Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > 15 верасьня – успамін Бабровіцкай трагедыі

15 верасьня – успамін Бабровіцкай трагедыі


Учора, 23:13.

15 верасьня – успамін Бабровіцкай трагедыіБабровіцкая трагедыя пачалася 15 верасьня 1942 году падчас нацысцкай карнай аперацыі «Балотная ліхарадка», калі нямецкія карнікі спалілі вёскі Бабровічы, Вяда, Тупічыцы і Красьніца (Івацэвіцкі раён Берасьцейскай вобласьці) і зьнішчылі амаль усіх жыхароў. У міжваенны перыяд старажытная вёска Бабровічы і суседнія вёскі Вяда, Тупічыцы, Красьніца з навакольнымі хутарамі складалі Бабровіцкую ўніяцкую парафію. Яна была адным з асяродкаў адраджэньня Уніі на Палесьсі.

 

Доўгі час душпастырам у Бабровічах быў вядомы беларускі рэлігійны і культурны дзеяч, уніяцкі сьвятар Баляслаў Пачопка. Ён шмат зрабіў для мясцовых жыхароў разам з сваёй жонкай Марцыянай, уласнымі рукамі пабудаваў у Бабровічах новую царкву, але памёр яшчэ да гэтых страшных падзей – 26 сьнежня 1940 году (пахаваны ў суседніх Целяханах).

 

Большасьць загінулых жыхароў спаленых вёсак былі менавіта парафіянамі гэтай грэка-каталіцкай парафіі, якая ўваходзіла ў склад Беларускага экзархату Грэка-Каталіцкай Царквы, які быў утвораны восеньню 1939 году. Агульная колькасьць ахвяраў у чатырох вёсках Бабровіцкай уніяцкай парафіі склала 1280 чалавек. Пасьля вайны з чатырох вёсак адрадзіліся толькі Бабровічы. Згарэла ў агні вайны і царква сьв. Параскевы Пятніцы, збудаваная а. Баляславам Пачопкам. Ад яе застаўся адно металёвы напрастольны крыж, які на папялішчы знайшоў адзін з уніятаў і доўгі час захоўваў яго ў сваёй хаце як каштоўную рэліквію. 

 

У канцы 1990-х – пач. 2000-х былыя ўніяты і іх нашчадкі спрабавалі адрадзіць у Бабровічах грэка-каталіцкую парафію, да іх перыядычна прыязджаў сьвятар і нават падаваліся дакументы на рэгістрацыю. Беларускія грэка-католікі штогод ушаноўваюць памяць ахвяр Бабровіцкай трагедыі, адведваюць гэтыя мясьціны ў дні памяці ці падчас пілігрымкі да Маці Божай Лагішынскай і наведваюць магілу душпастыра бабровіцкіх уніятаў айца Баляслава Пачопкі ў Целяханах. Пакуль жылі цудам ацалелыя жыхары Бабровіч, грэка-католікі заўсёды сустракаліся з імі, каб пачуць жывых сьведкаў той трагедыі і разам памаліцца за яе ахвяраў на бабровіцкіх могілках ля памятнага крыжа, устаноўленага побач з месцам, дзе былі пахаваныя парэшткі спаленых увосень 1942 году жыхароў уніяцкай парафіі.

 

Пра трагедыю ў Бабровічах можна прачытаць у дакументальнай кнізе-памяці «Я з вогненнай вёскі» Алеся Адамовіча, Уладзімера Калесьніка і Янкі Брыля. Распачынаецца яна якраз з успаміну Барбаркі – ацалелай жыхаркі з Бабровічаў.

 

Паводле тэлеграм-канала "Грэка-католікі Беларусі"


Вярнуцца назад