Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Папа пра ролю рэлігій: быць на службе годнасці, свабоды і надзеі

Папа пра ролю рэлігій: быць на службе годнасці, свабоды і надзеі


10.11.2026.
Папа пра ролю рэлігій: быць на службе годнасці, свабоды і надзеіПадчас сустрэчы з рэлігійнымі лідарамі Леў XIV заклікаў да міжрэлігійнага дыялогу, супольнай абароны чалавечага жыцця і годнасці, а таксама да супрацоўніцтва дзеля міру.

 

9 лістапада 2026 года, у рамках апостальскага падарожжа ў Аргенціну, Леў XIV сустрэўся з кіраўнікамі хрысціянскіх супольнасцей і прадстаўнікамі розных рэлігійных традыцый. Сустрэча прайшла ў Палацы Сан-Марцін у Буэнас-Айрэсе. У сваім звароце ён нагадаў, што дыялог і сяброўства, якія былі важнымі для Папы Францішка, неабходна ўмацоўваць, ствараючы новыя шляхі супрацоўніцтва ў грамадстве.

 

Святы Айцец пацвердзіў духоўную сувязь Касцёла з яўрэйскім народам і выказаў павагу да ўсяго святога і праўдзівага, што прысутнічае ў розных рэлігійных традыцыях, спаслаўшыся на вучэнне Другога Ватыканскага Сабора.

 

Гаворачы пра аргенцінскае грамадства, Папа адзначыў, што яго ідэнтычнасць фарміравалася шляхам узаемадзеяння карэнных народаў з шматлікімі хвалямі імігрантаў розных культур і веравызнанняў. Нягледзячы на разнастайнасць, яны навучыліся супрацоўнічаць, ствараць сем’і і супольнасці, будаваць паселішчы. Рэлігіі пры гэтым былі не прычынай падзелу, а прасторай сустрэчы і крыніцай салідарнасці.

 

Леў XIV прапанаваў паглядзець на рэлігіі праз прызму трох аспектаў: чалавечай годнасці, свабоды і надзеі. Ён падкрэсліў, што малітва дапамагае чалавеку лепш разумець сябе і іншых, вучыцца слухаць, пераадольваць рассеянасць увагі, асабліва ў лічбавую эпоху.

 

Рэлігіі – захавальніцы чалавечай годнасці

 

Паводле Пантыфіка, кожная рэлігія сведчыць пра тое, што чалавек прагне жыцця, праўды, дабра і справядлівасці. Рэлігіі нагадваюць, што чалавечае існаванне не абмяжоўваецца матэрыяльным: у ім закладзены глыбокі сэнс і імкненне да паўнаты жыцця.

 

Леў XIV заклікаў абараняць чалавечае жыццё на ўсіх яго этапах — ад зачацця да натуральнай смерці, асабліва калі яно знаходзіцца пад пагрозай беднасці і насілля. Ён падкрэсліў, што малітва павінна выяўляцца ў канкрэтным клопаце пра бліжніх, а рэлігійныя супольнасці пакліканы падтрымліваць годнасць кожнага чалавека ў сям’і, адукацыі, працы і адносінах да навакольнага асяроддзя.

 

Рэлігіі – шлях да свабоды

 

Другім важным аспектам Папа назваў свабоду. Звяртаючыся да Бога, чалавек прызнае, што сам не з’яўляецца Богам і не мае права лічыць сябе гаспадаром іншых людзей або ўсяго стварэння.

 

Леў XIV перасцярог ад трох ідалаў: панавання над іншымі, марнай славы і вайны. Рэчы, якімі мы валодаем, не робяць нас Богам, сапраўдным уладаром гісторыі з’яўляецца толькі Ён. “Сапраўднае імя Яго моцы – любоў, любоў, якая не ведае канца”, - адзначыў Пантыфік.

 

Ён заклікаў вернікаў не толькі дзякаваць Богу за дар Збаўлення, але і самім станавіцца знакам гэтага дару для свету. Рэлігіі, захоўваючы мудрасць народаў, павінны будаваць грамадства, выхоўваць сумленне і вызваляць чалавека ад ідалаў, - падкрэсліў Папа.

 

Рэлігіі – крыніца надзеі

 

Трэці аспект – надзея, якая адкрывае чалавека на будучыню. Папа назваў рэлігіі сувяззю паміж пакаленнямі, шматвяковай памяццю, прароцтвам, чаканнем і абяцаннем. Вера дапамагае пераадольваць страх перад смерцю і вяртае надзею чалавеку, грамадству і ўсяму свету.


Пантыфік звярнуў увагу на тое, што слова “рэлігія” звязана з лацінскім “religare”, што азначае злучаць, звязваць людзей паміж сабой. Таму вернікі павінны дзяліцца надзеяй з тымі, хто пакутуе ад беднасці, страціў сэнс жыцця або імкнецца змяніць свет да лепшага.

 

“Становячыся малітвай і абвяшчэннем, наша мова ператвараецца ў красамоўную любоў, якая натхняе кожнае дзеянне”, - сказаў Леў XIV.

 

Супольнае служэнне чалавецтву

 

Папа падкрэсліў, што супольнае служэнне чалавецтву заключаецца ў будаўніцтве лепшай будучыні для ўсіх. Ён нагадаў словы святога Яна Паўла II, які ў 2002 годзе падчас сустрэчы з прадстаўнікамі розных рэлігій у Асізі заклікаў паказаць свету, што шчырая малітва вядзе не да супрацьстаяння і пагарды да іншых, а да канструктыўнага дыялогу. Пры гэтым кожная рэлігійная супольнасць павінна захоўваць вернасць уласнаму сведчанню веры.

 

Леў XIV прапанаваў прысутным малітву Папы Францішка з энцыклікі “Fratelli tutti”, у якой гучыць заклік да братэрства, дыялогу, справядлівасці і міру, а таксама да стварэння грамадства без голаду, беднасці, насілля і войнаў.

 

Пантыфік завяршыў сустрэчу просьбай да Бога благаславіць імкненне людзей служыць чалавецтву і натхніць іх на працу дзеля міру, які споўніцца ў святым імені Бога.

 

Папа пра ролю рэлігій: быць на службе годнасці, свабоды і надзеіПапа пра ролю рэлігій: быць на службе годнасці, свабоды і надзеі

 

Марыя Валодзіна – Vatican News


Вярнуцца назад