Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Папа ў Чыклаё: свет чакае нас, місія толькі пачынаецца

Папа ў Чыклаё: свет чакае нас, місія толькі пачынаецца


14.11.2026.

Папа ў Чыклаё: свет чакае нас, місія толькі пачынаеццаУсе ахрышчаныя, незалежна ад сваёй ролі ў Царкве, зьяўляюцца вучнямі-місіянерамі, і таму пакліканыя актыўна ўдзельнічаць у місіі абвяшчэньня Евангельля, – сказаў 13 лістапада 2026 году Папа Леў XIV падчас свайго Апостальскага падарожжа ў Перу на сьв. Імшы ў Чыклаё.

 

Ніводзін ахрышчаны ня можа заставацца абыякавым да евангелізацыі, бо яна зьяўляецца асноўнай місіяй Царквы, яе найглыбейшым пакліканьнем і сэнсам існаваньня, – падкрэсьліў Сьвяты Айцец.

 

Леў XIV прызнаў, што перад абавязкам абвяшчаць Хрыста вернікі часта адчуваюць сябе недастаткова падрыхтаванымі. Сапраўды, якім чынам вучні-місіянеры XXI стагоддзя могуць сёньня сьведчыць пра Ісуса і ажыцьцяўляць евангелізацыю ў сям’і, парафіяльнай або дыяцэзіяльнай супольнасьці?

 

На думку Папы, адказ заключаецца ў сьведчаньні сапраўднага і пасьлядоўнага хрысьціянскага жыцьця. Неабходна паставіць Хрыста ў цэнтар абвяшчэньня і ўласнага існаваньня. Пасьлядоўнасьць жыцьця, аднак, ня варта разглядаць толькі як вынік чалавечай волі: гэта таксама ласка, аб якой трэба прасіць Госпада. Толькі Хрыстос здольны перамяніць нашае жыцьцё, каб мы з новым запалам абвяшчалі і перадавалі веру.

 

Евангелізацыя пачынаецца з асабістай сустрэчы з Хрыстом, падкрэсьліў Сьвяты Айцец. Евангелізацыя – гэта не навязваньне дактрынаў і не спадзяваньне на эфектыўнасьць царкоўных структураў, а сьведчаньне рэальнай сустрэчы з Хрыстом.

 

На думку Папы, перадачы веры можа дапамагчы аднаўленьне практыкі супольнай малітвы, асабліва ў сем’ях. Хрысьціянскія сем’і, як малыя хатнія Цэрквы, дапамагаюць сваім членам актыўна ўдзельнічаць у жыцьці мясцовых супольнасьцяў, паўсюднай Царквы і ўсяго грамадзтва.

 

У некаторых рэгіёнах сьвету працэс перадачы веры амаль цалкам перапыніўся. Каб супрацьстаяць новым выклікам – рэлігійнай абыякавасьці, матэрыялізму і эгаізму – важна захоўваць гармонію паміж сэрцам, поўным любові да Бога і бліжняга, і розумам, укаранёным у праўдзе Евангельля, – адзначыў Леў XIV.

 

Любоў жа неаддзельная ад праўды. Праўда – гэта не тэорыя, абстрактная ідэя або ўтопія, а асоба – Ісус Хрыстос, які запрашае нас будаваць сваё жыцьцё па Ягоным прыкладзе, у паслухмянасьці Ягоным запаведзям, – заўважыў Папа.

 

Паводле Vatican News


Вярнуцца назад