Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > "Gaudium et spes": Папа пра розум, сумленне і свабоду чалавека

"Gaudium et spes": Папа пра розум, сумленне і свабоду чалавека


Сёньня, 11:54.
"Gaudium et spes": Папа пра розум, сумленне і свабоду чалавекаПадчас агульнай аўдыенцыі 9 верасня 2026 года Леў XIV працягнуў разважанні, натхнёныя дакументам "Gaudium et spes", засяродзіўшыся на годнасці чалавечай асобы.

 

9 верасня 2026 года падчас агульнай аўдыенцыі на Плошчы Святога Пятра Папа працягнуў цыкл разважанняў пра пастырскую канстытуцыю Другога Ватыканскага Сабора "Gaudium et spes", якая паглыбляе тэму адносін Касцёла з сучасным светам. Ён нагадаў, што годнасць чалавечай асобы з'яўляецца асновай многіх каштоўнасцей, якія сёння высока цэняцца, але яны не павінны страчваць сувязі з "іх боскай крыніцай".

 

Леў XIV падкрэсліў, што чалавечая годнасць вынікае з самой сутнасці асобы. Ён працытаваў сваю энцыкліку "Magnifica humanitas": "Кожная асоба задумана і пажадана Богам, каб увайсці ў гісторыю еднасці з Ім, з іншымі і з стварэннем". Паводле Папы, годнасць не залежыць ад здольнасцей чалавека, яго багацця, становішча або правільных ці памылковых выбараў – гэта дар, дадзены Богам.

 

У веры, адзначыў Святы Айцец, адкрываецца канчатковы падмурак годнасці чалавека, бо Сын Божы, "адкрываючы таямніцу Айца і Яго любові, таксама цалкам адкрывае чалавека самому сабе і паказвае яму яго найвышэйшае пакліканне". Асоба заўсёды азначае адносіны, еднасць і ўдзел у жыцці Бога і іншых людзей. Таму яна закліканая прымаць сябе як дар для іншых, узрастаючы ва ўзаемнасці і служэнні.


"Gaudium et spes" падкрэслівае, што чалавечая годнасць датычыць асобы ва ўсёй яе цэласнасці. Таму чалавек – гэта не толькі душа і не толькі цела, але іх "адзінства". Леў XIV нагадаў, што нельга пагарджаць цялесным жыццём чалавека, бо цела створанае Богам і прызначанае да ўваскрасення. Разам з тым чалавек павінен пільнаваць, каб яно не стала "рабом разбэшчаных схільнасцей сэрца", бо ўсе людзі параненыя грахом.

 

Папа вылучыў тры важныя праявы годнасці асобы: розум, сумленне і свабоду. Розум робіць чалавека нястомным шукальнікам праўды, сумленне дазваляе надаваць жыццю адзінства і сэнс, а свабода робіць яго адказным за ўласныя рашэнні. Гэтыя вымярэнні "цесна звязаныя паміж сабой": менавіта ў сумленні чалавек прызнае праўду, а свабода адкрывае яе як свой падмурак і магчымасць.

 

Гэтую здольнасць чалавека Леў XIV таксама разглядае ў кантэксце дзеяння Духа Святога: "Дух Святы, які дае жыццё ў Хрысце, робіць нас свабоднымі і пастаянна запэўнівае нас у нашай годнасці дзяцей Божых", – сказаў Папа. Дух Святы вызваляе чалавека ад страху і вядзе яго да паўнаты жыцця пасля смерці, якую Хрыстус паабяцаў чалавеку. Толькі ў Хрысце чалавек можа зразумець сэнс болю і смерці і разам з Ім ісці насустрач уваскрасенню.

 

Завяршаючы катэхезу, Папа заклікаў вернікаў, створаных на вобраз Божы, "заўсёды спрыяць і абараняць" унікальную і непарушную годнасць чалавека святлом і сілай Евангелля.

 

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News


Вярнуцца назад