Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Леў XIV: быць сведкамі Хрыста ў секулярызаваным грамадстве
Леў XIV: быць сведкамі Хрыста ў секулярызаваным грамадстве8.11.2026. |
|
7 лістапада 2026 года пасля сустрэчы з прадстаўнікамі сферы адукацыі ў Каталіцкім універсітэце Уругвая Святы Айцец накіраваўся на сталічны стадыён "Сентэнарыа" (“Стагоддзе”), пабудаваны для правядзення першага чэмпіянату свету па футболе ў 1930 годзе.
Падчас чуванння прагучалі сведчанні маладой катэхеткі Федэрыкі, новахрышчанага юнака Джавані і каталіцкай сям'і Гуцьерэс Эрнандэс. Леў XIV падзякаваў ім за шчырасць і адзначыў, што за кароткімі сведчаннямі стаяць гады вернасці Евангеллю, перадачы веры ў сем'ях, служэння святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў. Ён падзякаваў усім, хто нясе прысутнасць Езуса ў жыццё людзей.
Разважаючы пра сучаснасць, Пантыфік звярнуў увагу на пашырэнне секулярызацыі і рэлігійнай абыякавасці. У многіх грамадствах вера ўжо не перадаецца ад пакалення да пакалення так натуральна, як раней, усё больш людзей жыве без звыклых адносін з Касцёлам. Досвед уругвайскіх хрысціян, якія вучацца жыць і сведчыць пра веру ў такіх умовах, можа стаць падтрымкай для каталіцкіх супольнасцей у іншых частках свету, -заўважыў Леў XIV.
Папа нагадаў пра Бэтлеем – невялікае мястэчка, якое Бог выбраў месцам нараджэння свайго Сына. Нягледзячы на сціплыя памеры і адсутнасць палітычнага ўплыву, Бэтлеем стаў месцам вялікай Божай падзеі. “Калі нас мала, калі нашы сілы змяншаюцца або мы заўважаем, што наша грамадская прысутнасць ужо не тая, што раней, існуе рызыка пачаць ацэньваць свой стан выключна чалавечымі крытэрыямі”, - адзначыў ён, падкрэсліўшы, што малалікасць не азначае нязначнасці, бо Бог дзейнічае і ў драбніцах.
Пантыфік нагадаў пра тое, што для Марыі і Юзафа не знайшлося месца ў заездзе (Лк 2, 7). У сучаснай рэчаіснасці жыццё чалавека таксама напаўняецца справамі, планамі, адносінамі і заняткамі, якія адцягваюць увагу ад Бога настолькі, што Яго адсутнасць перастае ўспрымацца як праблема. Таму ўсе павінны задаць сабе пытанне: ці ёсць у нашым жыцці месца для Хрыста? Ці знаходзім мы час на малітву, Імшу, споведзь і разважанне над Евангеллем?
Звяртаючыся да моладзі, Леў XIV заклікаў яе адважна выбіраць сужэнства і ствараць сем'і. Сужонкаў ён заахвоціў быць адкрытымі на жыццё, нават калі свет кажа ім, што дзіця – гэта цяжар, а тых, хто адчувае пакліканне да святарства або кансэкраванага жыцця, – не заглушаць Божы голас з-за страху страціць іншыя магчымасці. Папа таксама заклікаў вернікаў захоўваць сумленнасць, прабачаць, ахвяраваць свой час, грошы, камфорт і планы дзеля служэння іншым.
“Каб ярка свяціць, не трэба быць шматлікімі, дастаткова адлюстроўваць святло Пана”, –падкрэсліў Святы Айцец, нагадваючы пра мудрацоў, якія, убачыўшы зорку, адправіліся ў Бэтлеем. Жыццё хрысціяніна павінна быць знакам, які абуджае ў іншых жаданне шукаць Бога, - заўважыў Папа.
Пантыфік таксама нагадаў пра пастухоў, якім анёл абвясціў нараджэнне Збаўцы: “Я абвяшчаю вам вялікую радасць”. Гэтыя словы сталі дэвізам яго візіту ва Уругвай. Ён падкрэсліў, што Касцёл павінен быць носьбітам Добрай Навіны, якую неабходна абвяшчаць усяму свету. Менавіта ў Хрысце чалавек знаходзіць прабачэнне грахоў і надзею, якая мацнейшая за смерць, нянавісць, насілле, вайну і грэх.
Завяршаючы разважанне, Папа заклікаў вернікаў не задавольвацца проста правільным ладам жыцця або звыклай верай, але імкнуцца да святасці і цалкам прысвячаць сябе Хрысту. Ён нагадаў, што сустрэча з Богам павінна змяняць штодзённае жыццё чалавека, яго адносіны, рашэнні і спосаб служэння іншым.
Леў XIV заахвоціў уругвайцаў шукаць Хрыста ў Эўхарыстыі, у адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, ля табернакулюма. Ён таксама даверыў краіну апецы Маці Божай Трыццаці Трох, апякункі Уругвая, просячы Яе дапамагчы вернікам распазнаваць голас Сына і з вернасцю адказваць на Яго пакліканне.
Марыя Валодзіна - Vatican News Вярнуцца назад |