Парафія сьвятога Язэпа > Галерэя > Сьвяткаваньне Нараджэньня Хрыстовага (Фотагалерэя)
Сьвяткаваньне Нараджэньня Хрыстовага (Фотагалерэя)6.01.2010. |
|
Вось ужо заканчваецца калядны час паводле нашае традыцыі і гэта натхняе нас прыгадаць радасьць ад сьвяткаваньня, якую мы разам з нашымі дзецьмі перажылі на самым пачатку, 25 сьнежня, ў дзень Божага Нараджэньня. Насамрэч супольнае сьвяткаваньне парафіяў Праведнага Язэпа і сьв. Мікалая пачалося яшчэ ўвечары 24-га з урачыстай вячэрні з літургіяй Васіля Вялікага, якая паводле старажытнай царкоўнай традыцыі служыцца ў навячэр'е (вечар напярэдадні) самога Сьвята. 25-га сьнежня а 12-й гадзіне, адразу пасьля ўрачыстай сьвяточнай Літургіі Яна Залатавуснага, адбылося сьвяткаваньне для ўсіх нашых дзетак і іхніх бацькоў. Мерапрыемства распачалося ў памяшканьні парафіяльнай бібліятэкі на другім паверсе душпастырскага цэнтра Праведнага Язэпа па вул. Арджанікідзе,6. Для дзяцей былі арганізаваныя гульні і прадстаўленьне гісторыі Нараджэньня нашага Збаўцы Ісуса Хрыста, ў якім нечакана для сябе ўзялі ўдзел шэраг бацькоў і дзяцей, якія прымерылі на сябе ролі Язэпа, Марыі, Гаспадара гасьцініцы, Ірада, Мудрацоў і Анёла, ды таксама прысутныя сьвятары, якія гралі адпаведныя ролі пастухоў, што прыйшлі ўшанаваць Народжанага. Пасьля прадстаўленьня быў паказаны тэатр ценяў, з дапамогаю якога дзеці маглі даведацца гісторыю жыцьця і цудаў сьвятога Мікалая. Гэты тэатр быў па-майстарску зроблены і паказаны рукамі спадарыні Алены Маркоўкі, якой хацелася б выказаць адмысловую падзяку. Другая частка сьвяткаваньняў адбывалася ўжо на першым паверсе, ў памяшканьні капліцы, дзе дзеці мелі нагоду сустрэць самога Мікалая, прачытаць яму свае вершы, прасьпяваць песьні ды арганізаваць карагод. Кожнага з прысутных дзяцей чакаў падарунак і салодкі стол у парафіяльнай кавярні "Эмаус", дзе іхнюю салодкую радасьць маглі разьдзяліць таксама і бацькі. Вялікі дзякуй за падрыхтоўку сьвята ўсім, хто ў нейкі спосаб спрычыніўся да гэтага: - Дзякуй скаўтам і скаўткам, за падрыхтоўку і правядзеньне мерапрыемства, - дзякуй старшыні парафіі сьв. Язэпа, сп. Анатолю Сёмусе, за клапатлівую арганізацыю падарункаў, - дзякуй алтарнаму братству і нашым вандроўніцам, за ўпрыгожваньне парафіяльнага цэнтру і стварэньне каляднай выставы на вуліцы, - яшчэ раз дзякуй спадарыні Алене Маркоўцы за цудоўны тэатр ценяў, - дзякуй усім акторам, якія шыкоўна адыгралі свае ролі, ня гледзячы на тое, што ня ведалі раней аб гэтым, - дзякуй сьв. Мікалаю і Тобі, за тое, што знайшлі час заехаць (ці заляцець) да нас на сьвята! - дзякуй усім парафіянам, якія ахвяравалі час на розныя іншыя працы і дапамогу, і якія ахвяравалі грошы на падарункі дзецям, - дзякуй усім, хто ўдзельнічаў у сьвяце, за вашыя ўсьмешкі і супольнае сьвяткаваньне. а. Алесь Аўдзеюк, адмін. парафіі сьв. Язэпа Вярнуцца назад |