Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > 8 верасня - свята Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы

8 верасня - свята Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы


Сёньня, 13:04.

8 верасня - свята Нараджэння Найсвяцейшай БагародзіцыЗвесткі пра Нараджэнне Багародзіцы Царква чэрпае з апакрыфічнага Евангелля Якуба, напісанага ў 2 стагоддзі. З гэтага апокрыфу мы даведваемся, што бацькі Багародзіцы – Якім і Ганна, доўгі час былі бяздзетнымі, што лічылася ганьбай у народзе. Бо паводле перакананняў кожны праведны чалавек мусіў даць патомства Ізраілю. Праз гэта Якім, нягледзячы на ўсе свае багацці, быў у знявазе перад народам і не мог першым прынесці дары Богу.

 

У пошуках адказу ад Бога Якім ідзе посціць на сорак дзён і начэй у пустыню, у той жа час і Ганна моліцца дома пра дараванне дзіцяці, якое яна пасвяціць Госпаду. Бог адказвае на малітву Ганны і Якіма і праз анёла паведамляе, што яны зачнуць дзіця, якое будзе праслаўленае сярод усіх народаў. Якім з вялікай радасцю вяртаецца дадому, раздаючы народу і святарам шматлікія дары, а праз дзевяць месяцаў Ганна нараджае дзяўчынку, якой дае імя Марыя.

 

Першыя згадкі пра святкаванне Нараджэння Багародзіцы маем з 6 стагоддзя. Узнікла гэтае свята, як выглядае, у Ерусаліме, дзе тады быў узведзены храм у гонар Нараджэння Божай Маці. Паводле падання гэты храм паўстаў на тым самым месцы, дзе знаходзіўся дом бацькоў Марыі – Якіма і Ганны. Магчыма, што асвячэнне храма было 8 верасня, а таму гэта дата і стала днём святкавання Нараджэння Багародзіцы. З таго ж стагоддзя, але ўжо з Канстанцінопаля, дайшла да нас першая паэма, напісаная на гэтае свята – Кандак Рамана Саладкаспеўца.

 

Сёння паўсюдна ў цэрквах візантыйскай традыцыі Нараджэнне Багародзіцы з'яўляецца адным з найбольшых святаў літургічнага года. Богаслужбовыя тэксты свята ўслаўляюць Нараджэнне Багародзіцы ў кантэксце цэлай Гісторыі Збаўлення. Калі Ева, якая з'яўляецца маці ўсіх людзей, нараджала дзяцей да смерці, то з бясплоднай Ганны выходзіць тая, што нараджае Жыццё і ўводзіць у яго прамаці Еву. Гэтым «Жыццём Непарушным» з'яўляецца Ісус Хрыстос, Які не зазнаў у смерці тлення і вызваліў памерлых з пекла. Марыя паўстае як «Мост Жыцця», праз які «людзі атрымалі ратунак ад пекла, куды яны ўпалі».

 


Вярнуцца назад