Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > “УЗГАДАЦЬ ПЕРАД ГОСПАДАМ ДУШЫ БЯЗЫМЕННЫХ СЛУГАЎ БОЖЫХ”
“УЗГАДАЦЬ ПЕРАД ГОСПАДАМ ДУШЫ БЯЗЫМЕННЫХ СЛУГАЎ БОЖЫХ”14.10.2009. |
|
Пасьля Боскай Літургіі Архімандрыт Сяргей узначаліў паніхіду за ўсіх памёрлых, чые астанкі і косьці былі знойдзены у падмурках базыліянскай царквы Сьвятога Духа. “У малітве хочам аддаць Госпаду наш глыбокі боль па прычыне разбурэньня пахавальнай крыпты і прафанацыі парэштак захаванага там сьвятаслужыцеля” – сказаў а. Яўген перад паніхідай. Як вядома на пачатку мінулага месяца верасьня, падчас працы коўш экскаватара прабіў невядомую крыпту (пахавальны склеп), не пазначаную ні на адным з планаў царквы. Былі выкліканыя спецыялісты з Інстытута археалогіі НАН Беларусі, якія пачалі прафесійна раскопваць крыпту. Астанкі фундатараў царквы засталіся некранутымі, нягледзячы на нешчасьлівы лёс храма. Побач са знойдзеным склепам была знойдзена шмат раскіданых касьцей. “Для вернікаў і для ўсіх цывілізаваных людзей парэшткі памерлых - гэта рэч сьвятая. Нашыя продкі, якія там пахаваныя, жыхары і дабрадзеі горада Менска, маюць права на пашану з боку ўсіх жыхароў Менска. Грэка-каталіцкія вернікі чакалі, каб годна, з малітвай, пахаваць у адным з месцаў новых фундаментаў будоўлі сабраныя косьці. Мы чакалі таксама, згодна з абяцаньнямі працаўнікоў КУП “Мінская спадчына,” на прафесійны перанос крыпты. На жаль у мінулы чацьвер - 8.10.2009 г. вечарам працаўнікі КУП “Мінская спадчына” разбілі крыпту і зьняважылі астанкі захаванага там манаха” – дадаў з болем а. Яўген. У нядзелю вечар 11.10.2009 Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы Архімандрыт Сяргей (Гаек), у суправаджэньні віцэ-дэкана а. Яўгена Усошына, пайшоў паглядзець асабіста на месца раскопкаў. Там яны пабачылі варварскі зьнішчаную (разьбітую) крыпту, раскіданыя часткі труны і косьці нябошчыка. Акт дзікага варварства, зьдзейсьнены над спадчынай грэка-каталіцкай (уніяцкай) Царквы, у цэнтры еўрапейскага гораду - сталіцы нашай Рэспублікі Беларусь, побач сьвятых месцаў братоў рыма-католікаў і праваслаўных. “Жах і боль не пазваляе нам каментаваць гэты акт дзікага варварства” – сказаў Архімандрыт Сяргей. “Мы, грэка-каталіцкія вернікі г. Менска, удзячныя дзяржаўным Уладам і прадстаўнікам аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасьцей Мінскага гарвыканкама за падтрымку патрабаваньня Кіраўніцтва нашай Царквы, каб крыпта была адбудаваная (рэканструяваная) ды каб сьвятыя парэшткі нашых продкаў маглі быць ізноў, з пашанай і нашай малітвай, складзены на месцы, дзе яны былі першапачаткова захаванымі” – сказаў адзін з вернікаў – удзельнікаў малітвы. “Мы ўдзячныя шматлікім хрысьціянам розных канфесіяй за малітоўную і маральную падтрымку нашых патрабаваньняў” – дадаў а. Яўген. Вярнуцца назад |