, калі няма ў яго бацькоўскага дому, калі Бог яму не Айцец, калі Царква яму не маці, калі няма ў яго радзімы нябеснай? Зьвернемся ж да Яго і скажам: Ойча, зграшыў, зграшыла я, зграшылі мы ўсе разам перад Табой, мы нявартыя называцца Тваімі дзецьмі. Хто можа ў нас пазнаць Твой вобраз у нашым жыцьці? Хіба зьзяе праз нас прыгажосьць вечнасьці? І Айцец нас прыме, верне Свой давер, і тады застанецца нам адно, з падзякі, з горкага досьведу нашага без Бога, з любові, якая адказвае на Божую любоў даказаць усім жыцьцём, што мы сталі Богу сапраўды свае, родныя, ужо не толькі як бы выпадкова, па целе, але і па духу, што мы сталі дзецьмі Ўсявышняга, братамі і сёстрамі Таго, Хто па любові крыжовай Сваёй стаў Братам нашым і Збавіцелем, Госпадам Ісусам Хрыстом.

Амін.

Вярнуцца назад