Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Пантыфік: Мельхіцкая Царква паклікана быць сведкай еднасці і міру

Пантыфік: Мельхіцкая Царква паклікана быць сведкай еднасці і міру


Учора, 15:31.
Пантыфік: Мельхіцкая Царква паклікана быць сведкай еднасці і міруПапа заклікаў мельхіцкіх біскупаў захоўваць касцёльнае адзінства і сведчыць пра мір у рэгіёне, які пакутуе ад войнаў, рэлігійнага экстрэмізму і эканамічнага крызісу. Ён таксама паведаміў пра стыпендыі для атрымання каталіцкай адукацыі ў Сірыі, Ліване і Іраку.

 

10 кастрычніка 2026 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане біскупаў Грэка-мельхіцкай Царквы Антыёхіі, якія сабраліся ў Рыме на Сінод. Вітаючы гасцей, ён перадаў цёплае прывітанне святарам, манахам і манахіням, семінарыстам і ўсім вернікам Мельхіцкай Царквы як на радзіме, так і ў дыяспары па ўсім свеце.

 

Вера выяўляецца ў любові да бліжняга

 

Леў XIV нагадаў, што менавіта ў Антыёхіі вучняў Хрыста ўпершыню назвалі хрысціянамі. Першыя хрысціяне адрозніваліся ад іншых людзей ладам жыцця, напоўненым любоўю. Сёння хрысціяне таксама сведчаць пра прысутнасць Бога канкрэтнымі ўчынкамі міласэрнасці: дзеляцца ежай з галоднымі, даюць адукацыю, аказваюць медыцынскую дапамогу, падтрымліваюць тых, хто пакутуе.

 

Папа звярнуў увагу на цяжкае становішча вернікаў Мельхіцкай Царквы, якія жывуць на землях, дзе людзі сутыкаюцца з войнамі, нестабільнасцю, рэлігійным экстрэмізмам і эканамічным крызісам. “Я з вамі. Увесь Каталіцкі Касцёл з вамі”, - запэўніў Пантыфік, нагадаўшы словы апостала Паўла аб тым, што “калi церпiць адзін член, церпяць з ім усе члены” (пар. 1 Кар 12, 26).

“Якое вялікае пакліканне мае ваша Царква: быць сведкай прымірэння і міру на землях, спустошаных канфліктамі. Вы – насенне еднасці ў краю, пазначаным гвалтам”, - падкрэсліў Папа.

 

Біскупы – захавальнікі касцёльнай еднасці

 

Святы Айцец адзначыў, што часам чалавечая схільнасць да канфліктаў можа праяўляцца і ўнутры Касцёла. Не выпадкова ў візантыйскай традыцыі перад тым, як цэлебраваць Боскую літургію, святар і дыякан павінны прымірыцца і паяднацца з усімі, не захоўваць крыўды і не трымаць у сэрцы зла. Такое паяднанне з’яўляецца ахвярай у Хрысце і з Хрыстом, - нагадаў Папа.

Леў XIV назваў удзельнікаў Сінода захавальнікамі еднасці і нагадаў пра вялікую адказнасць, якая ляжыць на біскупах і пра якую ён казаў у апостальскім лісце ў форме “motu proprio”, “Mutuа Concordia”. Яны пакліканы ўмацоўваць еднасць з дапамогай біскупскай калегіяльнасці і сцерагчыся спакусы шукаць улады замест служэння, выгады замест празрыстасці і сумленнасці, асабістага поспеху замест душпастырскага клопату. “Святы Дух заахвочвае нас імкнуцца да еднасці і маліцца аб адзінстве, якое дапаможа ўсім людзям убачыць, што Хрыстус прысутнічае сярод нас”, - сказаў Пантыфік. Ён падкрэсліў, што найбольш пераканаўчае сведчанне веры духавенства дае тады, калі выбірае любоў нават у хвіліны страху, гневу або пакут.

 

Стыпендыі для хрысціян Блізкага Усходу

 

Леў XIV заклікаў біскупаў працягваць выхоўваць моладзь і заахвочваць вернікаў захоўваць свае хрысціянскія традыцыі. Ён паведаміў, што, дзякуючы шчодрасці многіх ахвярадаўцаў, Апостальская Сталіца заснавала стыпендыі для вернікаў у Сірыі, Ліване і Іраку. Мэта гэтай дапамогі – падтрымаць моладзь і дапамагчы хрысціянскім сем’ям застацца на Блізкім Усходзе, захоўваючы там хрысціянскую прысутнасць.

 

Напрыканцы сустрэчы Пантыфік даверыў Сінод Біскупаў Мельхіцкай Царквы заступніцтву Багародзіцы і памаліўся аб тым, каб Святы Дух прасвятляў і накіроўваў іерархаў у іх рашэннях.



Вярнуцца назад