Парафія сьвятога Язэпа > Юбілейны год > НА ШЛЯХУ ДА ЮБІЛЕЮ
НА ШЛЯХУ ДА ЮБІЛЕЮ8.09.2009. |
|
У 2010 годзе прыпадае 280 год з часу каранацыі Іконы Маці Божай Жыровіцкай папскімі каронамі. 8 (19) верасьня 1730 г., у сьвята Нараджэньня Найсьвяцейшай Багародзіцы, кіеўскі уніяцкі мітрапаліт Атанасій Шаптыцкі, у прысутнасьці пасланьніка Папы Рымскага, двух уніяцкіх біскупаў (Тэафіла Гадэбскага, уладыкі Ўладзімірскага і Берасьцейскага ды Юрыя Булгака, уладыкі Пінскага і Тураўскага), шматлікага духавенства візантыйскага і лацінскага абрадаў і дзясяткаў тысячаў вернікаў зьдзейсьніў урачысты акт каранацыі залатымі папскімі каронамі Іконы Маці Божай у Жыровіцах. Была гэта першая каранацыя цудатворнай іконы папскімі каронамі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. 6 верасьня 2009 г., у першую нядзелю новага царкоўнага году, беларускія грэка-католікі пачалі Год падрыхтоўкі да Юбілею ўрачыстасьці каранацыі Жыровіцкай Іконы Багародзіцы. Боскую Літургію на адкрыцьцё Юбілею адслужыў у парафіі Іконы Маці Божай Жыровіцкай у Івацэвічах Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек). У грэка-каталіцкіх парафіях ды супольнасьцях у Беларусі малітоўнае адкрыцьцё падрыхтоўкі Юбілею адбываецца 8 верасьня – у сьвята Нараджэньня Багародзіцы або ў бліжайшую нядзелю – 12 верасьня 2009 г. Вярнуцца назад |