Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Ватыкан: філосафы і навукоўцы шукаюць мяжу паміж чалавекам і ШІ
Ватыкан: філосафы і навукоўцы шукаюць мяжу паміж чалавекам і ШІ3.09.2026. |
|
Сустрэча праходзіць у рамках міжнароднай канферэнцыі “Творчасць: розум і машыны”, якую арганізаваў Міжнародны цэнтр даследаванняў свядомасці (International Center for Consciousness Studies). Канферэнцыя, якая праходзіць у Рыме з 1 па 3 верасня, прысвечана міждысцыплінарнаму вывучэнню свядомасці і пытанням, якія ўзнікаюць у сувязі з развіццём штучнага інтэлекту.
ШІ ўсталёўвае з намі стасункі
Адной з цэнтральных тэм сустрэчы сталі AI companions – віртуальныя кампаньёны на аснове штучнага інтэлекту, прызначаныя не толькі для адказаў на запыты, але і для працяглага ўзаемадзеяння з чалавекам. Яны памятаюць папярэднія размовы з карыстальнікам, адаптуюць свае адказы і могуць з часам будаваць усё больш персаналізаваныя адносіны.
Сузаснавальнік Міжнароднага цэнтра даследаванняў свядомасці, філосаф і прадпрымальнік Дзмітрый Волкаў ставіць у сувязі з гэтым пытанне: ці можа існаваць штучны інтэлект, які быў бы варты чалавечай любові? Гаворка не пра тое, ці здольная машына выдаць сябе за чалавека, а пра тое, ці можа чалавек усталяваць з такім суразмоўцам значную эмацыйную сувязь, нават ведаючы, што перад ім машына.
Пытанне набывае асаблівую актуальнасць на фоне праблемы адзіноты. Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, прыкладна кожны шосты чалавек у свеце адчувае адзіноту, а сярод падлеткаў гэты паказчык складае каля 21 працэнта. Калі віртуальны кампаньён здольны слухаць, памятаць і суправаджаць чалавека, ці можа ён дапамагчы ў барацьбе з ізаляцыяй? Або ён рызыкуе паступова выцесніць чалавечыя стасункі?
Адначасова штучны інтэлект усё шырэй выкарыстоўваецца ў эканоміцы. Паводле Італьянскага нацыянальнага інстытута статыстыкі (Istat), у 2025 годзе тэхналогіі штучнага інтэлекту выкарыстоўвалі 16,4 працэнта італьянскіх прадпрыемстваў з штатам не менш за дзесяць чалавек. Годам раней гэты паказчык складаў 8,2 працэнта.
Парадокс ШІ, які заўсёды з намі пагаджаецца
Удзельнікі канферэнцыі таксама разглядаюць рызыкі, звязаныя ліслівасцю сістэм штучнага інтэлекту – схільнасцю пагаджацца з суразмоўцам і фармуляваць адказы такім чынам, каб яны адпавядалі яго чаканням. У выпадку з віртуальнымі кампаньёнамі гэта можа прыводзіць да стварэння своеасаблівай “алгарытмічнай бурбалкі”, у якой перакананні і слабасці чалавека не падвяргаюцца сумневу, а, наадварот, падмацоўваюцца. Адсюль вынікае парадокс: каб нагадваць жывыя і шчырыя стасункі, ШІ, магчыма, мусіць навучыцца казаць нам “не”.
Калі твор стварае машына, хто яго аўтар?
Яшчэ адной тэмай канферэнцыі стала творчасць. Сучасныя сістэмы ШІ здольныя за лічаныя секунды ствараць тэксты, выявы, музыку і відэа, што ставіць шмат пытанняў пра сутнасць творчасці і аўтарства. Ці азначае стварэнне чагосьці новага сапраўдную здольнасць да творчасці? Асобная праблема ўзнікае ў выпадках, калі творы ствараюцца ў выніку супрацоўніцтва чалавека і ШІ: каму ў такім выпадку належыць аўтарства?
Паводле італьянскага інстытута статыстыкі, у сферы кінавытворчасці, вытворчасці відэа і тэлевізійных праграм, а таксама гуказапісу і музычнай дзейнасці штучны інтэлект выкарыстоўваюць 49,5 працэнтаў прадпрыемстваў.
Праграма канферэнцыі ахоплівае таксама пытанні сінтэтычнай творчасці (synthetic creativity), штучнай мудрасці (artificial wisdom), самастойнасці (agency), асабістай ідэнтычнасці і свядомасці. Дыскусіі адбываюцца на стыку філасофіі, нейранавукі, кагнітывістыкі і даследаванняў штучнага інтэлекту.
Канферэнцыя завершыцца 3 верасня 2026 года ў Зале пратаматэкі на рымскім Капітоліі, дзе брытанскі псіхолаг і адзін з найбольш аўтарытэтных даследчыкаў свядомасці Нікалас Хамфры выступіць з лекцыяй “Свядомасць і душа: рэальнасць ілюзіі”.
Канферэнцыя “Творчасць: розум і машыны” праводзіцца ў супрацоўніцтве з Універсітэтам Roma Tre, Папскім Грыгарыянскім універсітэтам, муніцыпалітэтам Рыма, кафедрай ЮНЕСКА па этыцы штучнага інтэлекту і практычнай мудрасці, Таварыствам этыкі і палітыкі штучнага інтэлекту (SEPAI) і праектам EVA AI.
Марыя Валодзіна - Vatican News Вярнуцца назад |