Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Восеньскі малітоўны ўспамін памерлых
Восеньскі малітоўны ўспамін памерлых1.11.2009. |
|
У грэка-каталіцкіх парафіях і супольнасьцях працягваецца восеньскі малітоўны ўспамін памерлых. У візантыйскай літургічнай традыцыі бацькоўская Дзьмітрыеўская (зьмітраўская) субота прыпадае ў суботу перад днём памяці сьв. Вялікамучаніка Дзьмітрыя Салунскага (у гэтым годзе гэта 24 кастрычніка паводле грыгарыянскага каляндара і 7 лістапада паводле юліянскага каляндара). У рыма-каталіцкім Касьцёле днём асаблівай малітвы зьяўляецца 2 лістапада – Успамін усіх памерлых вернікаў (Дзень задушны). Адрадзілася таксама старажытная беларуская традыцыя ўспаміну продкаў на “Дзяды” – 2 лістапада, калі могілкі наведваюць рыма-католікі, грэка-католікі, праваслаўныя, а таксама, тыя, хто не наведвае храм. * * * Гэта быў таксама дзень асаблівага ўспаміну памерлых у грэка-каталіцкіх парафіях г. Віцебска. У суботу, 31 кастрычніка 2009 г., (у г. зв. “дзядоўскую” суботу) вернікі Полацкай грэка-каталіцкай парафіі сьвятамучаніка Язафата маліліся ля крыжа ў м. Струньне (каля Полацку), на месцы рэзыдэнцыі і пахаваньня ўніяцкіх мітрапалітаў. Паніхіду ўзначаліў віцэ-дэкан а. Аляксандр Шаўцоў. У тую ж “дзядоўскую”суботу 31 кастрычніка 2009 г. Боскую Літургію за ўсіх памерлых вернікаў адслужыў у капліцы нашага парафіяльнага цэнтра сьв. Язэпа Архімандрыт Сяргей. Гэта быў таксама дзень успаміну 65-х угодкаў сьмерці Львоўскага грэка-каталіцкага Мітрапаліта Андрэя (+1 лістапада 1944 г.) У нядзелю, 1 лістапада 2009 г., паніхіду за ўсіх памерлых вернікаў ды за ўсіх ахвяраў войнаў і перасьледу адслужыў на Кальварыйскіх могілках Архімандрыт Сяргей. У той жа дзень на Маскоўскіх могілках маліўся а. Пахом Кавалёў. На могілках у Альбярціне (частка Слоніма), сядзібе Усходняй Місіі Айцоў Езуітаў і месцы служэньня грэка-каталіцкага экзарха-пакутніка Антона Неманцэвіча (+1943), маліліся вернікі грэка-каталіцкіх парафіяў Слоніма, Альбярціна, Івацэвічаў, Бярозы. Паніхіду служыў а. Алесь Аўдзяюк. У панядзелак, 2 лістапада 2009 г., у 17:30 будзе адслужана паніхіда на магіле протапрэзьбітара Яна Матусевіча на Кальварыйскіх могілках. Пасьля паніхіды заўпакойная Боская Літургія будзе адслужаная ў капліцы душпастырскага цэнтра Парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі па зав. Сьнежным, д. 7. У нядзелю, 8 лістапада, малітоўны ўспамін уніяцкіх мітрапалітаў адбудзецца ў грэка-каталіцкай парафіі сьв. Міколы Цудатворцы ў рамках Боскай Літургіі а 15:00 гадз., у касьцёле айцоў-Салезіянаў па вул. Пляханава ў Менску. * * * У блаславёным сьне іх дай, Госпадзе, знайсьці вечны супакой душам памерлых слугаў Тваіх і ўчыні ім вечную памяць. Вечная памяць, вечная памяць, вечная памяць! Вярнуцца назад |